Народныя дэпутаты праводзяць кампанію за добраўпарадкаванне двароў у Мастах

24 мая 2012 10:09  |  Рада Народных Дэпутатаў

Народны дэпутат Зміцер Кухлей накіраваў камунальшчыкам калектыўны зварот грамадзян з просьбай зрабіць рамонт дарог на прыдамавых тэрыторыях па вуліцах Цэткін і Будаўнікоў у Мастах. Пад зваротам падпісалася болей за сорак жыхароў шматпавярховых дамоў, якія ўжо неаднаразова спрабуюць адстаяць свае інтарэсы ў кабінетах мясцовых чыноўнікаў.

Народныя дэпутаты ад БХД Зміцер Кухлей і Зміцер Краснапеўцаў на працягу ўжо двух гадоў аказваюць дапамогу жыхарам вуліц Цэткін і Будаўнікоў.

 

Падчас выбарчай кампаніі 2010 года Зміцер Краснапеўцаў, які балатаваўся ад хрысціянскіх дэмакратаў па Цэткінскай выбарчай акрузе, сабраў некалькі дзясяткаў подпісаў пад зваротам да камунальшчыкаў з просьбай зрабіць рамонт дарогаў і двароў па вуліцах Цэткін і Будаўнікоў. Нягледзячы на тое, што патрапіць у мясцовы савет у З. Краснапеўцава не атрымалася, пасля выбараў ён працягнуў адстойваць інтарэсы сваіх выбаршчыкаў у рамках кампаніі БХД «Рада народных дэпутатаў».

 

З. Краснапеўцаў і яго выбаршчыкі неаднаразова скіроўвалі вусныя і пісьмовыя звароты да мясцовых чыноўнікаў у 2010-2012 гадах. Камунальшчыкі абяцалі зрабіць рамонт ў 2011 – 2012 годзе, аднак тэрміны капітальнага рамонту ўвесь час пераносіліся. Згодна з апошнім адказам мастоўскіх камунальшчыкаў, які быў атрыманы ў красавіку гэтага года, капітальны рамонт добраўпарадкавання дваровай тэрыторыі жылых дамоў №10,12,14 па вул. Будаўнікоў і № 5,7,9 па вул. Цэткін праводзіцца не будуць у сувязі з адсутнасцю бюджэтнага фінансавання. Аднак камунальшчыкі абяцаюць пры складанні планаў добраўпарадкавання дваровых тэрыторыі на 2013 год вул. Будаўнікоў і Цэткін у першую чаргу разглядзець магчымасць уключэння ў тытульны спіс вышэйазначаных вуліц.

 

Зміцер Кухлей: «Мы разумеем, што бюджэтныя сродкі абмежаваныя. Аднак яны абмежаваны ва ўсіх, нават заможных, краінах, таму і існуе такое паняцце як «бюджэтнае планаванне». На жаль, нашы саветы і чыноўнікі досыць вальготна ставяцца да гэтага працэсу і вельмі часта не абцяжарваюць сябе выкананнем прынятых рашэнняў. Калі б прадстаўнікі БХД былі ў Мастоўскім райсавеце, яны маглі б больш эфектыўна кантраляваць выдаткаванне бюджэтных сродкаў, у тым ліку і тых, што ідуць на добраўпарадкаванне».

Болей навін