Гомель: замест новай паліклінікі – адпіска

17 мая 2013 13:43  |  Рада Народных Дэпутатаў

Гомельскія актывісты аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” атрымалі адказ з упраўлення аховы здароўя Гомельскага аблвыканкаму на калектыўны зварот з просьбай адчыніць новую дзіцячую паліклініку ў мікрараёне Новабеліца.

 

У лісце чыноўнікі паведамляюць, што 11 красавіка яны нібы праводзілі сустрэчу з аўтарамі звароту па гэтым пытанні, на якую ніхто не прыйшоў, а таксама абтэлефаноўвалі некаторых з заяўнікаў. Аднак аўтары звароту кажуць, што ні пра ніякую сустрэчу не чулі, гэтак жа як і пра абтэлефанаванне. “Адказ прыйшоў праз тры тыдні пасля гэтак званай сустрэчы. Нам ніхто пра яе не паведамляў. Хутчэй за ўсё гэта звычайная адпіска і пусканне пылу ў вочы”, – адзначае каардынатар БХД у Гомелі Юры Клімовіч.

 

Чыноўнікі таксама паведамілі, што ў 2013-2015 гадах у Навабеліцы новая паліклініка будавацца не будзе. Яны таксама заявілі, што мяркуецца размяшчэнне часткі паліклінікі ў лекарскім корпусе па вуліцы Жамчужная.

 

Нагадаем, у сакавіку ў гомельскім мікрараёне Новабеліца актывісты Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі ў межах кампаніі Рада Народных Дэпутатаў сабралі больш за 200 подпісаў за адкрыццё ў ім новай дзіцячай паліклінікі, паколькі будынак старой паліклінікі не адпавядае патрэбам мікрараёну, які пашыраецца імклівымі тэмпамі.

Болей навін