Бярозаўскі жыхар, свінаферму якога знішчылі ўлады, змагаецца за справядлівасць
Бярозаўскі жыхар Аляксандр
Аліхвер у межах Рады Народных Дэпутатаў ужо паўгады даводзіць незаконнасць
знішчэння свіней. Усіх жывёл знішчылі ў пяці-кіламетровай зоне ад дзвюх
невялікіх дзяржаўных свінафермаў у пачатку жніўня мінулага году. Мясцовая ўлада
адказвае, што людзі самі пагадзіліся на знішчэнне.
Аляксандр Аліхвер, па якім ў
жніўні 2013 катком прайшлася свіная вайна, задае ўладам пытанне: па якіх
законах былі знішчаны свінні ў 17 вёсках Бярозаўскага раёна, што трапілі ў
5-цікіламетровую зону ад 2 невялікіх дзяржаўных свінафермаў да 29 жніўня 2013
года?
Не атрымаўшы адказу на гэта
пытанне ў райвыканкаме, Аляксандр звярнуўся ў аблвыканкам.
Але аддтуль атрымаў адказ, што
Бярозаўскі райвыканкам усё рабіў па закону.
Аказваецца, што ніхто прымусова
свіней не забіраў. Людзі самі дабравольна пісалі заявы.
Выходзіць, не было пагрозаў з
боку ўладаў у мясцовай газэце “Маяк”, у развешаных па ўсіх вёсках аб’явах, дзе
гразіліся тым, хто не пагодзіцца знішчаць свіней да 15 жніўня, штрафамі,
крымінальным пераследам і “изъятием
свиней совмесно с сотрудниками РОВД без выплаты компенсации”.
На пытанне: чаму прымушалі вяскоўцаў пісаць заявы? Не міргнуўшы вокам
улады заявілі: для разліку сумы кампенсацыі. У той час, калі закон гаворыць,
што асновай для разліку і выплаты кампенсацыі з’яўляецца акт забірання свіней.
І чаму пасля выхаду Пастановы
Саўміна закону ад 29 жніўня 2013 г. №758 , дзе быў дан дазвол на знішчэнне
свіней у 5-кіламетровай зоне ад дзяржаўных свінакомплексаў і свінафермаў,
бярозаўскія ўлады перасталі знішчаць?
Яны адказалі Аліхверу: цяпер
пагрозы афрыканскай чумы няма, знішчай сваіх свіней сам, кампенсацыі не
атрымаеш. Ці не таму, што фактычна ўжо знішчылі свінаферму ў 200 галоў:
адабралі даведку на вядзенне дапаможнай гаспадаркі, падключылі падаткавую,
пракуратуру, Аказалася, што ўсе ранейшыя дазволы райвыканкаму не тое і не так.
Дык пры чым тут Аліхвер? Насамрэч якому трэба было ў ножкі пакланіцца, што
дапамагаў легальна, па згодзе з уладай, выконваць дзяржаўную праграму па
харчаванню. Але для ўлады патрэбна толькі пакора, калі нават гэта дурныя,
шкодныя патрабаванні і дзеянні. А Аліхвер не скарыўся, не дазволіў забіць сваіх
свіней незаконна да 29 жніўня і вяскоўцам даводзіў пра незаконныя дзеянні
ўлады. Да таго ж і кампенсацыю яму трэба было выплаціць не менш 120 000000. А
навошта? Калі можна і без гэтага непаслухмянага гаспадара загнаць у багну.
Пашукай толькі свае памылкі ў паперах, якія раней выдаў гэтаму рупліваму грамадзяніну
і на якія не звярнулі б увагі, калі б не разгарэлася свіная вайна ў раёне. А
так вось, там выраз прапушчаны, не там коска пастаўлена – і абвінавачванне
гатова.
Не раз бярозаўскія ўлады гаварылі
Аляксандру Аліхверу, што ў іх свае
законы, што ён б’ецца аб сцяну галавой, пакаралі штрафам больш мільёна за тое,
што не знішчыў свіней пасля 29 жніўня. Але ён працягвае біцца, каб прабіць
дырку ў сцяне. – Інакш гэта сцяна
можа накрыць нас усіх так, што не будзе месца не толькі нам, але нашым дзецям і
ўнукам, – кажа Аліхвер.
Па словах Аляксандра, у любым
выпадку ён будзе дамагацца справядлівасці, праўды і законнасці. Каб змаглі яго
дзеці жыць у сваёй краіне.
Таму ён паўторна звярнуўся ў
Брэсцкі аблвыканкам, дзе паставіў канкрэтныя пытанні і запатрабаваў на іх такія
ж канкрэтныя адказы.
Тамара Шчапёткіна