Аляксей Цюлькоў: калі я стаў дэпутатам, то пастанавіў, што буду рабіць не “дзеля людзей”, а “разам з людзьмі”

10 лютага 2014 11:28  |  Рада Народных Дэпутатаў

Сябра аргкамітэта
Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, ветэрынар Аляксей Цюлькоў расказаў пра
чатыры гады дэпутацтва ў Асіповіцкім райсавеце.

 

«Наша Ніва»: Вы
задаволеныя тым, што пабылі дэпутатам?

 

Аляксей Цюлькоў:
Які­-ніякі жыццёвы досвед. Шчыра кажучы, не так многа атрымалася зрабіць.
Безумоўна, ёсць і задавальненне, і расчараванне.

 

«НН»: Раскажыце.

 

АЦ: Найбольшая
справа, якую мне ўдалося зрабіць, — гэта абараніць разам з выбарцамі зялёную
зону. Ішла перапланіроўка двароў, і цеплатраса мусіла легчы праз тую тэрыторыю,
дзе мясцовыя жыхары самастойна высаджвалі дрэвы. Яны сталі выступаць супраць, і
мне, як дэпутату, удалося дабіцца таго, што трубы паклалі праз іншае месца,
хоць гэта і было фінансава нявыгадна, бо давялося ўздымаць асфальт. Калі б я
быў адзін, то наўрад ці б у мяне гэта атрымалася зрабіць. Калі я толькі стаў
дэпутатам, то пастанавіў, што буду рабіць усё не «дзеля людзей», а «разам з
людзьмі». Было прыемна і радасна, што тады ўсё ўдалося.

 

«НН»: А
расчараванні?

 

АЦ: Цяжкасцяў
вельмі шмат, але мне неяк не хоча засяроджвацца на іх. У нашых людзей вельмі
вялікае нявер’е ў свае сілы, яны думаюць, што ні на што не здатныя, нічога не
могуць змяніць. Але гэта зусім не так. Усё ў іхніх сілах.

 

«НН»: А як Вам
увогуле атрымалася стаць дэпутатам?

 

АЦ: Бо я жыў у
той акрузе. Выбарцы — гэта мае суседзі. Тыя людзі, праблемы якіх я ведаю, жыву
імі. Фальсіфікаваць вынікі на той акрузе проста не мела сэнсу, бо настолькі
відавочнай была мая падтрымка. Супернікі ж, у тым ліку кандыдат ад улады, былі
не з гэтага раёна. Выбарцы іх менш ведалі. Хаця абсалютна не чакаў, што стану
дэпутатам, хоць і ведаў, што перамагу на гэтым участку.

 

«НН»: Ці вялікі
ўплыў у дэпутатаў мясцовых саветаў?

 

АЦ: Уплыў самога
дэпутата не як чалавека, а як дзяржаўнага дзеяча блізкі да мікраскапічнага, да
арыфметычнай пагрэшнасці. Чаму я ўдзельнічаў? Бо гэта дае магчымасць
кансалідаваць вакол сябе здаровыя сілы, дзейнічаць у рамках прававога поля. На
вялікі жаль, у нашай краіне часта іншай такой магчымасці не здараецца.

 

«НН»: Што б Вы
параілі палітычным партыям і актывістам: удзельнічаць у выбарах ці не?

 

АЦ: У мяне тут
неадназначная пазіцыя. Справа ў тым, што палітычным партыям, мабыць, патрэбна
быць прынцыповымі ў адстойванні сваіх пазіцый і поглядаў. Што тычыцца нізавых
актывістаў, то ўсё залежыць ад іх асабістых амбіцый. Калі адчуваюць, што нешта
могуць змяніць — так, дзеля «галачкі» — не.

 

«НН»: А самі
паўторна балатавацца збіраецеся?

 

АЦ: На жаль, не.
Справа ў тым, што зусім нядаўна я памяняў месца жыхарства. Яшчэ кепска ведаю
новых суседзяў, каб рызыкаваць удзельнічаць у выбарах.

 

Гутарыў Зміцер
Панкавец

Болей навін