Таццяна Севярынец тры гадзіны чакала намесніка старшыні Віцебскага аблвыканкаму (фота)
“Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Таццяны
Севярынец з намеснікам старшыні Віцебскага аблвыканкаму Анатолем Дзівуліным па
пытаннях будаўніцтва смеццепрацоўчага камбінату.
Каб патрапіць на яе, трэба было спачатку
звярнуцца пісьмова, атрымаць адказ і толькі тады прасіцца на сустрэчу. Перамовы
пачаліся з аблвыканкамам за два тыдні да вызначанага тэрміну. За два дні да
таго трэба было ўдакладніць час. Тым не менш, чакаць чыноўніка давялося больш
за тры гадзіны. І гэта пры тым, што прыём ажыццяўляецца ім раз на месяц у
трэццюю сераду месяца – як раз 18 чэрвеня.
Дадзім слова самой Таццяне Севярынец:
“Дык
хто для каго: улада для народу ці народ для ўлады? У мяне ў адказ быў першы
варыянт, бясспрэчна. Ну-ну… Так я думала да 18 чэрвеня, пакуль з рознымі
ўмовамі не запісалася нарэшце на прыём да намесніка старшыні Віцебскага
аблвыканкаму Анатоля Уладзіміравіча Дзівуліна. Да таго за два тыдні сакратарка
доўгі час дапытвалася пра пытанні, з якімі я маю намер звярнуцца, звярала,
колькі і калі я пісала зваротаў, пазней прызначыла час. З якой нагоды? Ды ўсё
з-за смеццеперапрацоўчага камбінату, будаўніцтва якога было запланавана
аблвыканкамам яшчэ на 2011 год. А па сваіх службовых абавязках менавіта гэты
чыноўнік адказвае за пабудову вельмі карыснага і неабходнага аб’екта. І звароты
яму пісала, і праблему вывучала, і на палігон ездзіла, і на месца запланаванай
новабудоўлі. І подпісы збіраліся (945) з наступнай перадачай у Камітэт дзяржкантролю.
У адказ адно: грошай няма, кудысьці знік інвестар “ВітЭкаЭнэрга”, прадстаўнік
ЗАТ “Российская трансконтинентальная корпорация”, але ў Генеральным плане
камбінат існуе. Незадаволеная адказамі, склала пытанні, уранні 18 чэрвеня,
прадумаўшы дрэс-код, намаляваўшы вусны, прыхапіла з сабой сведкай Алену Шабуню
і прыйшла ў прыёмную аблвыканкаму, 105 кабінет, а 9-й раніцы, дзе мне загадзя і
была прызначана сустрэча. Перад гэтым трэба было прайсці ахову, праверку
дакументаў, зверку спіса, дзе мы былі першыя і адзіныя. Ветлівая сакратарка
крыху нас расчаравала, папярэдзіўшы, што Дзівулін на важным паседжанні і,
магчыма, затрымаецца. Мы здзівіліся: як так? Дзівулін прымае
раз на месяц, у трэццюю сераду месяца, з 8-00 да 14-00, якія могуць быць
паседжанні ў дзень сустрэчы з народам? Але лагодна пагадзіліся пачакаць пад
пільным вокам відэаназірання. Час ад часу ў кабінецік, куды нас уладкавалі,
забягала дзяўчына, клацала па клаве кампутара, збягала. Праз гадзіну мы пачалі
нэрвавацца, пайшлі вывучаць калідоры. О-о-о-о! Аказваецца, у слуг народа для
жыцця і плённай працы тут ёсць усё: пошта, аддзяленне Беларусбанку, сталоўка,
аптэка, нават цырульня… У раскладах працы – працоўны час чыноўнікаў. Гм, хто ж
сюды ходзіць? А нічога, паўсюль ёсць наведвальнікі, свае, супрацоўнікі
аблвыканкаму. Кагосьці стрыгуць, хтосьці пошту атрымлівае (канешне, узгадалася
няшчаснае Білева, дзе яе на 20 тысячаў насельніцтва няма), нехта лекуецца, аб
11-й пабеглі адна за адной у сталоўку чыноўніцы. Нам таксама захацелася папіць
гарбаткі, але баяліся прапусціць начальства. Крыху раз’юшыўшыся, пачала грукаць
у дзверы начальніцы аддзела па зваротах грамадзянаў. Глуха, зачынена. Знайшла
кабінет яе намесніцы. Тое самае. Пачыталі Правілы прыёму грамадзянаў. Нас мог
бы прыняць і намеснік намесніка, аказваецца. Гэта Правіламі абумоўлена. Дык
няма ж! Патрабавалі Кнігу скаргаў. Ого! Колькі тут іх. Вялікі гросбух амаль
увесь запісаны. Куды неспадзявана зазірнула, пазнакі: парушэнняў службовай
асобай Х не выяўлена…Намалявалі сваю скаргу, нейкую крыху неўцямную, але ж пару
трошкі выпусцілі. Ужо 12-00. Толькі сабраліся плюнуць на ўсё, як пачалося
нейкае жыццё, бо я ўжо патрабавала, каб Дзівуліна ці прывялі, ці прынеслі.
Важна і мажна, не звяртаючы на нас увагі, у кабінет
прайшоў, не, ганарліва пранёс сваю асобу нейкі дзядзечка. Нас запрасілі на
ПРЫЁМ, нарэшце! (бо ўжо астатнія планы на дзень канулі ў лету). Я вельмі
пазітыўна настройвалася на размову: у нас адна мэта, мы хочам, вой, як хочам,
каб камбінат быў, каб не было пад Віцебскам гэтае бомбы замаруджзанага дзеяння
— палігону для смецця (аж з 1972 году яно складуецца і ўжо памерам з Казбек).
Але …тут Астапа панесла… Першым пытаннем было: чаму нам не прызначылі больш
позні час, чаму мы павінны былі чакаць 3 гадзіны з чвэрцю? (Ну, гэта маё
настаўніцкае палезла).
n Я быў заняты! А чаго гэта вы, Таццяна Яўгенаўна, так
турбуецеся за камбінат?
Адказваю: таму
і таму. Пытаюся: калі зачыніцца палігон? Калі будзе пабудаваны КАМБІНАТ?
–Зачыніцца ў снежні 2014, новы палігон пачне працаваць у
сярэдзіне 2015-га.
Нямею ад адказу.
Спрабую падлічыць, колькі гэта часу смецце не будзе вывозіцца з гораду.
Знаходзіцца Алена, як раз пра гэта запытаўшыся.
n На новы палігон, пад Копці.
Незразумела,
але – праехалі.
–Ці знайшлі
інвестара?
–Так. Румыны
і нарвегі.
Абое-двое?
-Пішуць бізнес-планы,
лепшы будзем выбіраць.(Во як!)
-Ці магу я
прысутнічаць на замерах забруджвання падземных вод, паветра на палігоне? Бо
няма даверу афіцыйнаму адказу, што ўсё так там добра.
Адказ “чаму не, падумаем” прагучаў ужо ад, пэўна,
начальніка ЖКГ (на сустрэчу запрасілі і нейкіх адказных, нам іх не прадставілі).
Час ад часу узнікаюць віры раздражнення: “знайдзіце нам
інвестараў, Таццяна Яўгенаўна”, “хто вы такая”, “я не зразумеў, навошта вы да
мяне прыйшлі”, “жывыя будзеце”, “вы нацкоўваеце (от, забылася слаўцо, але сэнс
такі, абразлівы) людзей”, “гэтыя вашыя людзі…” І тут зноўку панесла Астапа.
Алена зачапілася за “вашыя людзі”. – Дык чые людзі, Анатоль Уладзіміравіч?
Вашыя ці нашыя? – Усё, усё, у мяне няма часу, мяне людзі чакаюць (А і праўда,
пакуль чакалі мы – тры гадзіны з чвэрцю – нехта з’явіўся). –Дык пакуль вы там
празаседжваліся, мы таксама чакалі, –
гэта зноў Алена. Вай, што пачалося!
– А ў мяне яшчэ адно пытанне,- намагаюся павярнуць
размову ў канструктыўнае русла.—Калі вы атрымліваеце калектыўны зварот, то пры
наяўнасці ўжо 30-і, павінны ладзіць сустрэчу, а ў нас 945 подпісаў… -Гэта я
буду ладзіць сустрэчу з вашымі (зноўку!)людзьмі? Ды я…— Цішце, цішце, Анатоль
Уладзіміравіч, мы і тут вам дапаможам. Вы толькі час прызначце. (Прыводжу
прыклад, як сама збірала людзей на Ганчарнай з прадстаўнікамі гаспадара ”Кравірай”,
ЖКГ, гарадскога выканкаму ды мясцовымі жыхарамі, калі дамагалася зносу старога
будынку Дома культуры будтрэсту №9, які за 10 год пераўтварыўся ў жудасны
прывід з бамжамі). Прыйшлося яму гэтую сустрэчу з чыімісьці (нашымі – вашымі?) людзьмі
паабяцаць.
Выходзілі мы з Алёнай, ганарліва ўзняўшы галовы пад
маўчанне прысутных дзядзячак, сакратаркі, скрыгат зубоў Анатоля Уладзіміравіча,
грукат нашых абцасаў…
Ідучы па калідоры, стала фатаграфаваць шыльды пошты, аптэкі,
цырульні. Падняўся крык: “Тут здымаць нельга! (міліцыянт) Якое права вы маеце
здымаць мае дзверы? (цырульніца, адкуль толькі выскачыла?)
Але мы ўжо адказваць і тлумачыць не сталі.
Выйшлі з гэтага горада ў горадзе на вольнае паветра, пад
халодны дождж. Пачуццё грэблівасці…Бррр! Вось так, НАШЫЯ людзі, самі мы
вінаватыя ў тым, што чыноўнікі ад улады глыбока ўпэўніліся: ВЫ ДЛЯ ІХ, каб
забяспечваць ім добрыя заробкі, добрыя ўмовы працы і жыцця, дазваляць
безадказнасць, цынізм…
Але калі там, у аблвыканкаме ці гарвыканкаме спадзяюцца,
што мы да іх больш не прыйдзем, я іх расчарую: прыйдзем абавязкова! Хаця б для
таго, каб праўду ў вочы сказаць. І нагадаць: хто для каго”.