“Уткі” ад уладаў для віцяблян (фота)

26 жніўня 2014 17:04  |  Рада Народных Дэпутатаў

У Віцебску, у мікрараёнах Білева 1,2, 3 пражывае больш за 20 тысяч чалавек,
у асноўным — гэта маладыя семі, многія з іх шматдзетныя. І чаго тут толькі ў
Білева НЯМА! НЯМА месцаў у школе для вучняў (школа толькі адна). Дашкалятам
таксама тут месца НЯМА—ва ўсіх мікрараёнах толькі два дзіцячыя садкі. НЯМА
пошты, а таксама НЯМА абяцанай уладамі паліклінікі.

 

З гэтым “НЯМА” не хочуць мірыцца жыхары. Разам з ініцыятыўнай групай быў
напісаны калектыўны зварот у Міністэрства аховы здароўя, Віцебскі аблвыканкам і
гарвыканкам, Савет дэпутатаў з просьбай пабудаваць паліклінічны комплекс у
Білева. Пад лістом падпісаліся 4756 грамадзян. Лісты з 4108 подпісамі адаслалі
ў адпаведныя інстанцыі.

 

Пачалі прыходзіць адказы. Нічога дакладнага аб пачатку будаўніцтва
паліклінікі НЯМА. Хаця раней не раз уладамі вызначаліся розныя тэрміны,
пачынаючы з 2010 года, а ў 2013 годзе старшынёй Віцебскага аблвыканкама нават
была ўрачыста схавана капсула ў тым месцы, дзе сёлета павінна было пачацца
будаўніцтва паліклінікі. Але, здаецца, што і месца таго НЯМА, бо ніхто з
жыхароў не ведае, дзе яно.

Затое ў лістах, дасланых з вышэй названых устаноў, паведамляецца, што паліклініка
№3, што на Маскоўскім праспекце, вельмі добра спраўляецца з абслугоўваннем
насельніцтва, у тым ліку і жыхароў мікрараёнаў Білева. Пішуць, што ўсе
нарматывы захоўваюцца. Згодна з пастанаўленнямі МЗ РБ №161 ад 13.12.07 і №150
ад 07.12.07 урач-тэрапеўт у час павінен прыняць 4-5 пацыентаў,а дактары вузкіх
спецыялізацый – у два разы больш.

 

А што адбываецца на самой справе?

Не памятаю дакладна, калі апошні раз была ў паліклінікі. І не таму, што маю
здароўе волата, а таму, што я вельмі не люблю падымацца раніцай, выстойваць чэргі
ў рэгістратуру, а потым да ўрача, і не ў адзін кабінет. А ўявіце, што
прыйдзецца паздаваць кроў і іншае на правядзенне аналізаў, каб больш-менш
дакладна падабраць лячэнне. Пры адной думцы аб такіх мытарствах разумееш, што
трэба мець жалезныя нервы і моцнае здароўе для такіх выпрабаванняў. І ў чарговы
раз пераносіш паход у паліклініку.

 

Днямі прыйшлі лісты-адказы з Міністэрства аховы здароўя, з упраўлення аховы
здароўя Віцебскага аблвыканкама і гарвыканкама, і з гарадскога Савета
дэпутатаў. Цікавыя лісты, тэксты супадаюць адзін у адзін. Але інфармацыя мяне
зацікавіла і падштурхнула хутчэй пайсці ў паліклініку №3 г.Віцебска. У дасланых
лістах паведамлялася, што зараз няма ніякіх чэргаў да дактароў і кожны віцяблянін,
у тым ліку і мы, жыхары мікрараёнаў Білева, можам атрымаць хутка і якасна
медыцынскую дапамогу, бо спецыяльна для Білева, пішуць у адказах, адкрылі 7
тэрапеўтычных участкаў.

 

Як тут уседзець дома? Трэба карыстацца момантам, тым больш, што пытанні па стане
здароўя ўсё ж такі ўзнікаюць.

 

Паліклініка. Рэгістратура. Нават у сярэдзіне дня чарга. Не такая вялікая,
як раніцай, але… Да хірурга запіс праз тыдзень. Да тэрапеўта на сёння таксама
няма талонаў, як і да хірурга. Трэба яшчэ да акуліста. А вось тут прыйдзеца
пачакаць, і нават не тыдзень. Запіс да доктара пачнецца праз два тыдні, а на
прыём можна будзе трапіць толькі праз месяц(!).

 

У лісце з міністэрства аховы здароўя пісалі, што ў нашай паліклініцы на
аднаго ўрача прыходзіцца нават менш хворых, чым прапісана па нарматывах. Але ж
атрымліваецца неяк не так. Вырашыла ўдакладніць у спецыялістаў, ці сапраўды ўсё
так, як прапісана, ці я памыляюся. Тэрапеўт па нарматывах павінен прыняць за
змену не болей 18 чалавек, але прыходзяць звычайна значна больш. Іншыя
спецыялісты (акулісты, хірургі) за змену павінны прыняць 40—45 хворых! Як гэта
можна паспець?! Але днём раней хірургу за змену прыйшлося абслужыць больш за
100 пацыентаў. Гэта сведчанне ад рэгістратара.

 

Падарункі юбілейным хворым у нас не выдаюць, а заходзіць 125-м за змену не
хочацца — гэта здзек з сябе і з доктара. Так што не ўсё так прыгожа і
прыстойна, як выглядае ў лістах- адказах віцебскіх чыноўнікаў. Чарговая “утка”.
Інакш не назавеш!

 

Алёна Шабуня

 

“Уткі” ад уладаў для віцяблян (фота)
“Уткі” ад уладаў для віцяблян (фота)
“Уткі” ад уладаў для віцяблян (фота)
“Уткі” ад уладаў для віцяблян (фота)
“Уткі” ад уладаў для віцяблян (фота)
“Уткі” ад уладаў для віцяблян (фота)
“Уткі” ад уладаў для віцяблян (фота)

Болей навін