Таццяна Севярынец: чхалі віцебскія чыноўнікі на народ ды і на Міністэрства аховы здароўя
Напярэдадні Новага года атрымала адказ ад першага намесніка міністра Міністэрства
аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Д.Л. Піневіча на калектыўны зварот жыхароў г.
Віцебска аб паляпшэнні якасці медыцынскага абслугоўвання ў абласным цэнтры. Як
заўсёды, вышэйшая ўстанова даручыла ніжэйшай разабрацца і дакласці з усёй
адказнасцю:
“Поручаем
Вам (начальніку ўправлення аховы здароўя Віцебскага
аблвыканкамаЮ.Н. Дзеркачу):
Организовать
рассмотрение данного обращения с участием представителей Министерства
здравоохранения, встреча с заявителями обязательна…”
Было і даручэнне пісьмова адказаць заяўнікам. Пакуль не адказалі, але
адказалі на зварот у гарвыканкам. Мяркую, тое самае адкажуць і па даручэнню
Міністэрства, ёсць у нашых чыноўнікаў такое ў практыцы.
Чытаю і слязьмі абліваюся… І ёсць з чаго. У траўні 2014 года пачалася
кампанія па збору подпісаў пад калектыўным зваротам жыхароў мікрараёнаў Білева
г. Віцебска за будаўніцтва даўно (2010 год) абяцанага і пераабяцанага (канец
2013года) тут паліклінічнага комплекса. За два з паловай месяцы было сабрана
4756 подпісаў, аднесена і адпраўлена ў 4 інстанцыі: Віцебскія абласны і гарадскі
выканкамы, Савет дэпутатаў, Міністэрства аховы здароўя.
Адказы былі няўцямныя. Міністэрства даручыла правесці сустрэчу з
заяўнікамі, дакладна адказаць на нашыя пытанні. Нейкую таямнічую ад нас
сустрэчу быццам бы правялі. Але нас на сустрэчу не запрасілі. Прыйшлося
праводзіць даследаванне, абтэлефаноўваць падпісантаў, каб высветліць, ці трапіў
хто на гэтую сустрэчу. Ніхто. Але ў адказе напісалі, што было аж 25 чалавек!
Нават Шабуня Алена (адна са зборшчыкаў)! Толькі Алена, як і я , нічога пра
гэтую сустрэчу не ведала і на ёй НЕ БЫЛА!
Паскардзіліся ў Міністэрства. Міністэрства негадуе і загадвае: сустрэчу
правесці! Чхалі віцебскія чыноўнікі на гэты загад. Але пісьмова паведамілі: ой,
ну будзе першая чарга комплексу пабудаваная ў 2015 годзе – адчапіцеся ўжо!
Калі збіралі подпісы, высветлілі, што медыцына ў абласным цэнтры ў заняпадзе:
дактароў не хапае, вузкіх спецыялістаў днём з агнём не адшукаеш, чэргі па
паўгады, заробкі ў медыкаў мізэрныя, паперамі заваліліся так, што людзей з-за
іх не бачуць, ды яшчэ ў верасні скарацілі фінансаванне на ахову здароўя на 30
адсоткаў(!).
Правялі апытанне жыхароў, упэўніліся: так, праблемы балючыя. Аб’ядналіся з
неабыякавымі людзьмі і пачалі збіраць подпісы ўжо за якасную медыцыну ў
Віцебску. Падалі заяўкі на пікеты. Запісаліся на прыём да старшыні Савета
дэпутатаў Міхаіла Партнога (раз на месяц прымае). Да старшыні гарвыканкама
Віктара Мікалайкіна не змаглі, прыйшлося пісаць на электронны адрас.
Сабралі 1367 подпісаў за кароткі час ды зноўку панеслі па інстанцыях. Хацелі
правесці пікет. Зразумела, пікетаванне нам ніхто не дазволіў – тут абарона
колавая, не прарвеш.
А тут і час сустрэчы прыспеў. Нас прынялі дабразычліва, не параўнаць з
хамствам Анатоля Дзівуліна, з якім мы сустракаліся ў чэрвені 2014 па пытанню
будаўніцтва смеццеперапрацоўчага кабіната – яшчэ адна гнойная рана на целе
горада.
Тут вам і старшыня Савету дэпутатаў Партны, тут і галоўны доктар Цітовіч,
тут і намеснік старшыні гарвыканкама Шлома. Лічбы, лічбы, ўражвае, але ж грошай
няма. Ну няма! І поспехі ёсць, і дактароў хапае. Ну так, заробкі ў дактароў на
стаўку невялікія – а вы што думаеце, мы тут, пры ўладзе, шмат атрымліваем? Усяго
толькі 5000 000 (Шлома). Затое ў нас нараджальнасць у гэтым годзе перавысіла
смяротнасць! На 211 чалавек! Мы шукаем тыя грошы, шукаем! А пакуль можам,
напрыклад, больш транспарту з Білева пусціць, каб людзям было зручней да
паліклінікі дабірацца! (Ну хоць што).
Акрэсліўшы праблемы, упэўніліся, што абяцанні высокіх адказных чыноўнікаў
усё ж такі будуць выкананыя, пайшлі пісаць справаздачу падпісантам ды разносіць
яе па адрэсах.
Літаральна праз колькі дзён чытаем матэрыялы прэс-канферэнцыі для
дзяржаўных журналістаў, як у нас у горадзе ўсё добра з медыцынай. Дарэчы, нас і
тут праігнаравалі, не запрасілі. І зноўку: будаўніцтва першай чаргі
паліклінічнага комплексу ў Білева пачнецца ў 2015 годзе. Ух! Недарэмнымі былі
нашыя намаганні.
А вось адказ галоўнага доктара Станіслава Цітовіча на калектыўны зварот у
Віцебскі гарвыканкам ад 23.12.2014 года за №Кол-2859. Толькі некаторыя
вытрымкі: “на 01.12.2014 г. укомплектованность (врачами) -100 проц., узкие специалисты – на 98,9 проц.»; «Превышение
функций врачебной должности в целом по Витебску составило 3,6 проц., что
подтверждает отсутствие перегрузки врачей-специалистов». (А як быць с хірургам, якому за змену даводзіцца
прымаць больш за 100
чалавек? І такое бывае
нярэдка.) Далей цытую: «Сдача объектов (строительство поликлиники в
микрорайоне ЮГ-7А, реконструкция лечебного корпуса центральной клинической
больницы) в эксплуатацию планируется в 2015-2016 г. при достаточном выделении
финансовых средств на строительство объекта»; бла-бла-бла – і ні слова аб
паліклінічным комплесе ў Білева… Тут проста галашу…Дык дзе ж праўда?
Выцерла слёзы. Пайшла ў паліклініку №3. Там спецыяльна для білеўцаў адкрылі
7 участкаў. Вывучаю шыльду з раскладам прыёму дактароў. Так, 49 (!) участкаў. 5
тэрапеўтычных аддзяленняў. Народу процьма, час ад часу ад шыльды
адштурхоўваюць, заціраюць у натоўп. Але ж упарта вяртаюся да шыльды з раскладам
прыёму.
1-е тэрапеўтычнае аддзяленне, участкі №11,№18 –”нет врача”;
2-е тэрапеўтычнае аддзяленне, участак №29 –«нет врача»;
3-е тэрапеўтычнае аддзяленне, участкі №2, №23, яшчэ нейкі—прабачце, не
пазначыла, увогуле белыя плямы. Правяраю па размеркаванні—адрэсы вуліц і дамоў
на гэтыя ўчасткі пазначаныя. Цікава. Зноўку пачынаю рэмзаць. Дзе праўда?!
5-е тэрапеўтычнае аддзяленне, участак №13 – “нет врача”;
На трох яшчэ пазначана: ” учёба”, отпуск”, “декретный отпуск”….
З сарака дзевяці участкаў на дзесяці дактароў няма. І гэта тэрапеўтаў.
Самых запатрабаваных дактароў.
Дзе 100 адсоткаў, а, спадар Цітовіч? Дзе праўда, брат?
Гляджу я на вас, чыноўніцкае спадарства, “сквозь невидимые миру слёзы”. Іх
вы не ўбачыце, хоць і патрапаныя такім жыццём нэрвы. Але ж ці ёсць у вас хоць
крышачку сумлення, адказнасць перад людзьмі і Богам? Так ілгаць, так
загаворвацца сур’ёзным людзям?! Праўда, яна ж бачная. Бачу яе я, бачуць людзі,
якім вы ПАВІННЫ СЛУЖЫЦЬ. Таму вам і не вераць.
Называю “братамі” у спадзяванні на вашае пакаянне, на чалавечую годнасць, на
рэшткі вашага сумлення, на тое, што нарэшце перастанеце хлусіць ды пачнеце
працаваць. Адказнасць за ўсё – не за гарамі.
Таццяна Севярынец