Уладам Віцебска не хапае 4,75 метра тратуара, каб зрабіць веладарожкі (фота)
Не хочуць і не могуць. Да такой высновы прыйшла каардынатар аргкамитэту па
стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”, калі атрымала ліст з
аддзела архітэктуры і горадабудаўніцтва на свой электронны зварот у Віцебскі гарвыканкам наконт дарожак для ровараў.
“…стварэнне веласіпедных дарожак шляхам нанясення адмысловай разметкі на
тратуары, у сітуацыі, якая склалася ў цэнтральнай частцы горада, лічым
немэтазгодным, бо згодна з ТКП 45-3.03-227-2010 шырыня веласіпеднай дарожкі
павінна быць не менш за 1 метр, а пешаходнай дарожкі – не менш за 1,2 метра”. “Для
пашырэння праезнай часткі і арганізацыі паласы руху для веласіпедаў альбо
веласіпеднай дарожкі неабходна павялічыць яе шырыню ў сярэднім на 1 метр у
кожны бок руху. У некаторых месцах гэта прывядзе да звужэння і так
недастатковага па памеры тратуара, у іншых—да скарачэння зямельных участкаў
грамадзян і юрыдычных асоб, што таксама немагчыма”…
“Між тым мы не патрабуем разметкі па
ўсім горадзе. Зразумела, што гэта патрабуе ўсіх тых высілкаў, пра якія пішацца
ў лісце –адказе. Але ж тратуары ў цэнтры
гораду і шмат дзе на перыферыі шырокія. Мы прамералі іх звычайным швачным
метрам. Так, напрыклад, па праспекце Будаўнікоў шырыня тратуару складае 4,75
метра, на Чкалава, Маскоўскім праспекце, Чарняхоўскага, Смаленскай, Фрунзе,
Перамогі, Воінаў-Інтэрнацыяналістаў, Кірава, Герцана, Леніна, Церашковай,
Броўкі, Горкага—тое самае, з невялікім хістаннем: дзе крыху больш, дзе крыху
менш, але не менш чым патрабныя 2,2 метра. Ёсць вуліцы, дзе мінакі сустракаюцца
гады ў рады. А раварыстаў шмат. І яны часцей перасоўваюцца па горадзе па
справах, а не проста праветрыцца выехалі”, – адзначыла Таццяна Севярынец.
“Ёсць такая выснова: калі чалавек хоча, ён шукае выйсце, робіць; калі
не—шукае апраўдання. Чыноўнікі ў Віцебску не хочуць. Так што гэтая праблема так
і застанецца пакуль галаўным болем для начальніка аддзела арганізацыі дарожнага
руху Віцебска Віктара Касянкова”, – сказала яна, дадаўшы, што актывісты
працягнуць працаваць, каб праблему
вырашыць.