Віталь Рымашэўскі: Лукашэнка спрабуе падкупіць настаўнікаў перад выбарамі

10 жніўня 2016 10:10  |  Галоўныя навіны

Віталь Рымашэўскі: Лукашэнка спрабуе падкупіць настаўнікаў перад выбарамі

Выказванні Лукашэнкі пра настаўнікаў можна трактаваць як спробу падкупіць і залагодзіць асноўны склад участковых камісій. Пра гэта заявіў сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі, каментуючы заявы Аляксандра Лукашэнкі пра неабходнасць павысіць заробкі настаўнікам, бо на іх ляжыць “аграмадная палітычная нагрузка”.

“Фальсіфікацыі выбараў пачынаюцца на ніжэйшым узроўні, а большасць сябраў участковых камісій складаюць менавіта настаўнікі. Вельмі часта іх кіраўнікамі з’яўляюцца альбо дырэктары, альбо завучы школаў. За 20 гадоў кіравання Лукашэнкі адбылося маральнае знішчэнне і руйнаванне беларускага настаўніцтва. Людзі, якія павінныя вучыць дзяцей праўдзе і справядлівасці, самі вымушаныя ўдзельнічаць у найвялікшым падмане – фальсіфікацыі выбараў», – адзначыў ён.

На яго думку, зварот Лукашэнкі да настаўнікаў сведчыць пра тое, што ўлада ведае пра нізкі ўзровень падтрымкі. “З’яўленне новых палітвязняў, руйнаванне рэшткаў незалежнай сацыялогіі і атакі на сетку Манаева, а зараз заігрыванне з настаўнікамі – усё гэта сведчыць пра разуменне ўладай крытычна нізкага ўзроўню падтрымкі. Яна істэрычна імкнецца задзейнічаць старыя механізмы кіравання Беларуссю: запалохванне, рэпрэсіі і подкуп”, – падкрэсліў сустаршыня БХД.

“Беларускія хрысціянскія дэмакраты заклікаюць настаўнікаў не гандляваць сваім сумленнем. Падачка перад выбарамі не вартая таго, каб удзельнічаць у адным з самых вялікіх злачынстваў – фальсіфікацыі выбараў і адпаведна ў пазбаўленні нашых дзяцей шанцу жыць у лепшай краіне. Беларусам трэба зразумець, што пакуль мы не навучымся самі бараніць сваё права на годнае жыццё, намі будуць кіраваць карумпаваныя чыноўнікі. Мы заклікаем усіх грамадзян Беларусі далучацца да кампаніі назірання “Права выбару”. Сёння ў фальсіфікацыях задзейнічана каля 70 000 чалавек. І колькасць назіральнікаў павінна быць не меншая”, – заявіў Віталь Рымашэўскі.

Болей навін