Прычыны поспеху БХД

20.06.2017, 11:22  |  Галоўныя навіны, Грамадства

Прычыны поспеху БХД

 

У сярэдзіне 1920-х гадоў хрысціянска-дэмакратычны рух у Беларусі быў ужо выразна аформлены, меў арганізацыйнае ядро і ўласную прэсу. Разам з тым, раздзяленне Беларусі паміж Савецкім саюзам і Польшчай, бальшавіцкі тэрор ва Ўсходняй Беларусі і нацыянальны ды ўнутрыканфесійны ціск у Заходняй, пагрозы камунізму ды фашызму і раздрабненне беларускага незалежніцкага лагеру на мноства партыяў і групаў ставілі пытанне пра выжыванне БХД рубам. Беларускія хрысціянскія дэмакраты адказалі на выклікі і пагрозы годна ды вынікова: да 1930-х гадоў БХД сталася адзінай беларускай нацыянальнай партыяй, што пашырыла свае шэрагі - і пранесла бел-чырвона-белы сцяг Хрыста праз вялікія выпрабаванні паміж дзвюма сусветнымі войнамі.

Першай і галоўнай прычынай росквіту БХД, канечне, была яе вернасць хрысціянскім каштоўнасцям. І сама назва, і праграмы, і характар дзеянняў, і склад ставілі ў цэнтр палітыкі БХД Божыя пастановы і абарону чалавека ў евангельскім ключы. Шырокія колы беларускіх вернікаў-каталікоў, а затым і праваслаўных убачылі ў хадэцыі духоўнае, грамадскае, сацыяльнае і палітычнае апірышча.

Па-другое, БХД цвёрда трымалася ідэалаў БНР. Ідэю незалежнасці Беларусі хрысціянскія дэмакраты не прамянялі ані на ўгодніцтва з польскім урадам, што праводзіў паланізацыю "крэсаў”, ані на прапаганду "ўз’яднання” з Савецкай Беларуссю, дзе часова ішла беларусізацыя, але душылі гаспадара і верніка. У выніку менавіта БХД у міжваенны час узяла на сябе і задачу адстойвання ідэі беларускай незалежнасці, і арганізацыю штогадовых святкаванняў 25 сакавіка.

Па-трэцяе, БХД прадстаўлялі яркія асобы. Найперш гэта, безумоўна, святары - Адам Станкевіч, Вінцэнт Гадлеўскі, Уладзіслаў Талочка, Фабіян Абрантовіч, Язэп Германовіч і іншыя выбітныя пастыры, літаратары, арганізатары ды проста абаяльныя, моцныя людзі, кожны з якіх – легенда беларускага руху. Акрамя таго, хадэцыі ўдалося заангажаваць цэлы пласт вядомых прафесіяналаў – музыку Паўла Карузу, псіханеўролага Станіслава Грынкевіча, юрыста Віктара Ярмалковіча, агранома Адольфа Клімовіча ды шэраг іншых. Такім чынам, БХД стала жывой ілюстрацыяй да вядомага хадэцкага прынцыпу персаналізму.

Па-чацвёртае, міжканфесійны характар. БХД не замкнулася ва ўтульнай каталіцкай клерыкальнай нішы, а рашуча пайшла да супрацы з праваслаўнымі. Уключэнне ў склад кіраўніцтва праваслаўных, стратэгічны хаўрус з Праваслаўным Беларускім Дэмакратычным Аб’яднаннем, пашырэнне праграмных тэзаў і нават вызначэнняў ("Касцёл/Царква”), супольныя праекты з ТБШ, дзе актыўна дзейнічалі метадысты, а таксама адсутнасць канфесійнай нецярпімасці зрабілі БХД пляцоўкай для супрацы ўсіх хрысціянаў Заходняй Беларусі.

Нарэшце, выразным складнікам агульнага поспеху БХД стала народніцтва, альбо, як сфармулявалі яго ў Заходняй Еўропе, папулярызм – імкненне бачыць грамадства ў яго цэласці і адпавядаць інтарэсам як мага больш шырокіх колаў народу. Адсюль і вызначэнне партыі як пераважна сялянскай, і масавая праца ў гаспадарчым, культурніцкім, дабрачынным кірунках.

Калі б не "санацыя”, бальшавіцкая акупацыя ды вайна – БХД мела ўсе шанцы ператварыцца ў аналаг нямецкай ХДС-ХСС – масавую папулярную і нават дзяржаваўтваральную партыю.

 

З кнігі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя: 1917 - 2017"

Працяг будзе

Навіны па тэме