Пяць мэтаў удзелу правацэнтрыстаў у парламенцкай кампаніі

20.08.2019, 12:57  |  Галоўныя навіны, Палітыка

Пяць мэтаў удзелу правацэнтрыстаў у парламенцкай кампаніі

 

Правацэнтрысцкая кааліцыя, у якую ўваходзяць Аб’яднаная грамадзянская партыя, рух «За свабоду» і аргкамітэт Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, мае намер «закрыць» усе 110 выбарчых акругаў на лістападаўскіх выбарах у Палату прадстаўнікоў.

Прадстаўнікі кааліцыі назвалі сёньня 5 мэтаў удзелу ў выбарах.

1. Галоўная — стварыць каманду перамен, зь якой улады ў 2020 годзе падчас прэзыдэнцкай кампаніі вымушаныя будуць лічыцца.

2. Скарыстацца магчымасьцю данесьці праўду да насельніцтва — кандыдаты ў дэпутаты змогуць гэта рабіць праз тэлебачаньне і радыё, а акрамя таго, падчас выбарчай кампаніі дазволена ладзіць пікеты.

3. Заручыцца падтрымкай як мага большай колькасьці грамадзянаў.

4. Фіксаваць усе парушэньні выбарчага працэсу, каб не дапусьціць легітымізацыі такіх «выбараў» на міжнародным узроўні.

5. Трэніраваць кандыдатаў і іх каманды, каб яны былі гатовыя перамагаць на сумленных і справядлівых выбарах.

Кіраўнік руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч пацьвердзіў і намер абраць адзінага кандыдата на прэзыдэнцкія выбары 2020 году шляхам праймэрыз.

«Пасьля выбараў у Палату прадстаўнікоў мы прааналізуем сытуацыю і пачнём рыхтаваць праймэрыз. Менавіта тады і будзе акрэсьленае кола прэтэндэнтаў», — заявіў Губарэвіч.

Радыё Свабода

Навіны па тэме