Кастусь Севярынец Паўлу Якубовічу: «Подласць не каментуецца, за подласць б’юць па пысе»

15 студзеня 2011 22:13  |  Галоўныя навіны

Надрукаваны ў сённяшнім нумары самай адыёзнай праўладнай газеты «Советская Белоруссия» працяг паклёпніцкага артыкула «За кулісамі адной змовы» уражвае брудам амаль фантастычных «фактаў», спаміж якіх быццам бы на падставе аператыўнай зводкі Саўбелія сцвяджае, што лідэр БХД Павал Севярынец «настойліва патрабаваў прыходзіць на плошчу з ломікамі, каб выкалупваць плітку і закідваць АМАП». Рэдактару «СБ» Паўлу Якубовічу адказвае бацька Паўла Севярынца журналіст Кастусь Севярынец.

Бацька Паўла Севярынца, Кастусь Паўлавіч Севярынец, які асабіста шмат гадоў ведае галоўнага рэдактара «Советской Белоруссии»  Паўла Якубовіча, не мог стрымаць эмоцыяў. Прэс-службе БХД, якая звярнулася па каментар адносна сённяшняга артыкула, ён распавёў:

“Калі гэта напісаў Якубовіч – ён падлец у кубе. Паўла Ізотавіча я ведаю даўно, яшчэ са «Знамя юнасці».  Калі  ён ў 1995 годзе падманным шляхам прыйшоў першым намесьнікам галоўнага рэдактара ў «Советскую Белоруссию», я працаваў там уласным карэспандэнтам па віцесбкай вобласці. Адразу пасля гэтага ў знак пратэсту я сышоў адтуль. Ён дні два ўгаворваў мяне, каб я застаўся, называў сваім сябрам, пытаўся пазней у нашых агульных знаёмых, “як там Косцік”.

Асабіста ён ведае і Паўла. Павал нават падараваў яму кніжку «Люблю Беларусь», каб ён ведаў сапраўдную гісторыю. І гэты, з дазволу сказаць, чалавек, напісаў тое несусветнае глупства, што надрукавана сёння ў газеце. І я калісьці падаваў яму руку, якая мне цяпер пячэ. Подласць не каментуецца, за подласць б’юць па пысе!

Ды і што чакаць ад бацькапрадаўцы, бо Павал Ізотавіч – а насамрэч Павал Ізраілевіч – адмовіўся ад свайго бацькі. А я ад свайго сына ніколі не адракуся, як і ён ад мяне.

Мой сын ніколі ні за кім з ломікамі ня бегаў. Я ганаруся сваім сынам, і не баюся нічога. Няхай баяцца тыя, хто бегалі з гэтымі ломікамі, білі вокны і збівалі людзей, ім гэта ў жыцці вернецца.”

Нагадаем,  у арыгінале на расейскай мове поўнасцю цытата пра Севярынца з паклёпніцкага артыкулу СБ гучыць наступным чынам:

Из оперативной сводки

Непосредственно накануне акции протеста П.Северинец в общении с активистами БХД и МФ настойчиво требовал прибыть на акцию «площадь» с ломиками, чтобы «выковыривать плитку и забрасывать ОМОН». Им же навязывалась необходимость прямых стычек с правоохранительными органами, захвата зданий органов власти и управления и т.д.: «кароча, галоўнае не стаяць, а Менск пасля нас павiнен выглядаць як у 1943-м…». И этот, с позволения сказать, человек  смеет заявлять о том, что «радеет за христианские ценности».

Болей навін