ЗША ўвялі санкцыі не толькі палітычныя, але і эканамічныя

31 студзеня 2011 23:00  |  Навіны

Услед за Еўразвязам санкцыі ў дачыненні да афіцыйнага Мінска ўвялі Злучаныя Штаты, пры гэтым санкцыі носяць не толькі палітычны, але і эканамічны характар.

 

У заяве афіцыйнага прадстаўніка Дзярждэпартамента ЗША Філіпа Кроўлі гаворыцца, што Злучаныя Штаты аб’вяшчаюць пра ўвядзенне мераў у адказ на «брутальнае падаўленне прэзідэнтам Лукашэнкам і ўрадам Беларусі дэманстрацыі пасля прэзідэнцкіх выбараў», «непрапарцыянальнае прымяненне сілы і затрыманне соцень дэманстрантаў, уключаючы пяцёх кандыдатаў у прэзідэнты, працяг рэйдаў супраць грамадзянскай супольнасці, СМІ і палітычных партыяў, закрыццё офіса АБСЕ ў Мінску і фальсіфікацыі пры падліку галасоў».

ЗША аднавілі эканамічныя санкцыі ў дачыненні да беларускіх прадпрыемстваў «Полацк Шкловалакно» і «Лідская лакафарба», пашырылі спіс асобаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю краіны. Паводле словаў Кроўлі, уезд у ЗША будзе забронены для тых асобаў і чальцоў іх сем’яў, хто мае дачыненне да разгону акцыі пратэсту 19 снежня ў Мінску і наступных рэпрэсіяў у Беларусі.

«ЗША таксама працуюць над фінансавымі санкцыямі ў дачыненні да шэрагу асобаў і прадпрыемстваў у Беларусі. Крытэрам патраплення ў гэты спіс стане дачыненне да дзеянняў па падаўленні дэмакратычных інстытутаў ці парушэння правоў чалавека пры дапамозе палітычных рэпрэсіяў», — сказаў Кроўлі.

Ён падкрэсліў, што ЗША настойваюць на неадкладным вызваленні ўсіх затрыманых і зняцці з іх усіх абвінавачанняў, спыненні рэпрэсіяў у дачыненні да грамадзянскай супольнасці, незалежных СМІ і палітычнай апазіцыі, а таксама павазе права на выказванне палітычных поглядаў, свабоду СМІ і развіццё грамадзянскай супольнасці. Паводле словаў Кроўлі, ЗША будуць рэагаваць і будаваць сваю палітыку ў дачыненні да Беларусі ў адпаведнасці з дзеяннямі беларускага ўрада.

«Прынятыя меры не скіраваныя супраць беларускага народа. Злучаныя Штаты плануюць павялічыць сёлета як мінімум на 30% дапамогу беларускай грамадзянскай супольнасці, незалежным СМІ і дэмакратычным палітычным партыям», — сказаў Кроўлі.
Ён заявіў, што ЗША дзейнічаюць у цеснай каардынацыі з ЕЗ і іншымі партнёрамі ў дачыненні да сітуацыі ў Беларусі і адказу на падзеі.

31 студзеня міністры замежных справаў краінаў ЕЗ заявілі пра візавыя санкцыі ў дачыненні да 158 беларускіх чыноўнікаў, уключаючы Аляксандра Лукашэнку і яго старэйшых сыноў Віктара і Дзмітрыя.

Болей навін