Дзьмітрук: улады гатовы пайсьці на любы крок

17 сакавіка 2011 01:28  |  БХД

Сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя”, адказны за эканамічныя пытаньні, Георгі Дзьмітрук пракамэнтаваў зробленыя 16 сакавіка заявы кіраўніцтва Беларусі і Расеі аб аб’яднаньні аўтавытворцаў МАЗ і КамАЗ, вылучэньні Беларусі шэрагу крэдытаў, у тым ліку на будаўніцтва АЭС. “Аб’ява пра зьліцьцё актываў МАЗу і КамАЗу ёсьць галаслоўнай. Шмат было падобных выпадкаў, калі рабіліся гучныя заявы, але яны не ратыфікаваліся, альбо ўсплывалі нейкія абставіны”, – адзначыў ён.

 

“Галоўнае, што прымусіла ўлады пайсьці на такі крок, – гэта праблемы ў эканоміцы. Сёньня дзяржава гатовая пайсьці на любы крок. Крэдыты на АЭС, продаж МАЗу – зьвеньні аднаго ланцугу. Дзяржава паспрабавала ўсё магчымае, але нічога не дапамагло. Нічога й не дапаможа, пакуль не адбудуцца зьмены структуры эканомікі. Схема працы з Расеяй, калі тая пастаўляла танную нафту і газ і Беларусь іх перапрадавала, перастала працаваць. Расея забрала ўсе сабе, а прыбытак запаўняць неяк трэба. Удала шукае любыя магчымасьці, бо і Захад ня вельмі ахвочы прадстаўляць крэдыты. Дзяржава гатовая ісьці ва-банк, усяляк блефаваць, каб працягнуць сваё існаваньне. Таму я не магу казаць пра продаж МАЗу ці атрыманьне крэдыту як зьдзейсьнены факт”, – лічыць палітык.

 

“Што тычыцца эканамічнага зьвязу, то для мяне, як для эканаміста, уступленьне ў падобнага роду аб’яднаньні гэта вельмі добра, гэта выдатна. Але, падаецца, што Беларусь проста плыве па бурлівай эканамічнай рэчцы, лавіруючы між вострых камянёў, пакуль нарэшце не наблізіцца да немінучага вадаспаду – дэфолту. Справа ў тым, што Беларусь знаходзіцца ў стане пэрманэнтнага дэфолту на працягу апошніх 1,5-2 гадоў. І паколькі структура эканомікі не зьмяняецца, то праблема дэфолту не вырашаецца, а папросту адсоўваецца на пазьнейшы тэрмін”, – паведаміў сустаршыня БХД.

Болей навін