БХД далучаецца да кругласуткавай варты на ўправе БНФ (расклад імпрэзаў)

03.04.2011, 09:42  |  Навіны, Палітыка, Культура

Сябры менскага аргкамітэту БХД вырашылі далучыцца да бестэрміновай акцыі абароны легендарнай Управы БНФ на пр. Машэрава, 8 — былой вуліцы Варвашэні, 20-цігадовую арэнду якой беспадстаўна не працягнулі камунальнікі. Ад вечара 31 сакавіка распачалася кругласуткавая варта ў памяшканьні, а з 1 красавіка там праходзяць штодзённыя творчыя імпрэзы і паказы фільмаў.  Хто згодны дапамагчы з дзяжурствамі, зьвяжыцеся па тэл 803- 661-03-85 (Ірына).

 

У падтрымку «Выспы свабоды» — сядзібы БНФ —  4-га красавіка ў 19.00 на сядзібе выступіць вядомы бард Зьміцер Бартосік, які прэзэнтуе складанку «100 бардаў Свабоды», а 5-га красавіка, таксама ў 19.00, будзе сьпяваць бард Тацяна Беланогая. Запланаваныя канцэрты, а таксама адказы на пытаньні ў нефармальнай, творчай абстаноўцы.

 

А ў чацьвер 7-га красавіка, традыцыйны дзень сустрэчаў аргкамітэту БХД, які супадае з праваслаўным Дабравесьцем і днём сьмерці беларускай паэткі, патрыёткі і шчырай хрысьціянкі Ларысы Геніюш ў 18-00 на ўправе адбудзецца паказ фільма тэлеканала Белсат "Няскораная", прысьвечаны Ларысе Геніюш, і сустрэча з археолагам і грамадскім дзеячом Міхасём Чарняўскім з успамінамі пра нашую слувутую паэтку і нязломную хрысьціянку.

 

Нагадаем, напрацягу 20-і гадоў офіс БНФ быў ня проста месцам знаходжаньня партыі, але перадусім адным з галоўных цэнтраў беларускай культуры і вольнага духу. Сёньня ўлады, карыстаючыся надуманымі прычынамі, спрабуюць цалкам беспадстаўна і незаконна пазбавіць беларусаў гэтага месца, змушаючы пакінуць памяшканьне пасьля 31 сакавіка. Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя выступае супраць гэтага і поўнасьцю падтрымлівае Беларускі народны фронт у яго негвалтоўным змаганьні за сваю сядзібу.

Навіны па тэме