У чацьвер 12 траўня паказ фільма «НКВД – Гестапо. Браты па крыві»

12 мая 2011 09:33  |  Галоўныя навіны

У чацьвер 12 траўня сябры менскай суполкі аргкамітэту БХД і кампаніі “Пакаяньне” запрашаюць на прагляд дакументальнага фільма «НКВД – Гестапо. Браты па крыві». Паказ фільма пройдзе па адрасе пр. Машэрава, 8 у межах акцыяў абароны ўправы БНФ. Пачатак у 18-30. Шчыра запрашаем на прагляд і абмеркаваньне!

 

9 траўня ў Беларусі адзначаўся Дзень Перамогі. У гэты дзень узгадвалі тых, хто загінуў на франтах Другой Сусьветнай Вайны ды падчас нямецкай акупацыі, а таксама закатаваных у канцэнтрацыйных лагерах. Але ў Савецкім Саюзе, у тым ліку ў  Беларусі быў другі нябачны фронт – камуністычная рэпрэсіўная сістэма па зьнішчэньні ўласных грамадзянаў. 

 

Нагадаем, другая сусветная вайна пачалася ў 1939 годзе пасьля заключэньня пакта Молатава-Рыбентропа паміж нацысцкай Германіяй і СССР. Нацысцкі і бальшавіцкі рэжымы насамрэч былі братамі-блізьнятамі і пераймалі адзін у аднаго вопыт катаваньняў і зьнішчэньняў мільёнаў бязвінных людзей. Прыкладам, першы канцэнтрацыйны лагер у Менску стварылі зусім не фашысты, а бальшавікі ў жніўні 1920 года. 

 

Дакументальны фільм «НКВД – Гестапо. Браты па крыві» быў створаны ў 2009 годзе для тэлеканала “Белсат” у межах цыклу  “Невядомая Беларусь”. Рэжысёр Уладзімір Самойлаў.

Нявыдуманыя лёсы людзей і гістарычныя дакументы сталіся грунтам аповеду пра блізкую супрацу НКВД і Гестапа ў розных галінах – у тым ліку пра абмен вязнямі. СССР дасылаў у Нямеччыну ў асноўным антыфашыстаў і габрэяў, якіх там знішчалі. Немцы наўзамен выдавалі Маскве людзей, якія раней эмігравалі з Расеі ды выступалі супраць Савецкага Саюзу. Яны ў асноўным загінулі ў ГУЛАГу. 

Працаўнікі НКВД і Гестапа рабілі супольную працу і добра адзін аднаго разумелі. Нават методыка працы з вязнямі была падобная. Пра гэта мы болей даведаемся ў Віленскім музеі генацыду і Музеі Гестапа ў Кёльне.

Але ў Літве і Нямеччыне дзейнасць абодвух гэтых арганізацыяў прызнаная злачыннаю, а ў Беларусі высокія чыноўнікі да сёння заяўляюць, што “нашыя чэкісты” не нясуць нават маральнай адказнасці за рэпрэсіі супраць сотняў тысяч і мільёнаў невінаватых людзей у сталінскія часы. Нават тыя, хто ўласнаручна катаваў і расстрэльваў людзей не за злачынствы, а паводле “разнарадкі”.

Пра метады пакараньня, допытаў, зьдзекаў, катаваньня нам распавядуць беларускія, літоўскія, нямецкія ды расейскія гісторыкі: Ігар Кузняцоў, Якаў Басін, Алег Іоў, Вернэр Юнг, Рыгарас Падвайскас, Ірына Раманава.

 

Болей навін