Заява Асацыяцыі Хрысціянскіх Дэмакратаў Усходняй Еўропы аб сітуацыі ў Беларусі

25.10.2011, 07:54  |  Галоўныя навіны, Палітыка

Асацыяцыя Хрысціянскіх Дэмакратаў Усходняй Еўропы 22 кастрычніка на канферэнцыі ў Малдове прыняла сумесную рэзалюцыю па сітуацыі ў Беларусі. Заяву падпісалі Хрысціянска-Дэмакратычная Народная Партыя Малдовы, Хрысціянска-Дэмакратычны Саюз Арменіі, Хрысціянска-Дэмакратычны Саюз Латвіі, Хрысціянска-Дэмакратычны Саюз Украіны, Хрысціянска-Дэмакратычны Рух Грузіі, Партыя «Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя", Хрысціянскае грамадскі рух «Дабрадатная Расія».

Прыводзім тэкст заявы:

 

"Асацыяцыя Хрысціянскіх Дэмакратаў Усходняй Еўропы выказвае глыбокую занепакоенасць сітуацыяй у сферы правоў чалавека і грамадзянскіх свабод, якая склалася ў Беларусі, асабліва, пасля прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 г.


У краіне працягваюць парушацца правы на свабоду сходаў і СМІ. За апошнія месяцы ў Рэспубліцы Беларусь прыкметна пагоршылася сітуацыя ў тым, што тычыцца права на свабоду сумлення і веравызнання - у розных рэгіёнах краіны пратэстанцкім вернікам Пракуратурай былі вынесеныя афіцыйныя папярэджанні па арт. 193.1 Крымінальнага Кодэкса, якая прадугледжвае да 2-х гадоў пазбаўлення волі за дзейнасць ад імя незарэгістраванай рэлігійнай, грамадскай ці палітычнай арганізацыі.


У месцах зняволення працягваюць знаходзіцца апазіцыйныя лідэры, у тым ліку: лідэр партыі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя" Павал Севярынец, кандыдаты ў прэзідэнты на мінулых выбарах Мікалай Статкевіч і Андрэй Саннікаў, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, старшыня праваабарончага цэнтру "Вясна" Алесь Бяляцкі , лідэр «Маладога Фронту» Зміцер Дашкевіч і іншыя грамадскія і палітычныя актывісты, прызнаныя беларускімі і міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі палітвязнямі.


Выказваем асаблівую заклапочанасць адносна таго, што па-за ўсякага грамадскага абмеркавання ў заканадаўства Беларусi быў унесены шэраг паправак, накіраваных на абмежаванне грамадзянскіх правоў і свабод і на развязванне яшчэ больш суровых рэпрэсій з боку сілавых структур.


Названыя факты выклікаюць занепакоенасць міжнароднай супольнасці адносна сітуацыі з захаваннем дэмакратычных стандартаў і правоў чалавека ў Беларусi.


Далучаючыся да меркаваньня міжнароднай супольнасці, мы заклікаем улады Рэспублікі Беларусь да захавання асноватворных правоў асобы і грамадзяніна, да вызвалення і наступнай рэабілітацыі лідэраў апазіцыі і грамадзянскіх актывістаў".

Навіны па тэме