Санкцыі. Кошт адказу.

16.02.2012, 12:47  |  Галоўныя навіны, Блог Віталя Рымашэўскага, Палітыка

Ці эфектыўная палітыка візавых санкцый?

У дыскусіі на гэтую тэму выказваецца маса аргументаў "ЗА" і "СУПРАЦЬ". Як ні дзіўна, абодва бакі кажуць, што клапоцяцца аб скарэйшым вызваленні палітвязняў. Праўда, пры гэтым абаронцы прадстаўнікоў беларускага рэжыму аддаюць перавагу дзейнічаць употай ад саміх палітычных зняволеных і іх сваякоў. Характэрна тое, што гэта далёка не першы выпадак, калі ў лаяльных апазіцыйных лідэраў пазіцыя дзіўным чынам супадае з пазіцыяй беларускіх уладаў. У снежні 2011 гэтыя ж людзі, практычна ва ўнісон з уладамі казалі аб "замежным" сцэнары Плошчы, у лютым 2012 яны заўзята выступалі супраць увядзення любых санкцый.

Аднак цяпер не аб аргументах "ЗА" ці "СУПРАЦЬ", іх ужо выказана нямала.

Хачу звярнуць увагу на становішча аднаго і другога боку гэтай "свабоднай дэмакратычнай" дыскусіі, якая развярнулася на старонках свабоднай дэмакратычнай прэсы. За гарачымі спрэчкамі ўсе як быццам не заўважаюць аднаго, магчыма, самага галоўнага аспекту: таго, якія выгоды прыносіць тая і іншая пазіцыя самім дыскутуючым. А дакладней, што можа прынесці лаяльная пазіцыя ў адносінах да ўлады адным і чым за яе могуць заплаціць іншыя.

Па-першае, лаяльная пазіцыя ў адносінах да ўлады дае магчымасць бесперашкоднага перамяшчэння па краіне і за яе межамі.

Тыя ж, хто выказвае непажаданы пункт гледжання, аўтаматычна атрымліваюць праблемы з выездам за мяжу. Прыклад - праблемы з выездам ў Анатоля Лябедзькі, апошнія здарэнні з Алегам Воўчакам і гэтак далей.

Па-другое, абаронцы чыноўнікаў могуць бесперашкодна працаваць у Беларусі, рэгістраваць свае арганізацыі, як гэта відаць на прыкладзе з рэгістрацыяй ў Беларусі офіса Вольгі Стужынскай і некаторых іншых.

Наадварот, нязручная для ўладаў пазіцыя нясе ў сабе адмову ў рэгістрацыі і пагрозу крымінальнай адказнасці за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Менавіта за гэта сядзеў Дзмітрый Дашкевіч і многія іншыя маладафронтаўцы. Гэта тычыцца не толькі палітычных арганізацый - Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, Маладога Фронту, гэта датычыцца ўсіх без выключэння. Прыклад з Мікалаем Кванталіяні, Кіраўніком Міжнароднага культурна-асветніцкага грамадскага аб'яднання "Цэнтр развіцця валанцёрства" - яркае таму пацвярджэнне.

Па-трэцяе, лабіраванне інтарэсаў уладаў забяспечвае магчымасць бесперашкоднага і бяспечнага фінансавання."Яны гатовы аказваць усялякае садзейнічанне, у тым ліку і па рэгістрацыі замежных праектаў і грантаў, а таксама гатовыя пераключыць на нашу арганізацыю еўрапейскія праекты, якія знаходзяцца ўжо пад іх кантролем. Ён нават абмовіўся, што не трэба будзе ажыццяўляць працу, а толькі атрымаць грошы і даваць справаздачу. І людзі, якія з імі ўжо працуюць, атрымліваюць 50.000-60.000 еўра ў год. Таксама ён гарантаваў поўную падтрымку і забеспячэнне бяспекі ў працы арганізацыі"- піша Кванталіяні.

Па-чацвёртае, выступ супраць палітыкі ўладаў заканчваецца турмой для незалежных палітыкаў і пагрозамі ў дачыненні да іх блізкіх.

Прыхільнікі адмены санкцый чамусьці замоўчваюць той факт, што прама процілеглай пазіцыі прытрымліваюцца Алесь Бяляцкі, Зміцер Дашкевіч, Андрэй Саннікаў. Вядома, не выпадкова тое, што менавіта яны цяпер за кратамі.

І калі іх прыкладаў не дастаткова, каб супакоіць нязгодных, якія засталіся на волі, то ўлады Беларусі гатовыя "ўвесці адказнасць, у тым ліку крымінальную, у адносiнах да асоб, якія заклікаюць ўвесці санкцыі супраць нашай краіны".

Літаральна ўчора лідэр БКДП Аляксандр Ярашук быў выкліканы ў Генеральную пракуратуру РБ, которыя ўгледзела ў заяве Аляксандра Ярашука аб магчымасці байкоту беларускіх тавараў у ЕС у сувязі з парушэннем правоў прафсаюзаў, прыкметы складу злачынства.

Можна не пагаджацца з пазіцыяй палітвязняў - гэта права выбару кожнага. Можна нават дапусціць, што абаронцы рэжыму сярод апазіцыі свята вераць у тое, што сваімі дзеяннямі прыносяць шчасце беларускаму народу.

Несумненна адно - нельга дазваляць рэжыму ўстараняць нязручных палітычных апанентаў і выкарыстоўваць гэта ў мэтах умацавання сваёй пазіцыі, нават калі ты свята верыш у яе правільнасць.

Адзіна правільным гэтай сітуацыі магло быць адно - ніякіх гутарак да вызвалення палітычных зняволеных. І пра такую сумесную пазіцыю ўдалося дамовіцца беларускім палітычным сілам разам летам 2011.

Вось першы пункт падпісанага пагаднення: "1. Неадкладна спыніць усе крымінальныя справы ў дачыненні да ўдзельнікаў мірнай акцыі пратэсту 19 снежня 2010 года, а таксама іншых палітычных зняволеных, вярнуць ім паўнату грамадзянскіх правоў і свабодаў. Спыніць працэс пераследу іншадумцаў па месцы вучобы і працы, забяспечыць вяртанне звольненых і выключаных (у выпадку іх жадання) на ранейшыя месцы працы і вучобы ...

З моманту вызвалення ўсіх палітычных зняволеных дэмакратычныя сілы Рэспублікі Беларусь, якія ўдзельнічаюць у дадзеным пагадненні, гатовы разам з прадстаўнікамі ўлады абмяркоўваць гэтыя і іншыя змены ў заканадаўстве, накіраваныя на пераадоленне сістэмнага крызісу, адраджэнне паўнавартасных дэмакратычных інстытутаў і развіццё эканомікі краіны. "

Такая пазіцыя была падтрымана і палітыкамі ЕС. Падчас візіту ў Беларусь Гунар Віганд (дырэктар дэпартамента па пытаннях Расіі, Усходняга партнёрства, Цэнтральнай Азіі, рэгіянальнага супрацоўніцтва і АБСЕ Еўрапейскай службы знешняга дзеяння ЕС) у агульным гэтую пазіцыю пацвердзіў.

Аднак, гэтага нельга сказаць пра беларускіх дэмакратаў, якія з усіх сіл спрабуюць улавіць магчымыя "новыя павевы" у еўрапейскай палітыцы, каб як мага хутчэй заняць зручную пазіцыю.

Усе гэтыя мужныя змагары за дэмакратыю, незалежнасць і народнае шчасце замоўчваюць пры гэтым аб тым, што менавіта іх галоўным апанентам ўлада так бесцырымонна закрыла рот.

P.S. Думаю, тут дарэчы нагадаць меркаванне Змітра Дашкевіча з нагоды "дыялогу" ў снежні 2011. Упэўнены, яно не змянілася і цяпер.

Навіны па тэме