Рымашэўскі: рускія генералы дапамогуць уладам знішчаць дэмакратычную апазіцыю

06.04.2012, 13:39  |  Галоўныя навіны, Палітыка

Сустаршыня аргкамітэту па стварэнні Партыі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя" Віталь Рымашэўскі пракаментаваў заяву кіраўніка памежнай службы Расіі генерала Уладзіміра Пронічава аб тым, што з Расіі зачынены выезд для тых, каму забаронены выезд з Беларусі.

 

"Гэтая заява пацвярджае, што Лукашэнка шукае падтрымкі ў Расіі, каб утрымацца ва ўладзе і задушыць беларускую апазіцыю. У сённяшніх умовах атрымліваеццца, што Расія дала згоду на саўдзел і суадказнасць з беларускай уладай за дзеянні супраць беларускага народу", - адзначыў ён, падкрэсліўшы, што сваімі дзеяннямі расійскія генералы дапамагаюць знішчаць беларускую дэмакратычную апазіцыю.

 

"Гэта папярэджанне ўсім тым, хто лічыць Лукашэнку гарантам беларускай незалежнасці. Беларускія ўлады – гарант знішчэння беларускага народу і здачы незалежнасці Расіі. Такія дзеянні з'яўляюцца лагічным працягам антыбеларускай палітыкі беларускіх уладаў. Адзніны гарант незалежнасці – гэта беларускі народ і яго здольнасць абараняць сваю культуру, свабоду і незалежнасць", - лічыць Віталь Рымашэўскі.

 

Пры гэтым ён заявіў, што нават, калі прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў не змогуць выехаць з Беларусі, у Еўрапейскім звязе здолеюць пачуць іх голас. "Галоўная задача беларускіх дэмакратычных сілаў – не часцей бываць за мяжой, а павялічваць свой уплыў унутры краіны і сярод беларускага народу. Таму я лічу, што дадзеныя меры не паўплываюць на працу беларускай апазіцы", - падкрэсліў сустаршыня БХД.

Навіны па тэме