Беларуская глыбіня. Кобрынскі ключ

18.06.2012, 09:34  |  Блогі » Жывая кніга Паўла Севярынца

І дам табе ключы
Валадарства Нябеснага:
і што звяжаш на зямлі,
тое будзе звязана 
ў нябёсах…
Мацвея, 16:19.

 

Расейскі генералісімус Аляксандр Васільевіч Сувораў, аўтар кнігі «Навука перамагаць», за ўсё сваё жыццё здабыў больш за 60 перамог — і, паводле біёграфаў, не пацярпеў аніводнай паразы. Ставіў на імклівасць перамяшчэння, раптоўнасць і шалёны штурм. Біў немцаў, туркаў, мяцежнага Пугачова, палякаў, беларусаў… І ўвосень 1794, разграміўшы галоўныя сілы паўстанцаў Касцюшкі, з неверагоднай лютасцю расправіўся з абаронцамі варшаўскага прадмесця Прага. Дзясяткі тысячаў апалчэнцаў і мірных жыхароў, улучна з жанчынамі і малымі дзецьмі, былі выразаныя і пераколатыя расейскімі цуда-асілкамі.

 

Казакі ды грэнадзёры Суворава гвалцілі манашак і насілі на піках немаўлятаў. Мірную дэпутацыю ад варшавякаў будучы генералісімус дэманстратыўна прымаў на полі, заваленым трупамі.

 

Менавіта за гэтую слаўную вікторыю расейскай імператрыцай Кацярынай ІІ Сувораву быў падараваны маёнтак Кобрынскі Ключ і 7 тысячаў душ беларусаў.

 

Добры дзядуля Аляксандр Васільевіч сціпла пражыў тут колькі месяцаў, лячыў свой кашаль, еў кашку, піў квасок, вучыў пеўчых спяваць у царкве і вельмі любіў сам лазіць на званіцу, каб званіць на ютрань. Дагэтуль музей генералісімуса — эпіцэнтр гістарычных экскурсіяў, афіцыйных цырымоніяў і абавязкова месца, куды водзяць прыезджых. Знішчэнне рэшткаў беларускай дзяржаўнасці, вуліцы, помнікі, расейская мова нашчадкаў тых сямі тысячаў падараваных ды мысленне «ад Брэста да Курыл» — бясспрэчна, шэсцьдзясят-якаясьці там перамога Суворава.

 

І ўсё колішняе, глыбокае — і кобрынскае сярэднявечча, і княскія часы, і Сапегі, і рэформы Боны Сфорцы, і магдэбургскае права, атрыманае з рук каралевы Ганны Ягелонкі, і грэка-каталіцкі сабор 1626, збіраны тут Язэпам Руцкім, і найстарэйшы ў Беларусі парк, заснаваны ў 1768 знакамітым Тызенгаўзам, і стары замак, знесены ў 1840 імперыяй дзеля пракладкі шашы Масква—Варшава — усё гэта аказалася раптоўна, здзічэлым штурмам, высаджана з галоваў ды сэрцаў тутэйшых, вытаптана і забыта… І, па вялікім рахунку, прапячатаўся ў масавай свядомасці Кобрын, дзе больш нічога і не прыгадваецца, адно баявым сувораўскім дробатам, быццам бы па пустым палкавым барабане.

 

І што з таго, што ў 1852 Кобрынскі Ключ быў прададзены Аляксандру Міцкевічу, брату Адама, што ў 1879 тут нарадзіўся будучы старшыня Рады БНР Пётра Крачэўскі, што ў 2009 ужо ў незалежнай Беларусі тут правялі традыцыйныя беларускія «Дажынкі»?..

 

Прыедзеш, пройдзешся — горад расейскі ды запалоханы.

 

Няўжо на стагоддзі наперад усё вырашыла некалькі дзён бязлітаснага і эфектыўнага гвалту?.. Або, калі ставіць пытанне рубам: ці магчыма ўрэшце перамагчы Суворава?

 

Сем гадоў таму пры сустрэчы з Георгіем Дзмітруком, вернікам і прадпрымальнікам з Кобрына, я і ўявіць не мог, што гэты сур'ёзны і вясёлы дзядзечка з «баптысцкай сталіцы» досыць паспяхова адваёўвае сваю радзіму ў Аляксандра Васільевіча. Пакрысе. Спакойна. Жыццём.

 

У Кобрыне ў Георгія дом. Грунтоўны — тры паверхі. Гараж. Участак. Нават калі параўноўваць з домам-музеем Суворава, адразу здагадаешся, хто тут насамрэч усур’ёз і надоўга.

 

А ў доме — сям’я. У Дзмітрукоў — чатыры дачкі і сын. Дом заўжды поўны, шматгалосы — дзеці, браты і сёстры, госці з усяго свету. Бо Георгій — евангельскі вернік. Прадпрымальнік. Кіраўнік Хрыціянскай Дзелавой Ініцыятывы. Сталы ўдзельнік сусветных малітоўных сняданкаў — гэта калі бізнэсоўцы-хрысціяне разам моляцца, ядуць і навязваюць стасункі… Такім чынам Георгій снедаў з Джорджам Бушам і Ангелай Меркель, прэзідэнтамі Літвы і Паўднёвай Карэі…

 

Царква Георгія — маладая і збольшага моладзевая. Шыкоўны хор праслаўлення, што выконвае класічныя хрысціянскія гімны. У сваёй утульнай хатняй музычнай студыі Георгій запісвае і сваіх дачок, і беларускіх выканаўцаў з наваколля.

 

Георгій — сустаршыня Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі. Ягоная Кобрынская суполка — з наймацнейшых у Беларусі. Менавіта пад Кобрынам, у Хідрах, працуе адзін з 12-ці афіцыйна абраных дэмакратычных дэпутатаў мясцовых саветаў — хадэк Віктар Бардзюг. На маіх вачах калісьці цалкам расейскамоўныя пратэстанты пачынаюць размаўляць, спяваць і маліцца па-беларуску — і вось ужо месца Суворава займаюць Мікалай Радзівіл Чорны, Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.

 

Калі Георгій даведаўся, што на «хіміі» ў Купліне няма гарачай вады — прывёз у спецкамендатуру 300-літровы шведскі бойлер (праўда, начальства дагэтуль не наважылася ўсталяваць «хрысціянска-дэмакратычны» падарунак)…

 

Неяк у адной з рэстарацыяў Кобрына Дзмітруку прапанавалі «катлету па-сувораўску». «А вы ведаеце, хто такі Сувораў і з каго ён тут катлеты рабіў?..»

 

Пасля слоўнай сутычкі з адміністратарам і кароткай краязнаўчай лекцыі Сувораў быў ганебна выгнаны з меню.

 

Георгій — адзін з тых, хто разам з фронтаўцам Алесем Мехам у 2007 выступіў супраць будаўніцтва ў Кобрыне Сувораўскага храма. У выніку агульнабеларускай кампаніі абурэння новай праваслаўнай царкве надалі імя Раства Хрыстовага.

 

Пачынаючы з 1990-х, Георгій з сябрамі дастаўляе на Берасцейшчыну заходнюю гуманітарную дапамогу. Бясплатна рабіць дабро — магчыма, гэта працуе не так моцна, як Сувораўская разня, але Творца сусвету і тыя, хто з Ім, чамусьці выбіраюць для перамогі менавіта гэткі шлях.

 

Кобрынскі ключ — сакрэт перамогі. Бітвы ў галовах і сэрцах беларусаў цяпер ідуць не менш зацятыя і жорсткія, чым тады, у эпоху Суворава і Касцюшкі. Душы, калісьці ўскрытыя штыхом ды школай, крывавяць штодня.

 

Супрацьстаяць гэтай зброі і адстойваць свой дом, як і 200 гадоў таму, надзвычай цяжка.

 

Але Дзмітрукі ўсміхаюцца. Яны яўна больш усмешлівыя, чым суровы Сувораў. Яны ўпэўненыя, таму што вераць.

 

Бо поўная беларуская перамога — гэта калі сэрца ўспорвае Бог.

Навіны па тэме