Зьмітру Дашкевічу прысудзілі яшчэ год калёніі

28 жніўня 2012 15:31  |  Галоўныя навіны

«Пакуль вядомы толькі вырак суду — яшчэ год калёніі. Прычым ў гэты год залічаныя тыя 4 месяцы, якія мусіў Зьміцер яшчэ адбыць паводле ранейшага прысуду. Такім чынам, калі ўсё будзе добра, ён выйдзе на волю 28 жніўня 2013 году, не раней. Тут ў калёніі нават супрацоўнікі, зь якімі мы кантактавалі, зьдзіўляюцца такойму жорсткаму прысуду. Бо суд мог дадаць паўгода, ці нават 3 месяцы, залічыўшы тыя 6 месяцаў ПКТ, якія Зьміцер адбыў. Але гэтага не адбылося. Адвакат зараз высьвятляе некаторыя падрабязнасьці, але ужо вядома, што ўначы Зьмітра чакае этап ў Віцебск. Адвакат паспрабуе даведацца і тое, ці будзе ён абскарджваць гэты працэс», — паведаміла Наста Палажанка, якая зараз знаходзіцца каля Глыбоцкай калёніі.

Лідара «Маладога Фронту» вінавацілі ў «злосным непадпарадкаваньні патрабаваньням адміністрацыі калёніі».

З боку Дашкевіча на паседжаньні не было ні адваката, ні блізкіх.

Вязень ня верыць у справядлівасьць працэсу і сам адмовіўся ад абароны юрыста.

З боку абвінавачваньня выступае 40 сьведак — міліцыянтаў і асуджаных.

Лідар «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч разам з актывістам МФ Эдуардам Лобавым быў затрыманы ў Менску за дзень да прэзыдэнцкіх выбараў, 18 сьнежня 2010 году. Іх абвінавацілі ў зьбіцьці двух чалавек.

24 сакавіка 2011 году суд асудзіў Дашкевіча да двух гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму, а Лобава да чатырох гадоў.

Болей навін