Беларуская глыбіня. Цэнтр прасторы

08.10.2012, 10:58  |  Жывая кніга Паўла Севярынца, Грамадства

Па ўсёй зямлі
праходзіць іхні гук,
і па край свету
Словы іхнія.
Псальма 18:5

 

Гэты таемны туманны бераг, дзе вада — да далягляду і дзе мяжой між зямлёй і небам адно лёгкая, пяшчотная смуга, мне давялося ўбачыць упершыню на першым курсе геалогіі БДУ.

 

Наша намётавае мястэчка падчас тыдня берасцейскай практыкі размясцілася якраз тут, ля найвялікшага на Палессі вадасховішча.

Праз тое, што з ваколіцаў Сяльца і род Уладзіміра Высоцкага, і Андрэя Макарэвіча, і Анатоля Папанава, я даведаюся пазней. Але і тады было, было смутнае адчуванне, што менавіта адсюль, з узмежжа Белавежскай пушчы, дзе ціхая Ясельда раптам разліваецца шырэй за Дняпро, пачуеш нешта такое:

 

Звон зазвінеў…
Прастора
Займела цэнтр.

 

Гэта адсюль, з гэтага чуйнага беларускага слыху, з усхваляванага баравымі ўзгор’ямі ціхага абшару духу, ад найвялікшага на Палессі люстра нябёсаў — найвядомейшы ў свеце (калі верыць Вікіпедыі) беларускі паэт сучаснасці, аўтар геніяльных радкоў пра «цэнтр прасторы» Алесь Разанаў.

 

 

Беларуская глыбіня. Цэнтр прасторы: піша Павел Севярынец


Яшчэ мае бацькі, што навучаліся на філфаку ў 1970-х, згадвалі як легенду «Справу Разанава» — калі на ініцыятыву сялецкага студэнта сотні навучэнцаў ды выкладчыкаў падпісалі ў ЦК КПБ заяву з патрабаваннем выкладання па-беларуску. Потым было выключэнне, праца, пераклады Шэкспіра, Басё — і вершы.

 

Яно заўсёды здумявае, уражвае да немасці перад веліччу: як у гэтых затуманеных, забытых, здавалася б, нязначных ды закінутых мясцінах няўзнак фармулююцца адкрыцці і ясна крышталізуюцца словы, накіраваныя ўсяму чалавецтву.

 

Няма, не было — і раптам Ёсць. Эфект цуду.

 

У гэтым увесь Разанаў, каторы адчыняе ў забытым, знаёмым, быццам бы неістотным беларускім — Боскую глыбіню.

 

Перакладаю шэпт дажджу,
пагляд вачэй,
трымценне гаю…
Кранаю,
слухаю,
гляджу,
я не пішу — перакладаю.

 

Каго насамрэч, пішучы вершы, перакладае Разанаў?..

 

Сам Сялец — старажытнае мястэчка, уладанне знакамітай каралевы Боны, Кішкаў ды Сапегаў, паселішча засцянковай шляхты і парламенцкая сталіца ліцвінскага габрэйства: ад 1623 да 1764 з 37 сесіяў Літоўскага Ваада (найвышэйшага органа габрэйскага самакіравання) 12 прайшло ў Сяльцы — да прыкладу, Берасце прыняло толькі 5 пасяджэнняў, а Гародня — 2. Маючы магдэбургскі герб з двума крыжамі — праваслаўным і каталіцкім, — Сялец ужо ў часы ВКЛ стаў жывым цэнтрам крышталізацыі трыадзінай беларускай ідэі: на галоўнай плошчы — царква, касцёл і пратэстанцкі збор.

 

Тутэйшыя назвы, любоўна сабраныя сялецкім краязнаўцам Мікалаем Пейганам — быццам дотыкі невынішчальнае беларускасці: Кут, Корчыкі, Лаз, Алёс, Даткі… і тут жа габрэйскае прадмесце — Форштат.

 

Ці ж не тут, у старажытным Сяльцы, карані ды крыніцы таго ўнікальнага перастварэння, або ўзнаўлення, як кажа сам Разанаў, класічных старабеларускіх хрысціянскіх тэкстаў — «Прадмоваў» Скарыны, «Словаў» Тураўскага, «Плачу» Сматрыцкага, якім займаецца зараз аўтар наватвора «заўзятар», сам заўзятар новых формаў творчасці ды перакладу?..

 

>Вершы Разанава перакладзеныя больш як на 20 моваў свету. Праз Разанава, які пачаў пісаць па-нямецку, ціхая, нясмелая Беларусь раптам загаманіла на ўсю Еўропу — зборнікам Wortdichte.

 

Цяпер з гэтай беларускай ваколіцы, каторую за нямецкай акупацыяй дзеля арыйскіх прыкметаў насельнікаў уключылі ў тэрыторыю Райху, — і наш найвядомейшы перакладчык з нямецкай Сёмуха, і беларускі «нямецкі» паэт Разанаў.

 

А Сялец паціху затухае. Пусцеюць і дагніваюць хаты. Няма ўжо габрэйскага Форштата. На выходных паўз берагі вадасховішча бухае моладзь з усяго наваколля. Сялец рассяляецца ды співаецца…

 

Але.
Калі ўсе згублены ключы,
калі ні шанцу,
анічога —
усё ж ідзі,
любі,
крычы
і пасягай на перамогу.

 

Глядзіш то скрозь слёзы, то з лёгкім уздыхам на гэты поўны невымоўнае ласкі край, дзе ўсё так смутна, размыта, распушчана, стоена — і верыш: яшчэ крыху… вось зараз… раптам пачуецца звон.

 

Прастора займае цэнтр.

 

І ўсе, хто застаўся ў жывых, зразумеюць: тут Бог.

Крыніца: Наша Ніва

Навіны па тэме