Беларуская глыбіня. Самагубства ксяндза Рамэйкі

19.12.2012, 07:42  |  Блогі » Жывая кніга Паўла Севярынца

...Ці не дэман у Табе?
Хто памышляе 
забіць Цябе?
Яна 7:20

 

16 чэрвеня 1931 ксёндз Францішак Рамэйка зайшоў у віленскую кватэру кіраўніка Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Адама Станкевіча.

 

Таго не было, папрасілі пачакаць у пакоі. Ксёндз Францішак чакаў доўга. Потым дастаў пісталет, які ўвесь час насіў з сабой, — ягонага папярэдніка ў парафіі па-зверску закатавалі бандыты. Сеў, напісаў запіску, дзе прасіў прабачэння за свой учынак…

 

І застрэліўся.

 

Рэха таго стрэлу скаланула ўсю Вільню.

 

Ксёндз!.. Сталы, паважаны, працаўнік… Ды дома ў правадыра беларускага руху…

 

Францішак Рамэйка, нараджэнец Віленшчыны, яшчэ ў маладосці ўсвядоміў сябе беларусам праз ксян-дза Францішка Будзьку. Той начытаўся Багушэвіча, праслухаў лекцыі Эпімах-Шыпілы ў Піцеры — і пачаў перакладаць каталіцкія кнігі на беларускую, за што касцельнае кіраўніцтва забараніла яму катэхізаваць дзяцей.

 

Высвечаны яшчэ перад вайной, ксёндз Рамэйка нейкі час служыў у Вільні ды Іўі, а затым быў пераведзены ў беларускую глыбіню, у Шарашова, за 20 км ад Пружанаў. Шарашова — мястэчка ля самай Пушчы, якое ў 1863-м без бою здалося паўстанцам Каліноўскага. У адказ на гэта царскія карнікі ўсю дарогу ад Шарашова да бліжэйшых Купічаў уставілі шыбеніцамі з трупамі закатаваных паўстанцаў — і забаранілі іх здымаць. А Рамэйка, тых самых паўстанцаў нашчадак, і ў мястэчку, і ў бліжэйшым Вялікім Сяле пачаў казаць казані па-беларуску, адчыняць беларускія школы і прытулкі, збіраць хор…

 

Колькі здзекаў і прыкрасці давялося перажыць тут ксяндзу-беларусу… Расейскае чарнасоценства, польская касцельная іерархія, нямецкая акупацыя Першай сусветнай, дэфензіва… А на тваім баку — адно забіты, застрашаны, убогі беларускі люд…

 

У 1923-м ксяндза Рамэйку перавялі ў Задарожжа (якое называлі Бездарожжам) у Дзісенскім павеце, дзе на гары па-над возерам Мнюта цэліць у неба гатычны касцёл Маці Божай Ласкавай. Айцец Язэп Германовіч — той самы, які прайшоў Сібір і сталінскія лагеры — згадвае Рамэйку як дзейснага, бадзёрага і моцнага беларуса. Рамэйка запрашаў яго ў касцёл казаць да людзей па-беларуску: «Кажы, не бойся, я тут пробашч, а на кпіны ды абурэнне не зважай».

 

Бо цкавалі, бо цікавалі, каб падлавіць.

 

Аднойчы ў навальніцу маланка ўдарыла ў задарожскі касцёл, прабіла сцяну ды апаліла арган.

 

Аглядаючы фіялетавую пасму побач з расколінай, парафіяне ўсцеж шапталіся: нябесная кара, бо на хорах пяюць па-беларуску!..

 

Нам, сённяшнім, цяжка ўявіць, у якіх глыбінях жаху і непрыняцця, на якой мяжы жыцця і смерці працавалі тадышнія беларускія ксяндзы, хрысціянскія дэмакраты. Скрозь нецярпімая польскасць згары, скрозь бальшавіцкае бязбожжа знізу, Гітлер на Захадзе, Сталін на Усходзе ды беларуская абыякавасць сярод сваіх. Нам цяжка ўявіць, як ірвалі, як жэрлі звонку і знутры чулую і ўражлівую чалавечую душу, якімі жорнамі перамолвалі да крыві і касцей тысяча дзевяцьсот дваццатыя ды трыццатыя…

 

Нам, цяперашнім, ныць не варта — семдзесят-восемдзесят гадоў таму (адно чалавечае жыццё!) — за тое, аб чым мы мільгом размаўляем зараз, можна было ўмомант атрымаць кулю ў галаву або раскроенае сэрца — і радыё «Свабода» аб гэтым не паведамляла.

 

Апошнім месцам служэння для ксяндза Францішка Рамэйкі сталі Кемелішкі. Тут закатавалі ксяндза Баневіча, і касцёльныя ўлады заткнулі крывавую рану… Кім? Вядома, небяспечным беларусам.

 

А вакол было горш і горш. Віленскі арцыбіскуп Яблжыкоўскі забараніў чытаць «Крыніцу» і належаць да БХД. Лідару хадэкаў ксяндзу Гадлеўскаму далі два гады турмы. Святароў-беларусаў высылалі ў аддаленыя парафіі.

 

Ксёндз Рамэйка падхапіў грып, а там на нервовай глебе развіліся ўскладненні.

 

«Паглядзіце, што ў мяне ў вачах», — прыставаў да знаёмых ксёндз Францішак.

 

Увогуле, як трэба пакутаваць святару, да якой невыноснай ступені знемажэння дайсці, каб забіць сябе — ведаючы, што раскаяцца ў гэтым смяротным граху немагчыма!..

 

Найглыбейшая беларуская глыбіня.

 

Колькі вернікаў ды святароў бралі ў рукі зброю… Колькі цэлілі ў ворагаў, здрайцаў, іншаверцаў… Праваслаўныя «белыя», каталікі-акаўцы, немцы-пратэстанты… Колькія стралялі ў бязбожжа, у гвалт, у нянавісць, спадзеючыся высадзіць д’ябла выбухам распаленага свінца ва ўпор!.. А ксёндз-беларус, ашалелы ад цярпення нясцерпнасці, сярод зямнога пекла схапіў ствол — і накіраваў яго ў сябе.

 

Цяпер у рамэйкавым Шарашове ды Пружанах касцёл беларускі. Супольнасць свядомых каталікоў і ў Вялікім Сяле, якому ксёндз Францішак аддаваў душу: ці выпадкова прозвішча сённяшняга берасцейскага біскупа — Вялікаселец…

 

Там, адкуль Рамэйка родам, будзіць беларусаў ягоны далёкі сваяк, гэтаксама хрысціянскі дэмакрат, таленавіты журналіст westki.info з такім жа балючым чуццём справядлівасці, Кастусь Шыталь.

 

А дзе цяпер сам Рамэйка? На небе? У пекле? У чыстцы?.. Пахавалі яго раненька, як памерлага ад хваробы — і без народу.

 

Самагубства ад адчаю — шлях цара Саўла і Юды Іскарыёта. Але той, хто аддаваў сябе бліжнім дарэшты… Ці можам мы асуджаць яго?

 

На Раство 2012-га, 24 снежня, спаўняецца семдзесят год з дня расстрэлу гестапаўцамі лідара БХД ксяндза Гадлеўскага, што нарадзіўся ў паўгадзіне язды ад Шарашова. Праз колькі гадоў у ГУЛАГу згнаілі Адама Станкевіча. Рамэйка застрэліўся сам.

 

А мы — тыя, дзеля каго жылі і паміралі нашыя папярэднікі… Ці часта згадваем, праз што прайшлі і чым заплацілі яны, каб нам не чакаць штодня стрэлу ў галаву толькі за тое, што любім Беларусь і верым у Бога?..

Навіны па тэме