Абмеркаванне праграмы БХД. Гендэрная палітыка

29.01.2013, 16:20  |  Навіны » БХД

Вашай увазе прапаноўваюцца праекты раздзелаў абноўленай праграмы БХД, якая будзе прымацца на наступным з'ездзе партыі. Над праграмай працуе група экспертаў, якая рыхтуе праект праграмы. Пасля завяршэння стварэння праекта праграмы, яна пройдзе знешнюю экспертную ацэнку і будзе разглядацца на Нацыянальнай Радзе. Пакуль ідзе падрыхтоўка раздзелаў, у сябраў партыі ёсць магчымасць выказаць свае прапановы і заўвагі ў каментарах.

 

6.3. Гендэрная палітыка

 

 

Наша разуменне гендэрнай роўнасці


390. Зыходзячы з таго, што чалавек створаны Богам, БХД прызнае недапушчальнымі любыя формы дыскрымінацыі, якія ўзнікаюць у чалавечай культуры. Адпаведна БХД выступае супраць дыскрымінацыі чалавека на падставе палавой прыналежнасці. Пры разглядзе пытання гендэрнай роўнасці неабходна ўлічваць тыя біялагічныя асаблівасці мужчын і жанчын, якія тычацца рэпрадуктыўнай функцыі і праяўляюцца ў сацыяльнай ролі ў грамадстве і прафесійнай дзейнасці. Самае галоўнае зразумець, што ўмовы жыцця мужчын і жанчын значна адрозніваюцца паміж сабой у пэўнай ступені з-за рэпрадуктыўнай функцыі жанчын. Жанчыны выношваюць і нараджаюць дзіця, займаюцца яго кармленнем і даглядам. Таксама абмежаваныя магчымасці прымянення жаночай працы ў цяжкай вытворчасці і ў вайсковай справе. Такім чынам, сам Бог заклаў паміж мужчынамі і жанчынамі адрозненні, і гэта з’яўляецца натуральным і нязменным становішчам рэчаў.

 

391. Пытанне не ў наяўнасці гэтых адрозненняў, а ў тым, што яны не павінны негатыўна адбівацца на ўмовах жыцця мужчын і жанчын, весці да дыскрымінацыі, а, наадварот, адпаведным чынам ўлічвацца, што павінна выяўляцца ў роўным размеркаванні эканамічных, сацыяльных і палітычных магчымасцяў.

 

392. Нягледзячы на тое, што ў Беларусі мужчыны і жанчыны маюць роўныя юрыдычныя правы і абавязкі, мы прызнаем наяўнасць пэўных нефармальных правілаў, мадэляў паводзін і грамадскіх стэрэятыпаў у адносінах да мужчын і жанчын, якія парушаюць роўныя іх магчымасці і расцэньваюцца намі як дыскрымінацыя па палавой прыкмеце. БХД падзяляе пункт гледжання, згодна з якім пад гендэрнай роўнасцю разумеецца роўнае становішча, адказнасць і ўдзел мужчын і жанчын у грамадскім і прыватным жыцці. Мужчыны і жанчыны мусяць мець роўны доступ да эканамічных рэсурсаў, мужскія і жаночыя ролі ў сацыяльным жыцці мусяць ацэньвацца як раўназначныя на падставе пастулата пра роўны ўнёсак мужчын і жанчын у грамадскае і дэмаграфічнае развіццё.

 

Прынцыпы дзяржаўнай гендэрнай палітыкі


393. Гендэрная палітыка ў разуменні БХД уяўляе сабой комплекс мер дзяржаўных органаў і грамадзянскай супольнасці, накіраваных на рэальнае забеспячэнне гендэрнай роўнасці і на развіццё асобы незалежна ад палавой прыналежнасці.

 

394. У структуры заканадаўчай і прадстаўнічай улады неабходна стварыць адмысловыя камісіі па гендэрнай роўнасці: у ніжняй палаце Парламенту – Сойме і на павятовым узроўні – у Павятовых Асамблеях. Дадзеныя адзінкі ў структуры заканадаўчай і прадстаўнічай улады мусяць праводзіць ацэнку прымаемых нарматыўных актаў і рашэнняў адпаведна мэт дзяржаўнай гендэрнай палітыкі, забяспечваць кантроль за выкананнем нарматыўных актаў па забеспячэнні гендэрнай роўнасці, удзельнічаць у забеспячэнні фінансавання з рэспубліканскага і павятовых бюджэтаў і спрыяць пазабюджэтнаму фінансаванню дзяржаўнай гендэрнай палітыкі.

 

395. Да рэалізацыі мер па забеспячэнню гендэрнай роўнасці мусяць прыцягвацца і структуры грамадзянскай супольнасці – неўрадавыя арганізацыі і ініцыятывы. Менавіта праз грамадзянскую супольнасць неабходна рэалізоўваць практычныя захады па гендэрнай палітыцы шляхам дзяржаўнага фінансавання адпаведных праграм. Дзяржава мусіць ствараць інстытуцыйныя ўмовы, прававую базу для гендэрнай роўнасці, а пры рэалізацыі практычных мерапрыемстваў і праграм па гендэрнай праблематыцы мусяць працаваць грамадскія арганізацыі.

 

396. Неабходна стварыць грамадскую Раду па гендэрнай роўнасці з прадстаўнікоў грамадскіх арганізацыяў, дэпутатаў Сойма і павятовых Асамблеяў, прадстаўнікоў выканаўчай улады. У сферу кампетэнцыі Рады будзе ўваходзіць арганізацыя шырокага грамадскага абмеркавання дзяржаўнай гендэрнай палітыкі, выпрацоўка рэкамендацыяў для дзяржаўных органаў, прыняцце новых захадаў і мер па гендэрнай праблематыцы, абмеркаванне фінанасавання гендэрных праграм і інш.

 

397. БХД разглядае гендэрную палітыку ў непарыўнай сувязі з сямейнай палітыкай. Жанчыны, якія выношваюць дзіця альбо знаходзяцца ў адпачынку па дагляду за дзіцём (роўна як і мужчыны), мусяць мець магчымасць дыстанцыйнага навучання з дапамогай інтэрнэту і інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіяў у вышэйшых навучальных установах, курсах і г.д., у тым ліку і за кошт дзяржаўнага бюджэту. Дадзеная мера накіравана на ўвасабленне прынцыпу роўных магчымасцяў у набыцці адукацыі і прафесійнай рэалізацыі мужчын і жанчын. БХД будзе ствараць гнуткую сістэму перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі для жанчын, якія займаюцца даглядам дзіцяці. Стварэнне сям’і і нараджэнне дзяцей не павінна станавіцца перашкодай да павышэння або набыцця адукацыі і прафесійных навыкаў жанчын. БХД будзе садзейнічаць стварэнню працоўных месцаў “на даму” з вольным графікам працы, а таксама пашыраць гнуткія формы занятасці. Неабходна стварыць умовы для спалучэння кар’ернага развіцця з хатнімі абавязкамі і выхаваннем дзяцей, стварыць механізмы прыцягнення мужчын да дагляду за дзецьмі. 

 

398. Дадзеныя меры будуць замацаваны на заканадаўчым узроўні. БХД выступае за прыняцце закона “Аб гендэрнай роўнасці і роўных магчымасцях”, накіраванага на абарону правоў мужчын і жанчын ва ўсіх сферах грамадскага і прыватнага жыцця. У беларускім заканадаўстве мусіць выразна рэгулявацца сфера працоўных адносін і прадухіляцца дыскрымінацыя па гендэрнаму прынцыпу пры прыёме на працу. Неабходна замацаваць і пашырыць гарантыі жанчын пры прыёме на працу незалежна ад узросту і планаў па стварэнні сям’і і цяжарнасці. На падставе закона “Аб гендэрнай роўнасці і роўных магчымасцях” і зменаў у працоўны кодэкс трэба забараніць практыку прыняцця на працу па гендэрнаму прынцыпу, калі на пэўныя пасады прымаюцца толькі мужчыны ці толькі жанчыны. Выключэннем з’яўляецца цяжкая фізічная праца, а таксама праца, звязаная з мадэльным бізнэсам, рэкламай, дэманстрацыяй дызайнерскага прадукта).

 

399. Дзеля большага ўцягвання жанчын у эканамічную сферу і барацьбы з жаночым беспрацоўем неабходна спрыяць развіццю жаночага прадпрымальніцтва. Дзяржава мусіць надаць істоную ўвагу бізнэс-навучанню жанчын, падтрымцы ініцыятыў па кансультаванню жаночага прадпрымальніцтва і адкрыцці банкамі праграм мікракрэдытавання.

 

400. БХД лічыць, што ў дэмакратычнай краіне не можа існаваць практыка квот па гендэрнаму прынцыпу ў заканадаўчых і прадстаўнічых органах улады. Рэалізацыя гэтай ідэі немагчыма пры наяўнасці свабодных дэмакратычных выбараў, бо толькі выбарцы могуць вырашыць, хто атрымае дэпутацкаія мандаты. Аднак дзяржава можа на заканадаўчым узроўні гарантаваць пэўную мінімальную колькасць жанчын у партыйных спісах на выбарах, у органах партыйнага кіраўніцтва, у дзяржаўных органах. Аднак рэалізацыя дадзенага прынцыпу не павінна ажыццяўляцца за кошт якасці спецыялістаў, якія прымаюцца на працу.

 

401. БХД будзе падтрымліваць уцягненне жанчын у актыўнае палітычнае і грамадскае жыццё краіны. У БХД не існуе праблемы гендэрнай дыскрымінацыі: жанчыны прадстаўлены ў органах партыйнага кіраўніцтва (рэгіянальныя каардынатары, сябры Ўправы і Нацыянальнай Рады БХД). У 2012 годзе на з’ездзе Маладых хрысціянскіх дэмакратаў было абрана кіраўніцтва, у склад якога ўвайшлі выключна жанчыны.

 

402. Дзеля змены сітуацыі з грамадскім успрыманнем гендэрнай роўнасці неабходна распрацаваць стратэгію фармавання гендэрна адчувальнай свядомасці. Пачынаючы са школьных прадметаў па культуры, этыцы і ўніверсітэцкіх курсаў трэба распаўсюджваць веды пра роўнасць мужчын і жанчын, пра раўназначнасць іх роляў у грамадскім развіцці і сямейным жыцці, трэба выкрываць прымітывізм гендэрных стэрэятыпаў. 

 

Сацыяльная небяспека хатняга гвалту


403. Актуальнай праблемай у сферы гендэрнай палітыкі з’яўляецца хатні гвалт, які падрывае цэласнасць сям’і, здароўе, годнасць, бяспеку і незалежнасць асобы. Гвалт у сям’і можа быць фізічным, псіхалагічным, сэксуальным, а таксама эканамічным. На сённяшні дзень у Беларусі хатні гвалт з’яўляецца найбольш распаўсюджаным відам гвалту на гендэрнай глебе. Сёння ў Беларусі ў органы ўнутраных спраў штодзень паступае каля 500 паведамленняў аб фактах сямейна-бытавых канфліктаў, з якіх больш за 70% складаюць выпадкі хатняга гвалту ў адносінах да жанчын і дзяцей. У той жа час значная колькасць выпадкаў гвалту не фіксуецца, паколькі многія жанчыны альбо схільныя мірыцца з яго праявамі, альбо аддаюць перавагу шукаць рашэнні, не звяртаючыся з заявамі ў афіцыйныя органы.

 

404. Назіраецца моцная сувязь паміж распаўсюджанасцю хатняга гвалту і сацыяльна-эканамічным становішчам сям’і: калі ў малазабяспечаных сем’ях ад пабояў пацярпела кожная трэцяя з апытаных жанчын, то ў сем’ях з добрым дастаткам такія факты сустракаюцца ў 5% выпадкаў. БХД выступае за прыняцце закона “Аб супрацьдзеянні хатняму гвалту”, які будзе змяшчаць тлумачэнні ўсіх відаў гвалту, санкцыі за ўчыненыя дзеянні і сістэму экстраных мер па прадухіленню і абароне ахвяр хатняга гвалту. У дадзеным законе мусіць быць прадстаўлены комплекс мер па прафілактыцы выпадкаў хатняга гвалту і роля ў прафілактыцы ўсіх органаў і арганізацыяў: паліцыі, сацыяльных служб, мясцовага самакіравання, цэркваў і неўрадавых арганізацыяў.

 

405. Дзеля вырашэння сітуацыі з хатнім гвалтам дзяржава мусіць праводзіць комплексную бестэрміновую інфармацыйную кампанію, накіраваную як на прадухіленне хатняга гвалту, так і на выпраўленне яго наступстваў. Трэба распаўсюджваць інфармацыю пра небяспечнасць для цэласнасці сям’і і цяжкіх наступстваў ад хатняга гвалту. Неабходна стварыць гарачыя тэлефонныя лініі для хуткага рэагавання на небяспеку хатняга гвалту і на вострую сітуацыю.

 

406. Усе дзяржаўныя ведамствы і органы ўлады, якія маюць дачыненне да вырашэння праблемы хатняга гвалту (паліцыя, пракуратура, сацыяльныя службы, неўрадавыя арганізацыі, медыцынскія ўстановы, суды, органы мясцовага самакіравання), мусяць быць праінфармаваныя пра дадзеную праблему, яе цяжкія сацыяльныя наступствы і стратэгіі вырашэння праблемы. Патрабуецца вывучэнне замежнага вопыту барацьбы з хатнім гвалтам, правядзенне адукацыйных мерапрыемтсваў і абмен вопытам з замежнымі партнёрамі.

 

407. Неабходна выпрацаваць механізм рэабілітацыі ахвяр хатняга гвалту з аказаннем медыцынскай і псіхалагічнай дапамогі, забяспечыць ахвяр хатнага гвалту кароткатэрміновым і доўгатэрміновым прытулкам у тых выпадках, калі гэтага патрабуе сітуацыя. Дзеля гэтага дзяржава мусіць распрацаваць праграму па фінансаванню агучаных мер у дастатковай ступені па ўсёй краіне.

 

 

408. БХД выступае за:

  • роўныя эканамічныя, палітычныя і юрыдычныя правы і абавязкі для мужчын і жанчын;
  • роўныя магчымасці і ўдзел мужчын і жанчын ва ўсіх сферах жыцця грамадства;
  • стварэнне адмысловых адзінак у органах заканадаўчай і прадстаўнічай улады па пытаннях гендэрнай роўнасці;
  • актыўны ўдзел грамадзянскай супольнасці ў дзяржаўнай гендэрнай палітыцы і ў вырашэнні праблем гендэрнай роўнасці;
  • стварэнне грамадскай Рады па гендэрнай роўнасці з прадстаўнікоў грамадскіх арганізацыяў, дэпутатаў Сойма і павятовых Асамблеяў, прадстаўнікоў выканаўчай улады;
  • магчымасць атрымання адукацыі, павышэння кваліфікацыі і працы на даму па гнуткаму графіку для тых жанчын, якія даглядаюць дзіця. Такімі ж правамі мусяць карыстацца і мужчыны, якія знаходзяцца ў адпачынку па дагляду за дзецьмі;
  • прыняцце закона “Аб гендэрнай роўнасці і роўных магчымасцях”, накіраванага на абарону правоў мужчын і жанчын ва ўсіх сферах грамадскага і прыватнага жыцця;
  • спрыянне развіццю жаночага прадпрымальніцтва;
  • ліквідацыю практыкі прыняцця толькі мужчын ці толькі жанчын на пэўныя пасады;
  • выхаванне гендэрна адчувальнай свядомасці дзеля пераадолення грамадскіх гендэрных стэрэятыпаў;
  • прыняцце нацыянальнай праграмы і закона “Аб супрацьдзеянні хатняму гвалту”.

Навіны па тэме