Беларуская глыбіня. Малітва на плошчы

11.04.2013, 11:25  |  Блогі » Жывая кніга Паўла Севярынца

Мудрасць кліча на вуліцах,
На плошчах узносіць свой голас.
Выслоўі Саламонавы 1:20

 

Плошчы ў Пружанах пустыя. Перад райвыканкамам — чорны чыгунны стод Леніна, пляц перад Домам культуры, забрукаваны калісьці на дажынкі, увогуле голы. Як гэтыя плошчы называюцца, невядома. Пытаў людзей — паціскаюць плячыма. Шукаў на мапах — безвынікова. Пустыя плошчы без імёнаў.

 

Ва ўсёй Еўропе цэнтральная плошча — гэта святое святых. На саборных і ратушных плошчах сталіцаў ды мястэчак скрозь касцёлы, кірхі, цэрквы. «Бо там, дзе двое ці трое збяруцца ў імя Маё, там і Я сярод іх», — кажа Ісус. І яна дагэтуль адчуваецца на еўрапейскіх плошчах, заціхлая — толькі прыслухацца! — прысутнасць Божая.

 

У Пружанах святыя месцы з савецкіх часоў пустыя.

 

Абапал галоўнага пляцу — Палац культуры, цырульня, аптэка і крамы, крамы, крамы. Сэрца горада, атлусцелае ад спажывецтва і гулкае, бы барабан. Толькі шнуруюць людзі — з крамаў у аптэку, з цырульні на кірмаш. Таропка шорхаюць падэшвы (хутчэй, хутчэй праз гэтае няёмкае маўчанне) ды цікаюць абцасікі. Пранізліва, як гадзіннік — так, быццам чагосьці моцна чакаеш.

 

Дваццаць гадоў таму вернікі на беларускіх вуліцах патрабавалі вярнуць храмы. Сёння на мінскіх плошчах вернікі, якім аддалі храмы, моляцца за вяртанне людзей.

 

Штодзённая малітва за палітвязняў на плошчы Незалежнасці, ля Чырвонага касцёла трывае ўжо амаль год. У студзені 2011 яе пачыналі жанчыны, вядомыя ўсяму мінскаму руху як «Хор імя Зянона Пазняка» — Ніна Багінская, Лета Юстыновіч, Вера Ціцянкова, матуля выключанай з універсітэта прэс-сакратаркі Маладога Фронту Тані Шапуцькі Ганна…

 

Тут жа — мама лідара нефармальнай моладзі Андрэя Кіма Таццяна, мама арыштаванага разам з Дашкевічам маладафронтаўца Эдуарда Лобава Марына, мама Вячаслава Сіўчыка, які цяпер гуртуе беларускі рух ва Украіне, спадарыня Галіна, мама Мікіты Ліхавіда Алена, матуля Андрэя Саннікава Ала… Людзі чытаюць «Ойча наш» і Біблію, спяваюць «Магутны Божа», пайменна згадваюць палітвязняў, па чарзе выказваюць кожны свой боль — і хорам: «Просім Цябе, Госпадзе!» Людзі выходзяць на Кастрычніцкую і праходзяць з малітвай той шлях, які год таму прайшлі дзясяткі тысячаў маніфестантаў.

 

Ужо ўлетку малітву падхапілі ў вялікіх гарадах.

 

Віцебская малітва — штопятніцы на беразе Дзвіны, ля Ефрасіннеўскага крыжа перад Успенскім саборам; Гарадзенская — ля Петрапаўлаўскай царквы; гомельская — ля помніка Кірылу Тураўскаму; берасцейская — ля гарадскога касцёла…

 

Малітва на плошчы — моцная рэч. Але адразу ўскіпаюць спрэчкі — у цэрквах і на форумах. «Ты ж, калі молішся, зайдзі ў пакой твой і, зачыніўшы дзверы твае, памаліся Айцу твайму, Які ў тайнасці; і Айцец твой, Які бачыць у тайнасці, аддасць табе наяве» (Мацвея 6:6). Так, гэта правіла. Але ёсць і выключэнні — калі мудрасці час узносіць свой голас на плошчах.

 

Ісус шмат маліўся публічна — згадайма ерусалімскія вуліцы ці цуд з хлябамі. Дзеі апостальскія поўныя малітваў на плошчах. Святы Стэфан маліўся нават сярод тых, хто забіваў яго камянямі.

 

Юрыдычна малітва — гэта падстава для Бога ўмяшацца ў наша жыццё.

 

Даючы чалавеку вольную волю, творца даў яму і спосаб дазволіць дзейнічаць праз чалавека Богу.

 

Шатландцы кажуць: «Аднойчы Джон Нокс зайшоў у сваю спальню памаліцца. Так пачалася гісторыя Шатландыі». Джон Нокс, вялікі казаннік ХVI ст., чыёй малітвы каралева Марыя Сцюарт «баялася болей, чым усіх арміяў свету», заклікаў народ да малітваў на вуліцах Эдынбурга — і евангельская Рэфармацыя збудавала Шатландыю як краіну.

 

«Кажы, кажы, не змаўкай!» — цярэбіць доктар хворага, які зведаў моцны шок. Калі той змоўкне — можа памерці. Калі народ перастае размаўляць з Богам — ён памірае.

 

Вы звярталі ўвагу, як моляцца беларусы? Засяроджана, у падлогу, у далоні, «перад сабой». Нават у храмах і малітоўных дамах, нават калі царква поўная, за рэдкімі выключэннямі — паасобку. У гэтым сэнсе шматканфесійная малітва на плошчы, дзе вернікі бяруцца за рукі і хорам пералічваюць імёны тых, хто пакутуе за ўсіх, — яднанне беларусаў перад Богам.

 

Мы, якія святкуем нараджэнне Хрыста двойчы на год, зараз мусім сказаць сваё слова. Беларусь нараджаецца на плошчах — у малітве. На пачатку было Слова…

 

Якое?.. «Рэвалюцыя»? «Свабода»? «Дабрабыт»?

 

Тыя, хто цытуюць, звычайна забываюцца працяг:

 

«На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Слова было Бог». (Яна 1:1) 

Навіны па тэме