Беларуская глыбіня. Ад крамы да храма

22.04.2013, 14:27  |  Блогі » Жывая кніга Паўла Севярынца

Праз тры дні знайшлі Яго ў храме,
Сядзеў сярод настаўнікаў, слухаў іх
І распытваў іх.
Лукі 2:46 

 

Час у Пружанах спыніўся. Разгублены. Не ведае, куды дацца. Быццам і новы год, але які ж ён, халера, новы — чым далей, тым болей у навінах праглядвае бэ-у. Усё вакол да агіды знаёмае, і няможна даўмецца, ну колькі яшчэ яно працягне, гэтае BY?!.

 

А між тым 2012-ты ад нараджэння Хрыстовага — забыты юбілей. 2000 гадоў таму, калі Ісусу споўнілася дванаццаць, бацькі падчас штогадовай пілігрымкі ў Ерусалім згубілі Яго — і ўрэшце адшукалі толькі ў святыні. Ён распытваў настаўнікаў і здзіўляў усіх сваім розумам. Адзіная падзея з жыцця Хрыста ад дзяцінства да 30-годдзя, адзначаная ў Евангеллях. Такім чынам, 2012: шукаеце Збаўцу? Ён у царкве.

 

Акурат 1-га студзеня, маючы колькі гадзінаў да вяртання ў каменду, вандрую па пружанскіх храмах, спрабую знайсці штосьці новае ў новым 2012-м. Пагатоў, нядзеля.

 

У Спаса-Праабражэнскай царкве на Горцы, дзе з часоў Вялікага княства хаваюць праваслаўных па левы бок вуліцы, а каталікоў — па правы, народу поўна. Што характэрна, дзясятая гадзіна ранку 1-га, а паху перагару — ані. Мужчынаў хіба траціна. Ціха: калі падчас набажэнства раптам звініць мабільны, айцец Ігар раскаціста папярэджвае: «Знайду, чый тэлефон — зашпурну так, што будзеце шукаць на каталіцкіх могілках!»

 

У пружанскім касцёле, дзе калісьці настаяцелем пачаў сваё пастырскае служэнне кардынал Казімір Свёнтак, дзе за саветамі зрабілі дыскатэку, у першы дзень новага года зранку занятыя ўсе лавы. Хор распяваецца польскімі калядкамі: «Сhwala na wysokości!..» Малады ксёндз-паляк гаворыць па-расейску, але галоўная імша — беларуская. Елка пры алтары, перавітая сінімі гірляндамі, мігціць у такт акордам аргана. Пружанцы тут апранутыя больш дыхтоўна; жанчыны выкшталцоныя — але мужчынаў яшчэ менш, мо кожны пяты, нават з улікам міністрантаў.

 

Як ні дзіўна, у пружанскіх крамах 1 студзеня пуста. Нявыспаныя касіркі ды шорханне некалькіх самотных наведнікаў: падаецца, гэтыя зайшлі ў святыню спажывецтва хіба што паводле штодзённага заведзенага рытуалу і марна спрабуюць сфакусаваць позіркі на паліцах.

 

Беларускае сэрца, якое пераганяла кроў па нагах, руках ды кішках, амывала найдаражэйшы страўнік, фільтравала з печані алкаголь, раптам стаілася ў трывожным чаканні. Штодня смакаваць кілбаску робіцца, як і ў 90-х, раскошай. Божа, куды ж цяпер, а?!

 

І вось на Усяночную на праваслаўнае Раство царква перапоўненая. Задуха.

 

Паспалітаму люду цікава, што ж адбудзецца роўна а дванаццатай. Стаяць, прыслухоўваюцца — да малітвы, да народу, да сябе.

 

Апоўначы запальваецца святло: Хрыстос нарадзіўся!

 

Цуд на Каляды.

 

Люд тоўпіцца, падымаецца на дыбачкі, каб угледзець — што там, у стаенцы пад елкамі. Нічога не бачна. Пад манатоннае чытанне натоўп паціху рассмоктваецца. На літургію застаюцца верныя. Здаецца, у 2012-м усё як заўжды.

 

І раптам — «дзінь-дзілінь!..» Дзіцячыя галасы. Школьны хор спявае беларускія калядкі! «Учора з вячора», «Ціхая ноч», «Маці Божа»… Пяць беларускіх, дзве расейскія і нават адна ўкраінская. Для поўнага беларускага міжмоўнага шчасця не стае хіба польскай — той самай, з касцёла. Цуд другі!

 

Нарэшце, цуд трэці. Пасланне Патрыярха Маскоўскага Кірыла чытаецца… таксама па-беларуску. Настаяцель старанна выгаворвае «ў» ды «р», і хіба што па выбухным «г» можна вызначыць: такое тут упершыню.

 

Беларускасць нараджаецца наноў там, дзе і належыць нацыі з 1000-гадовымі хрысціянскімі каранямі.

 

Раство ў глыбінцы заўжды больш цёплае і блізкае, чым у вялікім горадзе: усё-такі нараджэнне Госпада адбылося ў стайні, у яслях, у сям’і. Ды і пастухоў і мудрацоў на тысячу чалавек насельніцтва тут хіба што паболей.

 

Зрэшты, большасць беларусаў пакуль што дома. У краму ўжо няма з чым — даядаюць святочнае, у храм — няма дзеля чаго. Але ўжо робіцца ясна: чым глыбей крызіс, тым болей народу ўрэшце крэкне ды пойдзе пашукаць — дзе ж яны ўсё-такі згубілі Бога?

 

Уявіце сабе, слова «крызіс» па-грэцку азначае «суд». Так і ў Евангеллях — крызіс. Вось ужо год беларускія пратэстанты кажуць, што і рэжым, і народ праходзяць суд Божы. За ўсё. За злосць і абыякавасць. За п’янства. Праваслаўны атэізм. Цярпімасць да зла. Страх.

 

Крызіс — прамая дарога ад страўніка да сэрца, ад крамы да храма.

 

Яшчэ крыху — і беларускі народ будзе гатовы шукаць, дакуль не знойдзе. Ці гатовая царква?..

 

Як і калісьці — слухае і распытвае, не сціхае дзвюхтысячагадовым рэхам, прабірае мурашкамі па ўсім целе беларусаў Сам Бог. 

Навіны па тэме

Фото юзера Serg
Serg 24.04.2013
Крызіс - гэта калі праблемы агульныя, а дасягненні асабістыя. Гэта яднае лепш за сакавіцкую завею.