Беларуская глыбіня. Дно душы

24.07.2013, 16:09  |  Блогі » Жывая кніга Паўла Севярынца

…Адчыняе глыбокае
з сярэдзіны цемры,
і выводзіць на святло
цень смяротны.

Ёў 12:22

 

Страшней за ўсё, што нас гэта ўжо не здзіўляе.

 

…Мамка трох сыноў п’е са сваімі падлеткамі, паруецца са старэйшым — і ходзяць удваіх у абдымку, цалуюцца, бутэлька ў руцэ, напаказ перад суседзямі на пружанскіх вуліцах…

 

…У п’яных бойках, якія ўспыхваюць за столікам у кавярні або на дыскатэцы, хлопчыкі-беларусы атрымліваюць то заточкай у сэрца, то разрыў унутраных органаў ад шалёных удараў нагамі, то раскроеныя кастэтам галовы.

 

…Кіроўца, крэпкі беларускі мужык, спалохана тэлефануе: падчас рамонту ў доме, дзе павесіўся ягоны дзядзька, знайшлі пад узадранай падлогай закладзенае ў кут яйка… Баіцца праклёну…

 

…Берасцейскі апазіцыйны дзеяч прапівае з сужыцелькай еўрапейскія гранты, і, каб не прышчамілі самога, здае паплечнікаў мясцовай «канторы».

 

…Хлопец, што дзяжурыць начамі ў гаспадарцы, прыкормлівае суку з вартавых аўчарак — і проста ў бытоўцы на агульнай канапе забаўляецца з ёй да раніцы…

 

…У адной з вёсак Лунінеччыны бабка, якой адмаўляюць даваць «на доўг» самагонку, крадком падпальвае з дзясятак «кропак», а калі міліцыя ўрэшце яе затрымлівае — у хаце знаходзяць спіс з астатнімі.

 

Спіс з астатнімі…

 

У кожнага беларуса, белага чалавека, свой чорны спіс.

 

Спрабуеш у гэтай багне дастаць да ўласнага дна… але засмоктвае пачуццё сваёй вышэйшасці… ганебны, дробязны разлік у словах і дзеяннях… успышкі пыхі… правалы з ззяючых Боскіх вяршыняў у бытавы грэх… асуджэнне ў слове, куды большае за твае тры гады абмежавання волі… сумятня думкі… тамленне духа…

 

Дно беларускай душы — балота. Як кажа геахімік Вячаслаў Сіўчык, балота — гэта такі ж біягеацэноз, як і іншыя: усе працэсы ідуць, але вельмі павольна. Гніенне — стагоддзямі. А пад траўкай ды кветачкамі — багна.

 

Што за нечысць гняздуе ў найглыбейшых нашых тайніках? Колькі бесаў, балотных, блатных ды глабальных кішыць і лунае вакол — шляхціцу Завальню і не снілася.

 

Што за пачварныя духі дыхаюць у ашчэрах ды вызверах злосці, ледзь толькі кладзецца тэлефонная слухаўка або бразгаюць дзверы? Колькі смяротных грахоў кідаюцца рваць наша сэрца пры адным толькі выглядзе бліжняга — і колькі ўжо даядаюць нас, варта толькі яму адкрыць рот!..

 

Які тут Лукашэнка, якая імперыя… Мы ціха і зацята гадуем самаўладнага тырана ўнутры сябе, і высільваемся пабудаваць сваю вавілонскую імперыю, хай сабе памерам з прысядзібны ўчастак, але каб да нябёсаў.

 

І так нясцерпна, так востра цягне гэта тут, сярод разбураных святыняў і раскаяных вернікаў, у райскіх зарасніках белавежскіх ваколіцаў, навылёт прашытых птушыным свістам, зіхоткіх ад дыяментавых росаў, з крывавымі сунічкамі на магілах паўстанцаў, на сонечных палях з балацявінай, дзе бітва Бога з д’яблам то разгараецца, то заціхае з кожным чалавечым пакаленнем…

 

Ці ёсць яно, дно беларускага грэху?

 

Беларускае пекла — не агнявая магма з фантанамі пырскаў, а тлеючы тарфянік.

 

Да чаго ён здольны дайсці, гэты белы народ з чорным нутром, да якога прадоння дакапацца пры заглыбленні ў роднае эга, да якога злачынства праваліцца, да якога часу трываць уласную невыносную заражанасць грэхам!.. За стагоддзі паганства, бязбожжа і фарысейства тоўшчы зла ў генетыцы і ментальнасці дасягнулі неабдымных значэнняў.

 

Кожнаму, хто марыць падняць Беларусь з багны, наканавана крок за крокам, спроба за спробай павольна, пакутліва і знадрыўна спасцігаць: выцягнуць сябе з балота за валасы немагчыма. Тут патрэбная сіла звыш.

 

«Чалавекам гэта немагчыма», — тройчы паўтарае Евангелле паводле Марка, Лукі і Мацвея.

 

Вось чаму ў гэтай краіне Сыну Чалавечаму наканавана вечна трываць пакуты і боль ад ранаў, глыбейшых чым у іншых месцах, ад рассячэнняў граху да самага сэрца; скаланацца ў сутаргах на крыжы, забітым у дрыгву, быццам асінавы кол; дранцвець у смуродных пячорах нашых сэрцаў, загорнутаму, як і тады, у белае; пагружацца ў балоцістую геену — і ўваскрашаць нас пад бела-крывава­белым сцягам.

 

Бо ўсё магчыма Госпаду.

Навіны па тэме