Віталь Рымашэўскі: далейшае закабаленне беларусаў толькі пагоршыць сітуацыю

12.11.2013, 12:18  |  Галоўныя навіны, Палітыка, Грамадства, Эканоміка

Сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя" Віталь Рымашэўскі пракаментаваў рашэнне Аляксандра Лукашэнкі пашырыць кантрактную сістэму на ўсе катэгорыі працоўных грамадзянаў, а таксама вярнуць практыку характарыстык з мінулых месцаў працы.

 

"У Беларусі трэба не рабіць больш жорсткім рабаўладальніцкі лад, а пераходзіць на нармальныя рынкавыя стасункі. Але ўсё адбываецца наадварот – ідзе паступовы працэс закабалення і рабавання беларускіх грамадзянаў", - адзначыў ён.

 

Пры гэтым палітык заявіў, што у сельскай гаспадарцы, дзе працоўных сілаў не хапае, замежныя працоўныя ўладкаваныя на значна лепшых умовах і атрымліваюць большыя заробкі за простых беларускіх калгаснікаў.

 

"Прычына стагнацыі ў эканоміцы не ў грамадзянах краіны, а ў карупцыйнай сістэме, мэта якой – забяспечыць звышпрыбыткі для набліжаных алігархаў і добрыя ўмовы для карных органаў", - лічыць сустаршыня БХД.

 

"Далейшае закабаленне працоўных не толькі не палепшыць сітуацыю ў краіне, але зробіць яе горш. Гэта толькі павялічыць працоўную эміграцыю і адток насельніцтва ды паглыбіць стагнацыю беларускіх прадпрыемстваў і ўсёй эканомікі Беларусі", - падкрэсліў Віталь Рымашэўскі.

Навіны па тэме