Жыхары Глыбоцкага раёну просяць дапамогі!

23.11.2013, 13:37  |  Галоўныя навіны, Рада Народных Дэпутатаў, Грамадства

Жыхары вёскі Кішы Глыбоцкага раёна ўжо другі год пакутуюць з прычыны адсутнасці вады, з прычыны чаго ў іх няма нармальнай магчымасці памыцца, прыгатаваць сабе ежу, накарміць і напаіць хатніх жывёл.

 

Вяскоўцы неаднаразова звярталіся з вуснымі і пісьмовымі заявамі да кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства "Стрынадкі", у Падсвільскі пассавет, ў Глыбоцкі райвыканкам.

 

18 чэрвеня 2013 года адбыўся сход жыхароў вёскі, куды былі запрошаныя старшыня Падсвільскага пассавета Пальчанка В.М., старшыня сельгаспрадпрыемства "Стрынадкі" Стэфановіч В. В., дэпутат Кішаўскай выбарчай акругі Хоміч У.М. Старшыня сельгаспрадпрыемства Стэфановіч В.В. запэўніў, што ў бліжэйшы час, на працягу двух тыдняў, вадаправод у Кішах будзе адрамантаваны. Аднак з тых часоў нічога не рабілася.

 

У выніку вяскоўцы звярнуліся з калектыўным зваротам, які падпісалі 106 жыхароў вёскі, да старшыні Палаты прадстаўнікоў Уладзіміра Андрэйчанкі, якія прадстаўляе Глыбоцкі раён. У прыватнасці, яны прапанавалі самі купіць патрэбную пластмасавую трубу, каб гаспадарка і мясцовая ўлада змаглі замяніць галоўную магістраль вадаправода.

 

Андрэйчанка гэты зварот пераслаў старшыні Глыбоцкага райвыканкама Алегу Морхату. Справа зацягнулася, хоць і было пракладзена 200 метраў вадаправонай трубы, але большасць жыхароў вёскі па сеняшні дзень застаюцца без вады. А тое, што атрымліваюць астатнія, - адна іржа, паведаміў сябар аргкамітэту Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Яўген Самсонаў.

 

Між тым у адказе Алега Морхата гаворыцца, што асноўныя работы выкананыя і ў вёсцы толькі чатыры дамы без вады, а да 1 снежня ўсе будзе зроблена. Але гэта не адпавядае рэчаіснасці. Больш за тое, улада не саромеецца казаць людзям, што пытанне з вадой закрыта і больш нічога рабіць не збіраюцца. Адначасова сялянаў пачалі запалохваць пагрозамі і дзеяннямі - адпраўляюць розныя камісіі шукаць кампрамат супраць тых, хто пасмеў скардзіцца.

25 лістапада ў вёску прыедзе адмысловая камісія на чале з старшынёй Глыбоцкага райсавета дэпутатаў Валянцінай Сямчонак. "Людзі прасілі каб хто небудзь прыехаў на гэтыя разборкі, бо іх замардуюць", - адзначыў Яўген Самсонаў.

Навіны па тэме