У Менску назіральнікаў не пускаюць на выбарчыя ўчасткі і пазбаўляюць акрэдытацыі

21.03.2014, 14:18  |  Галоўныя навіны, Палітыка

Назіральніка ад Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі ў межах кампаніі "Права выбару" Алеся Кутасава, акрэдытаванага на ўчастку нумар 26 Лагойскай акругі нумар 44, на чацвёрты дзень датэрміновага галасавання не пусцілі ў памяшканне назіраць. Ён мусіць стаяць пры дзверах.

 

Алесь патэлефанаваў у ЦВК і піша скаргу. Старшыня камісіі В.М. Чыгір параіў назіральніку: "з вашай скаргай можаце схадзіць у адно месца". Яскравае сведчанне таго, што служкі ўлады адчуваюць сябе безпакаранымі.

 

Між тым на суседнім выбарчым участку № 27 назіральніка Паўла Пракаповіча пазбавілі акрэдытацыі. З прычыны хваробы ён назіраў толькі ў першы дзень датэрміновага галасавання, а 20 сакавіка, прыйшоўшы даведацца лічбы датэрміновага галасавання, быў праінфармаваны пра пазбаўленне акрэдытацыі на ўчастку. Яго з дапамогай міліцыянта выставілі з участку.

 

За час свайго назірання Павал Пракаповіч заўважыў шэраг парушэнняў выбарчага заканадаўства:

 

1. на выбарчым участку некалькі разоў заставаўся толькі адзін сябар выбарчай камісіі.

 

2. памяшканне з выбарчай скрыняй не апячатвалася ні на абед, ні на ноч.

 

3. у памяшканне з выбарчай скрыняй падчас абеду заходзіла сакратар камісіі Раіса Кітун.

 

4. У першы дзень галасавання быў не ўвесь час, будучы вымушаным пакінуць участак у перыяд з 12 да 14 гадзін. Паводле яго падлікаў да 12.00 прагаласавала 6 чалавек, пасля абеду - 4. Агулам - 10 чалавек. Па дадзеных камісіі за дзень прагаласавала 60 чалавек, ці 50 чалавек за дзве гадзіны з 12 да 14. "На пытанне, чаму такая вялікая розніца, мне адказалі: "А чаму вы сышлі з участку?" - адзначае Павал Пракаповіч.

 

Таксама назіральнікі адзначае, што колькасць выбарчшыкаў афіцыйна круглая ўвесь час: 60 за першы дзень, 135 - за два. "Яны нават не думаюць, каб напісаць не такія круглыя лічбы", - кажа ён.

 

Апроч таго, да абеду да Паўла Пракаповіча ставіліся даволі лагодна, дазвалялі фатаграфаваць, але пасля абеду не давалі нічога запытаць, казалі пра перашкоды з яго боку і гэтак далей. "Пра фатаграфанне, старшыня камісіі заявіла, што тэлефанавала "наверх", дзе забаранялі ўсялякае фатаграфаванне", - дадае Павал Пракаповіч.

 

На наступны дзень яго пазбавілі акрэдытацыі.

Навіны па тэме