Міністэрства аховы здароўя падтрымлівае прапановы кампаніі "Абаронім дзяцей ад алкаголю"

14.08.2014, 13:33  |  Галоўныя навіны, Грамадства

Намеснік міністра аховы здароўя Беларусі, галоўны дзяржаўны санітарны ўрач РБ Ігар Гаеўскі даслаў адказ на калектыўны зварот грамадзян, дасланы ў Мінздар у межах кампаніі "Абаронім нашых дзяцей ад алкаголю".

 

"Што тычыцца заканадаўчых ініцыятываў і прапаноў, выказаных у калектыўным звароце, Міністэрства ў цэлым падтрымлівае прапановы па змене заканадаўства ў галіне звароту алкагольнай прадукцыі і лічыць, што іх рэалізацыя будзе спрыяць прафілактыцы п'янства і алкагалізму сярод насельніцтва", - гаворыцца ў адказе.

 

Намеснік міністра таксама распавёў пра шэраг заканадаўчых ініцыятываў, якія зараз распрацоўваюцца ў гэтай галіне міністэрствамі гандлю і ўнутраных спраў. Так, Мінгандлю прапануе абмежаваць продаж акаголю з 22:00 да 09:00 і забараніць яго продаж асобам да 21 году.

 

У сваю чаргу законапраект МУС, які зараз праходзіць узгадненне ў дзяржаўных органах, прадугледжвае забарону на ўжыванне дзецьмі да 18 год алкаголю, наркотыкаў, таксічных і псіхатропных рэчываў, а таксама курэнне. За ўжыванне дзецьмі пералічанага іх бацькі будуць несці адміністратыўную адказнасць. Апроч таго, прапануецца пазбаўленне індывідуальных прападрымальнікаў і юрасобаў права займацца пэўнай дзейнасцю ў выпадку продажу імі алкаголю няпоўнагадовым.

 

Нагадаем, прапановы звароту БХД уключаюць першачарговыя крокі па барацьбе з алкагалізацыяй насельніцтва Беларусі. Сярод асноўных прапановаў – вынас алкагольнай прадукцыі з агульных гандлёвых залаў у асобныя памяшканні, забарона рэкламы парасонавых брэндаў ("пітных водаў" "Бульбаш", "Сваяк" і г.д.), забарона рэкламы піва, спрыянне дзейнасці дабрачынных арганізацый, якія дапамагюць выйсці з алкагольнай залежнасці (вярнуць права льготнай арэнды памяшканняў і г.д.).

Навіны па тэме