Віцебскія ўлады абяцаюць пачаць будаўніцтва паліклінікі ў Білеве

03.09.2014, 17:01  |  Галоўныя навіны, Рада Народных Дэпутатаў, Грамадства

Нарэшце стала вядома, калі ў Білева пачнуць будаваць паліклініку. У лісце-адказе намесніка старшыні Віцебскага аблвыканкама У.У.Цярэнцьева на зварот больш за 4000 грамадзян паведамляецца, што будаўніцтва пачнецца ў другім квартале 2015 года.

Яшчэ ў 2011 годзе пачата распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі "Комплекснага паліклінічнага цэнтра ў мікрараёне Білева-2”. Па стане на 28 ліпеня, паведамляецца ў адказе, распрацаваны архітэктурны праект паліклінікі для дарослых, жаночай кансультацыі і адміністрацыйна-бытавога корпуса. На гэта патрацілі 2,6912 млрд рублёў.

У другой чарзе: дзіцячыя паліклініка і стаматалогія. Потым — стаматалагічная паліклініка для дарослых. І апошнія ў планах – гаражы для паліклінічнага комплекса. На праект усяго цэнтра прадугледжана 5,6 млрд рублёў.

Плануецца, што паліклінічны комплекс у Білева зможа абслугоўваць 48270 жыхароў, менавіта столькі людзей будзе жыць у Білева 1,2,3 з разліку па генеральным плане і фактычнай застройцы да 2020 года, паведамляе намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама У.У.Цярэнцьеў.

"Пачакаем. Да чарговага пачатку будаўніцтва абяцанай паліклінікі ў мікрараёнах Білева засталося паўгода. Папярэднія абяцанкі былі як раз год таму, калі старшыня Віцебскага аблвыканкама А.М.Косінец дзесьці ўрачыста схаваў капсулу (дзякуй Богу, што не бомбу!) у тым месцы, дзе сёлета павінна было пачацца будаўніцтва паліклінікі. Але ж мы, віцябляне, людзі разумныя і добра ведаем, што абяцаць, не значыць – выканаць!” – адзначае актывістка кампаніі БХД за пабудову паліклінікі Алена Шабуня.

Крыніца: Vitebskby.com

Навіны па тэме