Заява БХД: Мінгандлю павінна змагацца з прадаўцамі алкаголю, а не зачыняць інтэрнэт-крамы

24.12.2014, 13:47  |  Галоўныя навіны, Грамадства

Сёння Беларусь займае лідыруючае месца па ўжыванню алкаголю ў свеце (17,5 літраў чыстага алкаголю на душу насельніцтва па статыстыцы СААЗ за 2013 год), каля 1 000 000 беларусаў злоўжываюць алкаголем, штогод у стане алкагольнага ап’янення здзяйсняецца каля 30 000 правапарушэнняў.

 

Улічваючы такую жудасную статыстыку Міністэрства гандлю і іншыя органы ўлады ў першую чаргу павінны весці барацьбу з вытворцамі і прадаўцамі алкаголю, а не з інтэрнэт-крамамі, праца больш за дзясятак з якіх за апошнія некалькі дзён была прыпынена па патрабаванні Мінгандлю.

 

Тыя парушэнні з боку інтэрнэт-крамаў, якія былі выяўленыя падчас праверкі Мінгандлю, гэта кропля ў моры ў параўнанні з бяздзейнасцю ўлады ў пытанні абароны беларускай нацыі ад дэградацыі з-за алкагольнага лоббі.

 

Пры такой катастрафічнай для краіны сітуацыі з алкагалізацыяй насельніцтва беларускае заканадаўства з’яўляецца адным з самых ліберальных у свеце: дазволена рэклама алкаголю ў крамах і кавярнях, дазволена рэклама піва па ТБ, давлолена рэклама брэндаў, якія вырабляюць алкаголь, дазволены продаж алкаголю ў агульных аддзелах крамаў (на практыцы алкаголь стаіць побач з сокамі і пітной вадой), алкаголь можна замовіць па інтэрнэце ці нават узяць у арэнду, праца цэнтраў безкаштоўнай дапамогі алказалежным абмежаваная і іншыя.

 

«Вось тое, з чым павінна змагацца Міністэрства гандлю ў першую чаргу. Замест гэтага дзяржава не прымае ніякіх мер барацьбы з алкагалізацыяй насельніцтва, якая набыла ў Беларусі характар эпідэміі (за апошнія 20 год колькасць ўжывання алкаголю павялічылася ў 2,5 разы), а змагаецца з мелкімі парушэннямі з боку інтэрнет-крамаў. Большасць з якіх абумоўлена сёняшняй эканамічнай сітуацыяй, у якой вінавата дзеючая ўлада, і якая вымушае дробны і сярэдні бізнэс ўлічваць пры фармаванні коштаў на тавары новыя курсы валют, каб мінімізаваць свае фінансавыя страты. Але, нажаль, улады не думаюць аб тым, колькі страціць кожны беларус ці ўладальнік бізнесу з-за гэтага эканамічнага крызісу, пагаршэння стану здароўя, штрафаў ці павышэння падаткаў, яна думае пра тое, як яна ўзбагаціць свой бюджэт ад продажу алкагольных напояў падчас шматдзённых навагодніх святаў», - адзначыла кіраўнік Менскага гарадскога аргкамітэту БХД, кіраўнік кампаніі «Абаронім нашых дзяцей ад алкаголю» Вольга Кавалькова.

 

Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя і 20 000 грамадзян Беларусі, якія падпісаліся пад калектыўным зваротам, ПАТРАБУЮЦЬ ад Мінгандлю і іншых органаў улады, накіраваць сваю ўвагу на праблему алкагалізацыі насельніцтва і прыняць неадкладныя меры па змяненні заканадаўства, якое рэгулюе вытворчасць і продаж алкагольных напояў у Беларусі, а менавіта:

дазволіць продаж алкагольных, слабаалкагольных напояў і піва (далей — алкаголю) толькі з 11.00 да 22.00;

 

дазволіць продаж алкаголю толькі ў спецыялізаваных крамах ці аддзелах крамаў, якія маюць асобны ўваход; дазволіць продаж і ўжыванне ў дазволеных месцах алкагольнай прадукцыі толькі асобам, якія дасягнулі 21 года, слабаалкагольных напояў, піва і энергетычных напояў з 18 гадоў;

 

увесці заканадаўчы абавязак прад’яўлення дакумента, які сведчыць асобу (пашпарт і пасведчанне кіроўцы) пры куплі алкаголю да 25 гадоў;

 

забараніць рэкламу алкаголю ўнутры памяшканняў крамаў, кафэ, рэстаранаў і г.д.;

 

забараніць рэкламу любой прадукцыі гандлёвых брэндаў і фірмаў, якія маюць дачыненне да вырабу альбо рэалізацыі алкагольнай прадукцыі; забараніць рэкламу піва па ТБ.

 

забараніць у перыяд галасавання продаж алкаголю ў будынках, у якіх размяшчаюцца выбарчыя камісіі, і на адлегласці 500 метраў ад іх;

 

дазволіць продаж алкаголю ў рэстаранах, кафэ і да т.п., толькі пры наяўнасці магчымасці зрабіць заказ ежы з меню;

 

за парушэнне правілаў гандлю, якое выказалася ў продажы алкголя непаўналетнім, увесці прыпыненне дзеяння ліцэнзіі на раздробны гандаль алкагольнай прадукцыяй на тэрмін ад 1 да 3 месяцаў;

 

выдзяляць на ільготных умовах памяшканні для працы цэнтраў і арганізацый (групах Ананімных Алкаголікаў і да т.п.), якія аказваюць бязвыплатную дапамогу людзям з алкагольнай залежнасцю і іх сем’ям;

 

абавязаць вытворцаў алкагольнай прадукцыі пералічваць частку прыбытку ад яе рэалізацыі цэнтрам, якія займаюцца дапамогай і рэабілітацыяй людзей з алкагольнай залежнасцю;

 

за кошт падаткаў ад рэалізацыі алкагольнай прадукцыі ствараць вонкавую і відэа сацыяльную рэкламу пра здаровы лад жыцця і магчымых варыянтах правядзення вольнага часу, які замяняе ўжыванне алкаголю, а таксама распаўсюджваць у СМІ інфармацыю пра цэнтры, якія займаюцца дапамогай алкаголезалежны людзям.

 

ліквідаваць ЛПП, як сістэму неэфектыўнай, рэпрэсіўнай і карнай практыкі, прыніжаючай годнасць асобы, і фармаваць дзяржаўную палітыку па барацьбе з алкагалізацыяй насельніцтва, грунтуючыся на тым, што алкагалізм — гэта захворванне.

Навіны па тэме