Пад капірку: беларускія чыноўнікі адсправаздачыліся перад «Народным кантролем»

02.03.2015, 12:52  |  Галоўныя навіны, Рада Народных Дэпутатаў, Грамадства

Актывісты кампаніі «Народны кантроль» "За якасную і даступную медыцыну", якую сумесна ладзяць у Менску прадстаўнікі Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі (БХД), Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі (АГП), прафсаюза Радыё электроннай прамысловасці (РЭП) і Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Грамады (БСДГ), атрымалі адказы на свой калектыўны зварот у Міністэрства аховы здароўя, Мінгарсавет дэпутатаў і Палату прадстаўнікоў.

 

Адказы дасланыя з трох ведамстваў, але пры гэтым не змяшчаюць адказаў на пастаўленыя пытанні і прапановы, а прадстаўляюць сабой фактычна справаздачу чыноўнікаў. Што цікава, хоць адказы дасланыя з розных ведамстваў і падпісаныя рознымі людзьмі (старшынём Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па ахове здароўя А.Цацохам, намеснікам старшыні Менгарвыканкаму І.Карпенкам і першым намеснікам старшыні Камітэту па ахове здароўя Менгарвыканкаму Д. Чараднічэнкам), напісаныя яны практычна пад капірку і толькі ў некаторых месцах розняцца ў дробных дэталях.

 

"Столькі аднолькавага мне яшчэ ніколі не прыходзіла. Звычайна напішуць, што перанакіравана і ўсе. А тут даслалі тры аднолькавыя справаздачы. Асаблива мне спадабалася ў удказе Цацохі «выкладзеныя ў звароце пытанні не тычацца кампетэнцыі Пастаяннай камісіі”, а адказ на 8 аркушах”, - адзначыла каардынатар кампаніі Вольга Кавалькова.

Нагадаем, падпісанты звароту прасілі ўлады:

 

1. распрацаваць канкрэтную і даступную праграму стымулявання і ўтрымання кадраў з указаннем тэндэнцый павышэння аплаты працы медработнікаў і сацыяльных гарантый пасля размеркавання (жыллё і да т.п.).

 

2. Забяспечыць паліклінікамі новыя мікрараёны сталіцы, такія, як Каменная Горка і Масюкоўшчына.

 

3. З прычыны недахопу вузкіх спецыялістаў удасканаліць практыку набору ў медыцынскія ВНУ па вузкіх спецыяльнасцях.

 

4. Правесці рэвізію медыцынскага абсталявання ва ўсіх медыцынскіх установах і пераразмеркаваць невыкарыстоўваемую тэхніку ў іншыя медустановы. Замяніць маральна састарэлае абсталяванне для прамянёвай тэрапіі анкахворых. Забяспечыць комплексамі МРТ усе ўстановы, якім яны неабходныя, і закупіць новую апаратуру для дыхання неданошаных дзяцей для Рэспубліканскага цэнтра «Маці і дзіця».

 

5. Праводзіць перыядычную мамаграфію для жанчын старэйшых за 50 гадоў з абвесткай насельніцтва праз СМІ.

 

6. Запланаваць адкрыццё хоспіса для неракавых хворых у Мінску (для інвалідаў 1 групы, хворых на Альцгеймера, ляжачых, з цяжкімі недастатковасцямі і інш.) замест сацыяльных ложкаў у ракавых хоспісах.

 

7. Праводзячы палітыку імпартазамяшчэння, не парушаць правы пацыента лекавацца прэпаратамі, якія ён згодны купіць за свае грошы і не прымушаць лекараў выпісваць лекі толькі беларускіх вытворцаў.

 

8. Замовіць і трансляваць сацыяльную рэкламу на ТБ, якая інфармуе грамадзян аб павышэнні адказнасці за сваё здароўе (аб своечасовым звароце па меддапамогу).

 

9. Прыняць меры па забеспячэнні бальніц сярэднім медперсаналам, а таксама санітаркамі (асабліва ў пасляаперацыйных палатах, для пацыентаў пасля рэанімацыі, у аддзяленнях дэменцыі Рэспубліканскага цэнтра псіхічнага здароўя).

 

10. Спрасціць працэдуру водпуску лекаў па рэцэптах.

Навіны па тэме