Хрыстос Уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

12.04.2015, 00:08  |  Галоўныя навіны, Грамадства

Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя шчыра віншуе ўсіх хрысціянаў, якія святкуюць Свята Уваскрасення Госпада Нашага Ісуса Хрыста 5 красавіка, а таксама тых хрысціянскіх вернікаў, якія сёння адзначаюць Вербную нядзелю.

 

Уваскрасенне Хрыста – гэта не проста падзея пачатку па-замінулага тысячагоддзя. Гэта - найвялікшая падзея ва ўсёй чалавечай гісторыі, калі Бог, няглядзечы на ўсе нашыя грахі зышоў з неба, стаў ува ўсім, апроч граху, падобным да нас і дзеля нашага з вамі збаўлення прыняў пакутніцкую смерць на крыжы, паказаўшы ўсім нам найдасканалейшы прыклад Любові.

 

Будучы збаўленыя такім высокім коштам, мы з вамі – хрысціяне - мусім паказаць іншым людзям прыклад самаахвярнага служэння бліжняму, сваёй Радзіме і ўсяму свету. "Ты верыш, што Бог адзін: добра робіш; і злыя духі вераць і дрыжаць. Але ці хочаш ведаць, чалавеча нікчэмны, што вера бяз учынкаў мёртвая?” – кажа ў саборным пасланні апостал Якуб.

 

Таму ажывім нашую веру нашымі ўчынкамі і зробім Беларусь больш справядлівай, больш паспяховай і больш хрысціянскай, а жыцці кожнага нашага суайчынніка ад моманту пачацця і да самай смерці гарантаванымі дзяржавай, больш спакойнымі і трываламі.

 

Са святам вас, браты і сёстры! Божага дабраславення, моцнай веры і здароўя вам і вашым блізкім!

 

Жыве Беларусь! Жыве з Богам!

 

Навіны па тэме