Абмеркаванне праекту абноўленай праграмы БХД. МОЛАДЗЬ, СЯМ’Я І АДУКАЦЫЯ

01.06.2015, 12:48  |  Навіны » БХД

Сайт bchd.info скончвае публікацыю частак праекту абноўленай і пашыранай праграмы Партыі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”. Праект праграмы будзе разгледжаны на ўстаноўчым з’ездзе Партыі БХД 13 чэвреня. Заўвагі і праўкі просьба дасылаць на sieviaryniec@gmail.com.
 

12. МОЛАДЗЬ, СЯМ’Я І АДУКАЦЫЯ

12.1. Моцная сям’я – моцная Беларусь

 

12.1.1. За апошнія 18 гадоў насельніцтва Беларусі значна паменшылася і значна састарэла. Па дадзеных на 1 верасня 2014 года колькасць насельніцтва Беларусі склала 9464 тыс. чалавек, што на 718 тыс. чалавек менш, чым у 1996 годзе. Кожны год колькасць памерлых перавышае колькасць народжаных. Дэмаграфічная піраміда ў нашай краіне ўсе больш пераварочваецца дагары нагамі, таму што яе аснова (людзі актыўнага ўзросту, моладзь, дзеці) памяншаецца. Гэты працэс мае месца таксама і ў развітых краінах Заходняй Еўропы, але ў Беларусі ён ускладняецца моцным жаданнем моладзі з’ехаць за мяжу і рэалізоўваць свой патэнцыял у іншых краінах. Адна з галоўных прычын адтоку маладых людзей – адсутнасць перспектыў, умоў для развіцця і рэалізацыі ў Беларусі. Антыканстытуцыйная практыка прымусовага размеркавання маладых спецыялістаў і жабрацкая аплата працы штурхае маладых беларусаў да пошуку лепшага жыцця за мяжой.

 

12.1.2. Нізкая нараджальнасць з’яўляецца характэрнай праблемай для многіх еўрапейскіх краін і для многіх развітых краін свету. Аднак для Беларусі важнай абставінай гэтай праблемы з’яўляецца ўстрыманне ад нараджэння дзіцяці з-за фінансавых цяжкасцяў, бо большасць маладых сем’яў у Беларусі жывуць амаль на мяжы беднасці. Вялікая праблема і бяда для Беларусі – гэта вялізная колькасць абортаў, у выніку чаго кожны год на свет так і не нараджаюцца дзесяткі тысяч дзяцей. Дэмаграфічны крызіс і яго паглыбленне, што адбываецца сёння ў нашай краіне, уяўляе сабой вялізную небяспеку. Ён можа прывесці да разбурэння краіны. БХД лічыць, што вырашэнне гэтай праблемы жыццёва важна для будучыні Беларусі як незалежнай і моцнай дзяржавы.

 

12.1.3. Калі нізкая нараджальнасць – з’ява знаёмая для Заходняй Еўропы, то разрыў пакаленняў падаецца характэрнай з’явай для Беларусі. Сёння улада імкнецца кантраляваць усе аспекты жыцця кожнага беларуса, і таму спрабуе забяспечыць грамадзяніна пэўным мінімумам у абмен на яго пасіўную ролю ў палітычных, сацыяльных і эканамічных працэсах. Выхаванне патэрналісцкіх настояў у маладых людзей прыводзіць да надзеяў і чаканняў чалавека ад дзяржавы, а не ад паспяховасці сваёй рэалізацыі, у тым ліку праз стварэнне сям’і. Такім чынам, ад сям’і залежыць усё менш, што спрыяе парыванню сямейных сувязяў.

 

12.1.4. Аўтарытарны рэжым імкнуцца стварыць уражанне, што гісторыя нашай краіны пачалася не раней, чым 90 гадоў таму (дастаткова паглядзець на помнікі і назвы вуліц у беларускіх гарадах ці афіцыйныя святы). Сама дзяржаўная эліта сімвалічна і ментальна звязвае сябе з савецкім мінулым. Навязванне так званай "ідэалогіі беларускай дзяржавы”, якая з’яўляецца па сутнасці апраўданнем антынацыянальнай палітыкі, адсутнасць сапраўднага нацыянальнага патрыятычнага выхавання прыводзяць да таго, што большасць маладых людзей не ведаюць сваей гісторыі і культуры, помнікаў, славутых імён Беларусі. Медыйная палітыка цяперашніх улад фактычна прасоўвае нізкаякасныя з’явы перыферыйнай масавай культуры.

 

12.1.5. Савецкі час – гэта далёка не адзінае і не галоўнае, што прывяло да існавання беларускай дзяржавы, і што вызначае яе будучыню. Гэта важны гістарычны перыяд для сучаснай Беларусі, аднак праблема ў тым, што цяпер ён прэзентуецца як адзіны складнік беларускай гісторыі, і ў той жа час замоўчваецца наша славутая мінуўшчына, нышы хрысціянскія карані, еўрапейскія цывілізацыйныя сувязі і элементы ментальнасці. Моладзь свядома ці падсвядома адчувае гэты падман, але ў асноўным не мае пазітыўнай замены яму, што вядзе да нацыянальнага нігілізму. Дадзеная палітыка спрыяе адрыванню беларускай моладзі ад сваіх каранёў, ад гісторыі сваёй Радзімы, ад культурнай традыцыі і гісторыі сваёй сям’і. Такім чынам, рвуцца культурныя і гістарычныя сувязі з папярэднімі пакаленнямі.

 

12.1.6. Сям’я ўяўляе сабой асноўную ячэйку грамадства. У межах сям’і дзеці атрымоўваюць самы першы сацыяльны вопыт, пераймаюць галоўныя сацыякультурныя традыцыі і веды, успрымаюць мадэлі паводзінаў мужчыны і жанчыны. Сям’я – гэта самая важная сфера ідэнтычнасці чалавека, адчування блізкасці і супольнасці. Жыццёвы вопыт, які чалавек у дзяцінстве пераняў у сям’і сваіх бацькоў, адбіваецца на будаванні і адносінах унутры сваёй уласнай сям’і. Гэта азначае, што выхаванне асобы ў моцнай абароненай, маральна здаровай і стабільнай сям’і з’яўляецца прыярытэтам для грамадства. Таму дзяржаўная палітыка, асабліва ва ўмовах дэмаграфічнага, сацыяльнага і духоўнага крызісу, павінна быць накіраванна на ўсебаковую падтрымку сям’і і асабліва шматдзетнай сям’і. Дзяржава абавязана бараніць сям’ю і ўспрымаць яе як галоўнага аб’екта для сацыяльнай і моладзевай палітыкі, праз прызму сямейных каштоўнасцяў дзяржава мусіць глядзець на эканамічную палітыку.

 

12.1.7. У апошні час ў Беларусі пашыраецца такая з’ява, як сужыццё мужчыны і жанчыны і нараджэнне дзяцей без афіцыйнага афармлення адносінаў. Гэтая тэндэнцыя ўяўляе вялікую небяспеку і размывае інстытут шлюбу. Разумеючы гэта, БХД выступае за распаўсюд сямейных сацыяльных гарантыяў, якія мы будзем рабіць істотнымі і адчувальнымі, толькі на афіцыйна зарэгістраваныя сем’і. Такая мера будзе ўяўляць эканамічны стымул для афармлення фактычных сямейных адносінаў у паўнавартасны шлюб.

 

12.1.8. Шлюб уяўляе сабой грамадскі інстытут, які надзяляе сям’ю юрыдычнай дадзенасцю, то бок накладае пэўныя абавязкі і забяспечвае правы, якія гарантуюцца законам. Ад моманту заключэння шлюбу сям’я карыстаецца ўсімі сацыяльнымі гарантыямі і становіцца аб’ектам дзяржаўнай сямейнай палітыкі.

 

12.1.9. Шлюб узнік як найважнейшая частка чалавечага жыцця для фармалізацыі адносінаў менавіта мужчыны і жанчыны. Шлюб ніколі ў чалавечай гісторыі не быў уласцівы сексуальным меншасцям, шлюб – гэта сацыякультурны феномен, уласцівы выключна гетэрасэксуальным адносінам. Таму БХД выступае катэгарычна супраць надзялення правам абірацца шлюбам прадстаўнікоў сэксуальных меншасцяў. БХД прызнае асабістую свабоду чалавека, а значыцца і права самастойна вызначаць свой лад жыцця. Існуе практыка сумеснага сужыхарства прадстаўнікоў сэксуальных меншасцяў і многія маёмасныя, побытавыя пытанні можна рэгуляваць для такіх людзей на падставе існуючага заканадаўства без абрання шлюбам. Права абірацца шлюбам не з’яўляецца фундаментальным правам чалавека, а з’яўляецца біблейскім запаветам, здабыткам гэтерасэксуальнай культуры, значыцца, прадстаўнікі сэксуальных меншасцяў проста не маюць права прэтэндаваць на абранне шлюбам.

 

12.1.10. БХД таксама катэгарычна выступае супраць магчымасці выхавання дзяцей у гомасэксуальных і лесбійскіх фактычных саюзах, бо ў межах дадзеных адносінаў немагчыма перадача традыцыйных каштоўнасцяў, мадэляў паводзін у сям’і (успрымання мужчынскіх і жаночых роляў) і паўнавартаснага выхавання. Мы лічым, што сам факт выхавання дзіцяці у гомасэксуальным ці лесбійскім саюзе будзе фактарам дыскрымінацыі дзіцяці і парушэннем яго правоў. Гэтыя асаблівасці цягнуць за сабой небяспечныя наступствы як для асобы, так і для грамадскага развіцця ў цэлым.

 

12.1.11. БХД выступае супраць сурагатнага мацярыства: яно з’яўляецца відам таварна-грашовых адносін, аб’ектам якіх выступаюць народжаныя дзеці. Гэта з’яўляецца парушэннем этыкі і разрывае тую духоўную сувязь, якая ўзнікае паміж жанчынай і яе дзіцём.

12.2. Абарона жыцця

 

12.2.1. Права на жыццё ёсць фундаментальнае права кожнага чалавека. Жыццё пачынаецца з моманту апладнення, таму немагчыма разглядаць права жанчын распараджацца "сваім целам” як безумоўнае права. Людзі маюць права выбіраць, уступаць ці не ўступаць у палавыя зносіны, выкарыстоўваць ці не выкарыстоўваць кантрацэпцыю, аднак пасля моманту апладнення жанчына не павінна мець права свабодна распараджацца плодам, які яна мае ва ўлонні.

 

12.2.2. БХД выступае супраць абортаў і лічыць гэта забойствам. Сёння ў Беларусі зрабіць аборт можна ў дзень звароту ў медыцынскую ўстанову і, увогуле, гэта працэдура абсалютна даступная і не сустракае аніякіх перашкодаў. У выніку наша краіна кожны год губляе тысячы ненароджаных беларусаў. Гэта сітуацыя сведчыць пра тое, што наша грамадства глыбока хворае і назва гэтай хваробы – бездухоўнасць і амаральнасць. Мы разумеем, што немагчыма вылечыць грамадства адной заканадаўчай забаронай абортаў, бо гэта мера не будзе ўздзейнічаць на прычыну хваробы. Да таго ж, зараз заканадаўчая забарона абортаў прывядзе да росту крымінальных абортаў, ускладненняў са здароўем жанчын і іншых негатыўных наступстваў. Аднак мы мусім усталяваць такія правілы, якія здольныя значна паменшыць колькасць абортаў, зрабіць іх выключэннем, а не правілам і выратаваць шмат жыццяў. Мы верым, што гэтыя правілы разам з нашай палітыкай у іншых галінах прывядуць да паступовага выкаранення абортаў як звыклай з’явы з жыцця беларускага грамадства.

 

12.2.3. БХД прапаноўвае прыняць наступныя абмежавальныя меры, звязаныя з абортамі:

 

12.2.4. Правядзенне абортаў толькі пры наяўнасці медыцынскіх паказчыкаў і згоды жанчыны незалежна ад тэрміну цяжарнасці. Медыцынскімі паказчыкамі да аборту могуць быць толькі паказчыкі, звязаныя з пагрозай жыцця жанчыны.

 

12.2.5. Выключыць усе сацыяльныя паказчыкі для правядзення аборту за выпадкам, калі цяжарнасць наступіла ў выніку згвалтавання.

 

12.2.6. Правядзенне абортаў магчыма толькі ў дзяржаўных медыцынскіх установах, таму што аборт не можа быць часткай бізнэсу. Але мэтазгодна зрабіць гэту працэдуру платнай для дадатковага ўскладнення яе ажыццяўлення.

 

12.2.7. Аборт праводзіцца не раней за 5 дзён пасля звароту жанчыны ў медыцынскую ўстанову. Цяжарнай жанчыне мусіць быць прадастаўлена інфармацыя пра асаблівасці медыцынскага ўмяшальніцтва пры аборце, у тым ліку і пра магчымае наступленне бясплоддзя. Жанчыне мусіць быць прадастаўлена магчымасць убачыць дзіця ў сваім улонні, паслухаць біццё яго сэрца. Для тых жанчын, якія па ўласнаму жаданню хочуць зрабіць аборт, мусіць быць уведзена абавязковае кансультаванне з псіхолагам, прадстаўніком хрысціянскай канфесіі і сацыяльным работнікам. Такой жанчыне мусіць быць прадастаўлена інфармацыя пра рэлігійныя і неўрадавыя арганізацыі, якія займаюцца дапамогай і падтрымкай сацыяльна неабароненных жанчын.

 

12.2.8. У тым выпадку, калі жанчыну не спынілі ў сваім жаданні правесці аборт прыведзеныя вышэй меры, дзяржава можа прапанаваць жанчыне заключыць кантракт, згодна з якім усе выдаткі падчас цяжарнасці бярэ на сябе дзяржава, а жанчына пасля родаў аддае дзяржаве народжанае дзіця.

 

12.2.9. Неабходна гарантаваць права лекара і медычнага персаналу адмовіцца ад правядзення аборту па сваіх этычных і рэлігійных перакананнях.

 

12.2.10. У Беларусі будуць забаронены клінічныя выпрабаванні і вопыты над чалавечымі эмбрыёнамі і выкарыстанне іх у медыцынскіх, касметычных і вытворчых мэтах, а таксама будуць забаронены вопыты па кланіраванню эмбрыёна чалавека.

 

12.2.11. Здараюцца выпадкі, калі жанчыны вырашаюць пазбавіцца ад сваіх народжаных немаўлят і пакідаюць іх абы дзе. Дзяржава мусіць стварыць спецыяльныя пункты пры медыцынскіх установах і магчыма пры цэрквах для прымання такіх дзяцей. Гэты прынцып называецца "акно жыцця”: жанчына можа апусціць немаўля ў спецыяльнае акно і бесперашкодна пакінуць месца, у той час як сігналізацыя апавесціць супрацоўнікаў пра пакладзенае немаўля. БХД будзе рэалізоўваць дадзены праект па ўсёй краіне, каб выратаваць многія дзіцячыя жыцці.

12.3. Рэпрадуктыўнае здароўе

 

12.3.1. У Беларусі прыблізна кожная пятая сямейная пара сутыкаеццаз праблемай бясплоддзя, прычым, у кожнай другой з іх гэта звязана з мужчынскім фактарам. БХД лічыць неабходным прыняцце дзяржаўнай праграмы па захаванню і паляпшэнню рэпрадуктыўнагаздароўя насельніцтва. Дадзеная праграма мусіць уключаць у сябе распрацоўку і ўкараненне ў практыку эфектыўных медыцынскіх тэхналогіяўдыягностыкі, ранняе выяўленне і лячэнне парушэнняў рэпрадуктыўнай функцыі, сістэматычнае лячэнне бясплоддзя ў жанчыні мужчын.

 

12.3.2. Для паляпшэння рэпрадуктыўнага здароўя неабходна змагацца з тымі фактарамі, якія прыводзяць да праблем і захворванняў палавой сістэмы і парушэнняў рэпрадуктыўнай функцыі. Такімі фактарамі з’яўляюцца курэнне, ужыванне алкагольных напояў, наркотыкаў падлеткамі. Масавая культура адкрыта прапагандуе сэксуальную разбэшчанасць як норму паводзін. Між тым у Беларусі колькасць захворванняў інфекцыямі, што перадаюцца палавым шляхам, мае ўстойлівую тэндэнцыю да росту, а гэта можа стаць прычынай бясплоддзя. Таксама павялічваецца колькасць ВІЧ-інфікаваных і хворых на СНІД. Прычым на палавы шлях інфікавання прыходзіцца абсалютная большасць выяўленых выпадкаў – прыблізна 75%.

 

12.3.3. Для пераадолення фактараў, якія пагаршаюць рэпрадуктыўнае здароўе моладзі і насельніцтва ў цэлым, неабходна:

-Забяспечыць доступ да высакаякаснага медыцынскага абслугоўвання і выпрацаваць сістэму ранняй прафілактыкі захворванняў палавой сістэмы і парушэнняў рэпрадуктыўнай функцыіі ў мужчын і жанчын.

-Садзейнічаць распаўсюду інфармацыі па захаванню рэпрадуктыўнага здароўя.

-Прапагандаваць здаровы лад жыцця, духоўную культуру, сямейныя каштоўнасці і палавую стрыманасць.

-Узмацніць барацьбу з курэннем, алкагалізмам і наркаманіяй, асабліва сярод моладзі.

-Пашыраць праграмы, накіраваныя на барацьбу з распаўсюдам ВІЧ/СНІД.

-Забяспечыць дастатковае фінансаванне мер па захаванню рэпрадуктыўнага здароўя насельніцтва.

-Актыўна заахвочваць да ажыццяўлення ўзгаданных мер неўрадавыя арганізацыі і цэрквы.

12.4. Праграмы па падтрымцы сем’яў

 

12.4.1. Сямейная медыцына. БХД лічыць неабходным увесці інстытут сямейнага лекара. Ён павінен мець высокую кваліфікацыю, валодаць ведамі і навыкамі не толькі ў галіне тэрапіі, але і ў галіне сумежных вузкіх спецыяльнасцяў, такіх як афтальмалогія, аталарынгалогія, неўралогія, дэрматалогія, гастраэнтэралогія і кардыялогія. Сямейны лекар ўмее ставіць дыягназ і лячыць не толькі прастуды, але і простыя формы вузкаспецыялізаваных захворванняў, праводзіць розныя дыягнастычныя даследаванні.

 

12.4.2. Сямейны лекар вядзе пастаяннае назіранне ўсіх чальцоў сям’і, з’яўляецца асабістым лекарам. У яго задачы ўваходзяць: поўнае першаснае абследаванне, штогадовая дыягностыка, правядзенне медычных працэдур і лячэнне. Сямейны лекар заўсёды накіроўвае пацыента да вузкага спецыяліста, калі пытанне патрабуе больш стараннага і дэталёвага вывучэння.

 

12.4.3. Сямейная медыцына дае магчымасць у некалькі разоў скараціць час пацыента на абследаванне і дыягностыку. За кошт таго, што сямейны лекар забяспечвае бесперапыннае назіранне за здароўем пацыента, захворванне фіксуецца на ранняй стадыі, а гэта заклад эфектыўнага лячэння.

 

12.4.4. Сямейны капітал арыентаваны на стымуляванне нараджэння другіх і наступных дзяцей, а таксама на інвестыцыі ў чалавечы капітал краіны. Простыя арыфметычныя падлікі гавораць, што для павелічэння колькасці насельніцтва неабходна, каб сем’і нараджалі трох і болей дзяцей. Па дадзеных перапісу насельніцтва 2009 года, сярод сем’яў з дзецьмі больш за 66% мелі адно дзіця, 28% – два дзіцяці і толькі каля 5% былі шматдзетнымі. Між тым, дэмаграфічныя ўстаноўкі насельніцтва сведчаць пра жаданне мець другое дзіця, і стрымліваючым фактарам у гэтым пытанні з’яўляюцца эканамічныя меркаванні. Стварэнне сямейнага капіталу дазволіць узмацніць планы сямей па нараджэнні другіх і наступных дзяцей. Сямейны капітал можа быць выкарыстаны на санаторна-курортнае аздараўленне, медыцынскае абслугоўванне, паляпшэнне жыллёвых умоў сям’і, адукацыю.

 

12.4.5. На гэты момант складана вызначыць тэрмін, на які будзе распаўсюджвацца магчымасць асваення сямейнага капіталу і яго памер на дзіця. Гэтае пытанні патрабуюць дэталёвага вывучэння і прапрацоўкі з улікам крыніц фінансавання. Сродкі на фінансаванне сямейнага капіталу павінны прадастаўляцца з рэспубліканскага бюджэту ў форме безнаяўных грашовых сродкаў. Памер сямейнага капіталу мусіць індэксавацца з улікам інфляцыі. Распараджэнне сямейным капіталам павінна належаць абодвум бацькам у роўнай ступені. У тых выпадках, калі адзін з бацькоў раней ажыццявіў злачынства ў дачыненні да свайго дзіцяці, то ён пазбаўляецца права распараджацца расходаваннем сямейнага капіталу.

 

12.4.6. Жыллёз’яўляецца самым надзённым пытаннем сямейнага жыцця. Для вырашэння жыллёвага пытання БХД прапануе сем’ям з двума дзецьмі выдаваць ільготныя крэдыты на будаўніцтва жылля, сем’ям з трыма дзецьмі, акрамя ільготнага крэдыту – пагашаць за кошт дзяржаўнага бюджэту 50% кошту жылля, а сем’ям з чатырма і болей дзецьмі –поўнасцю пагашаць кошт жылля. Акрамя таго, на паляпшэнне жыллёвых умоў можна будзе выкарыстаць сямейны капітал, што асабліва актуальна для маладых сем’яў.

 

12.4.7. БХД прапаноўвае дыферэнцаваны падыход да надзялення сям’і жыллём. Напрыклад, для сельскай мясцовасці і малых гарадоў апраўдана ўвесці больш лагодныя ўмовы набыцця жылля сем’ямі. Зыходзячы з неабходнасці замацавання насельніцтва, прыцягнення спецыялістаў, а таксама з улікам больш нізкіх коштаў на жыллё у сельскай мясцовасці і малых гарадах, мэтазгодна сем’ям з двума дзецьмі прадастаўляць беспрацэнтныя займы на жыллё, а сем’ям з трыма і болей дзецьмі – прадастаўляць ва ўласнасць жыллё за дзяржаўны кошт. Гэтыя дадатковыя палёгкі ў атрыманні жылля ў сельскай мясцовасці і малых гарадах будуць садзейнічаць прыцягненню сем’яў з горада. Пры чым на павятовым узроўні, а таксама ў муніцыпалітэтах і валасцях могуць існаваць дадатковыя магчымасці для вырашэння жыллёвага пытання для сем’яў.

 

12.4.8.Сямейнае прадпрымальніцтваз’яўляецца механізмам, які будзе спрыяць умацаванню сям’і і адраджэнню ў нашым грамадстве сямейных каштоўнасцяў. Сямейнае прадпрымальніцтва – гэта тое сацыяльнае асяроддзе, якое дазволіць фармавацца больш цывілізаванаму прадпрымальніку. Сямейнае прадпрымальніцтва з’яўляецца спосабам самазанятасці – індывідуальнай працоўнай дзейнасці і мяжуе з найдрабнейшым бізнэсам. Найбольш распаўсюджаныя сферы такога роду дзейнасці – бытавое абслугоўванне, дробны гандаль, саматужная вытворчасць, фермерская гаспадарка і іншыя віды дзейнасці.

 

12.4.9. Ва ўмовах сямейнай справы магчыма гнуткасць працоўнага дня і падзел працы. Гэта дазваляе часткова ўцягваць у вытворчасць і тыя катэгорыі насельніцтва, якія інакш былі б "за бортам”: жанчын з дзецьмі, навучэнцаў і іншыя катэгорыі асоб, неканкурэнтаздольных на звычайных рынках працоўнай сілы. Для дзяцей і падлеткаў пасільны ўдзел у сямейнай справе – найбольш мяккі і сацыяльна прымальны спосаб ўключэння ў працоўную дзейнасць і прадпрымальніцтва. БХД будзе спрыяць развіццю сямейнага прадпрымальніцтва, будзе прыняты закон "Аб сямейным прадпрымальніцтве”, у якім будуць замацаваны самыя лагодныя падатковыя ўмовы і вызваленне ад падатку на прыбытак, будзе прадугледжана сістэма ільготнага крэдытавання і мікракрэдытавання для такіх сямейных прадпрыемстваў.

12.5. Роўнасць і рознасць мужчынаў і жанчынаў

 

12.5.1. Мужчына і жанчына створаныя Богам роўнымі ў сваім чалавецтве і рознымі паводле свайго паклікання. Мы абавязаныя шанаваць і ахоўваць як адпачатную рознасць, так і падставовую роўнасць мужчыны і жанчыны. Неабходна з вялікай асцярожнасцю і развагай падыходзіць да пытання роўнасці або рознасці правоў і абавязкаў асобаў абодвух полаў, абараняючы каштоўнасць як асобы, так і сям’і, і ўсяго грамадства ў цэлым. Мы адмаўляемся дасягаць абсалютнай палавой роўнасці любым коштам (бо гэта немагчыма з натуральных прычынаў) – і прапаноўваем паважаць асаблівасці і ўнікальнасць як мужчынскага, так і жаночага паклікання.

 

12.5.2. У сацыяльнай ролі ў грамадстве і прафесійнай дзейнасці важна зразумець, што ўмовы жыцця мужчын і жанчын значна адрозніваюцца паміж сабой у пэўнай ступені з-за рэпрадуктыўнай функцыі жанчын. Жанчыны выношваюць і нараджаюць дзіця, займаюцца яго кармленнем і даглядам. Таксама абмежаваныя магчымасці прымяненне жаночай працы ў цяжкай вытворчасці і ў вайсковай справе. Сам Бог заклаў паміж мужчынай і жанчынай адрозненне, і гэта з’яўляецца натуральным нязменным станам рэчаў.

 

12.5.3. Пытанне не ў наяўнасці гэтых адрозненняў, а ў тым, што яны не павінны негатыўна адбівацца на ўмовах жыцця мужчын і жанчын, весці да дыскрымінацыі, а, наадварот, адпаведным чынам ўлічвацца.

 

12.5.4. БХД разглядае пытанне роўнасці полаў у непарыўнай сувязі з сямейнай палітыкай. Жанчыны, якія выношваюць дзіця або знаходзяцца ў адпачынку па дагляду за дзіцём (роўна як і мужчыны), мусяць мець магчымасць дыстанцыйнага навучання з дапамогай інтэрнэту і інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіяў у вышэйшых навучальных установах, курсах і г. д., у тым ліку і за кошт дзяржаўнага бюджэту.

 

12.5.5. БХД будзе ствараць гнуткую сістэму перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі для жанчын, якія займаюцца даглядам дзіцяці. Стварэнне сям’і і нараджэнне дзяцей не павінна станавіцца перашкодай да павышэння або набыцця адукацыі і прафесійных навыкаў жанчын. БХД будзе садзейнічаць стварэнню працоўных месцаў "удома” з вольным графікам працы, а таксама пашыраць гнуткія формы занятасці. Неабходна стварыць умовы для спалучэння асабістага і прафесійнага развіцця з хатнімі абавязкамі і выхаваннем дзяцей, стварыць механізмы прыцягнення мужчын да дагляду за дзецьмі.

 

12.5.6. Дзеля большага ўцягвання жанчын у эканамічную сферу і барацьбы з жаночым беспрацоўем неабходна спрыяць развіццю жаночага прадпрымальніцтва. Дзяржава мусіць надаць істоную ўвагу бізнэс-навучанню жанчын, падтрымцы ініцыятыў па кансультаванню жаночага прадпрымальніцтва і адкрыцці банкамі праграм мікракрэдытавання.

 

12.5.7. БХД лічыць, што ў дэмакратычнай краіне не можа існаваць практыка квот паводле полавай прыкметы ў заканадаўчых і прадстаўнічых органах улады. Рэалізацыя гэтай ідэі немагчыма пры наяўнасці свабодных дэмакратычных выбараў, бо толькі выбарцы – мужчыны і жанчыны – могуць вырашыць, хто атрымае дэпутацкія мандаты.

12.6. Сацыяльная небяспека хатняга гвалту

 

12.6.1. Актуальнай праблемай Беларусі з’яўляецца хатні гвалт, які падрывае цэласнасць сям’і, здароўе, годнасць, бяспеку і незалежнасць асобы. Гвалт у сям’і можа быць фізічным, псіхалагічным, сэксуальным, а таксама эканамічным. Сёння ў Беларусі ў органы ўнутраных спраў штодзень паступае каля 500 паведамленняў аб фактах сямейна-бытавых канфліктаў, з якіх больш за 70% складаюць выпадкі хатняга гвалту ў адносінах да жанчын і дзяцей. У той жа час значная колькасць выпадкаў гвалту не фіксуецца, паколькі многія жанчыны альбо схільныя мірыцца з яго праявамі, альбо баяцца звяртацца з заявамі ў афіцыйныя органы.

 

12.6.2. Назіраецца моцная сувязь паміж распаўсюджанасцю хатняга гвалту і сацыяльна-эканамічным становішчам сям’і: калі ў малазабяспечаных сем’ях ад пабояў пацярпела кожная трэцяя з апытаных жанчын, то ў сем’ях з добрым дастаткам такія факты сустракаюцца ў 5% выпадкаў. БХД выступае за прыняцце закона "Аб супрацьдзеянні хатняму гвалту”, які будзе змяшчаць тлумачэнні ўсіх відаў гвалту, санкцыі за ўчыненыя дзеянні і сістэму экстраных мер па прадухіленню і абароне ахвяр хатняга гвалту. У гэтым законе мусіць быць прадстаўлены комплекс мер па прафілактыцы выпадкаў хатняга гвалту і роля ў прафілактыцы ўсіх органаў і арганізацыяў: паліцыі, сацыяльных служб, мясцовага самакіравання, цэркваў і неўрадавых арганізацыяў.

 

12.6.3. Дзеля вырашэння сітуацыі з хатнім гвалтам дзяржава мусіць праводзіць комплексную бестэрміновую інфармацыйную кампанію, накіраваную як на прадухіленне хатняга гвалту, так і на выпраўленне яго наступстваў. Трэба распаўсюджваць інфармацыю пра небяспечнасць для цэласнасці сям’і і цяжкіх наступстваў ад хатняга гвалту. Неабходна стварыць гарачыя тэлефонныя лініі для хуткага рэагавання на небяспеку хатняга гвалту і на вострую сітуацыю.

 

12.6.4. Усе дзяржаўныя ведамствы і органы ўлады, якія маюць дачыненне да вырашэння праблемы хатняга гвалту (паліцыя, пракуратура, сацыяльныя службы, медыцынскія ўстановы, суды, органы мясцовага самакіравання), мусяць быць праінфармаваныя пра дадзеную праблему, яе цяжкія сацыяльныя наступствы і стратэгіі вырашэння праблемы. Патрабуецца вывучэнне замежнага вопыту барацьбы з хатнім гвалтам, правядзенне адукацыйных мерапрыемстваў і абмен вопытам з замежнымі партнёрамі.

 

12.6.5. Неабходна выпрацаваць механізм рэабілітацыі ахвяр хатняга гвалту з аказаннем медыцынскай і псіхалагічнай дапамогі, забяспечыць ахвяр хатнага гвалту кароткатэрміновым і доўгатэрміновым прытулкам у тых выпадках, калі гэтага патрабуе сітуацыя. Дзеля гэтага дзяржава мусіць распрацаваць праграму па фінансаванні агучаных мер у дастатковай ступені па ўсёй краіне.

12.7. У сферы сямейнай палітыкі БХД:

 

12.7.1. – разглядае сям’ю як асноўны аб’ект дзяржаўнай увагі ў сацыяльнай палітыцы і разглядае палітыку ў іншых галінах праз патрэбы сям’і як асноўнай ячэйкі грамадства;

 

12.7.2. – праводзіць палітыку, накіраваную на адраджэнне сямейных каштоўнасцяў, маральнасці і духоўнасці сямейных адносін, выхаванне ў маладога пакалення імкнення ствараць устойлівыя і шчаслівыя сем’і;

 

12.7.3. – выступае ў падтрымку традыцыйных шлюбаў, у тым ліку праз выкарыстанне эканамічных стымулаў;

 

12.7.4. – выступае катэгарычна супраць узаконьвання гомасэксуальных і лесбійскіх партнёрстваў як шлюбаў, а таксама супраць выхавання дзяцей у такіх фактычных саюзах;

 

12.7.5. – выступае супраць абортаў. Аднак не бачыць у заканадаўчай забароне абортаў эфектыўнай меры па барацьбе з гэтай ганебнай і злачыннай практыкай. Замест гэтага БХД прапаноўвае комплекс абмежавальных мер і практык, накіраваных на няўхільнае скарачэнне абортаў з мэтай іх выкаранення;

 

12.7.6. – удасканальваць прафілактыку і ствараць сістэму ранняга выяўлення захворванняў рэпрадуктыўнай сістэмы, паляпшаць якасць медыцынскага абслугоўвання;

 

12.7.7. – павялічыць аднамомантную выплату пры нараджэнні дзіцяці да 2000 еўра, пры нараджэнні другога і наступных дзяцей – да 3000 еўра ў эквіваленце. Штомесячную дапамогу на дзіця да 3-х гадоў усталяваць у памеры не меншым за пражытковы мінімум. Будзе перагледжана метадалогія разліку пражытковага мінімуму, што прывядзе да яго павышэння. Адпаведна павялічацца іншыя выплаты на дзяцей, прадугледжаныя цяперашнім заканадаўствам;

 

12.7.8. – уключаць у працоўны стаж жанчыны час яе знаходжання ў адпачынку па дагляду за дзецьмі;

 

12.7.9. – аддаваць прыярытэт дзіцячым дамам сямейнага тыпу, умацоўваць эканамічныя стымулы сем’ям браць дзяцей на выхаванне;

 

12.7.10. – прыняць нацыянальную праграму "Сямейная медыцына”, якая прадугледжвае ўвядзенне сямейных лекараў – тэрапеўтаў з ведамі ў сумежных вузкаспецыяльных галінах медыцыны;

 

12.7.11. – прыняць нацыянальную праграму "Сямейны капітал”, якая стане крыніцай для паляпшэння жыллёвых умоў маладых сем’яў, медыцынскага і санаторна-курортнага абслугоўвання, адукацыі;

 

12.7.12. – садзейнічаць на нацыянальным узроўні вырашэнню жыллёвага пытання для шматдзетных сем’яў, пачынаючы з ільготных крэдытаў для сем’яў з двума дзецьмі і да поўнай аплаты кошту жылля для сямей з чатырма і болей дзецьмі;

 

12.7.13. – спрыяць павелічэнню дапамогі шматдзетным сем’ям на мясцовым узроўні;

 

12.7.14. – прыняць закон "Аб сямейным прадпрымальніцтве”;

 

12.7.15. – развіваць бяспечную даступную інфраструктуру для сям’яў: дзіцячыя садкі (дзяржаўныя, прыватныя і муніцыпальныя), школы, дзіцячыя пляцоўкі і месцы для адпачынку сем’яў і г.д.;

 

12.7.16. – магчымасць атрымання адукацыі, павышэння кваліфікацыі і працы на даму па гнуткаму графіку для тых жанчын, якія даглядаюць дзіця. Такімі ж правамі мусяць карыстацца і мужчыны, якія знаходзяцца ў адпачынку па дагляду за дзецьмі;

 

12.7.17. – спрыянне развіццю жаночага прадпрымальніцтва;

 

12.7.18. – прыняцце нацыянальнай праграмы і закона "Аб супрацьдзеянні хатняму гвалту”.

12.8. Моладзевая палітыка і адукацыя

 

12.8.1. Моладзевая палітыка БХД зыходзіць з таго, што гэта ёсць жыццёва неабходная частка дзяржаўнай палітыкі ў цэлым. Яна павінна будавацца на хрысціянскіх маральных каштоўнасцях, і асноўным аб’ектам гэтай палітыкі павінна з’яўляцца традыцыйная сям’я. Моладзевая палітыка будуецца на прынцыпе субсідыярнасці і непарыўна звязана з палітыкай ў галіне адукацыі, а таксама ў іншых сферах, як напрыклад, у дзяржаўным будаўніцтве, эканоміцы, сацыяльнай сферы, ахове здароўя і іншых сферах. Адукацыйная палітыка мусіць быць накіравана на выхаванне грамадзяніна, свядомай, адказнай за сябе і сваю краіну асобы, арыентавана на сучасныя веды і самастойнае мысленне.

 

12.8.2. Апатыя большай часткі моладзі.Аўтарытарны рэжым робіць усё магчымае, каб моладзь не прымала актыўнага ўдзелу ў грамадска-палітычным жыцці краіны. Студэнты мусяць выбіраць паміж грамадска-палітычнай актыўнасцю і навучаннем/працай. Перспектыва прымусовага размеркавання, жабрацкай заработнай платы, нізкія перспектывы забяспечыць годнае існаванне новай маладой сям’і і дзяцей ствараюць атмасферу безнадзейнасці і апатыі. Але адна з самых галоўных прычын гэтаму – абмежаваныя магчымасці для рэалізацыі сваіх ідэяў і ініцыятывы. Гэта абумоўлівае тое, што большая частка моладзі не можа і не хоча ўдзельнічаць ў жыцці краіны. Адсюль узнікае жаданне моладзі рэалізоўваць свой патэнцыял у іншай краіне, бо любы нармальны чалавек жадае самарэалізацыі і дасягненняў. Таму шмат маладых людзей не бачаць перспектывы тут і хочуць з’ехаць ці надоўга, ці назаўжды. Такое жаданне прысутнічае ў вялізнай часткі маладых грамадзян Беларусі.

 

12.8.3. Шляхі развіцця моладзевай палітыкі ў Беларусі. Зыходзячы з Праграмы БХД і нашага ўяўлення пра грамадскія справы, мы бачым наступныя два галоўныя накірункі дзяржаўнай моладзевай палітыкі:

-Развіццё і падтрымка сям’і як асноўнай ячэйкі грамадства.

-Развіццё і падтрымка эканамічнай, палітычнай і сацыяльнай актыўнасці ў моладзевым асяроддзі.

 

12.8.4. Паўнавартаснае выхаванне шчаслівых дзяцей і падлеткаў магчыма ў нармальнай традыцыйнай сям’і. Дзяржава павінна заахвочваць маладых людзей ствараць трывалыя сем’і і мець дзяцей, заахвочваць сталых людзей захоўваць свае сем’і і павышаць іх дэмаграфічную перспектыўнасць. Грамадская вартасць сям’і значна большая, чым простая сума вартасцяў мужа, жонкі і дзяцей як асобных грамадзян. Таму менавіта сям’я з’яўляецца асноўным атрымальнікам дзяржаўнай падтрымкі для моладзі.

 

12.8.5. Дзяржаўная падтрымка мусіць быць карыснай для сям’і ў цэлым. Маладыя людзі карыстаюцца падтрымкай дзяржавы пераважна ў кантэксце сям’і, спачатку як дзеці і падлеткі ў сям’і бацькоў (да 18 гадоў), а затым як стваральнікі маладой сям’і (да 31 года), ці як ўдзельнікі ў выхаванні сірот.

 

12.8.6. Неабходна распрацаваць стратэгію развіцця дэмаграфічнага патэнцыялу ў Беларусі. Асобным кірункам у працэсе павышэння дэмаграфічнага патэнцялу з’яўляецца заахвочванне грамадзян удзельнічаць у выхаванні сірот. БХД лічыць, што выхаванне прыёмных дзяцей мусіць ажыццяўляцца перадусім у сем’ях і дамах сямейнага тыпу. БХД распрацуе адмысловую дзяржаўную праграму для выхавання сірот у сямейных інтэрнатах, а сем’і, якія бяруць на выхаванне прыёмнае дзіця, будуць карыстацца дзяржаўнай грашовай дапамогай у памеры, неабходным для выхавання дзіцяці.

 

12.8.7. Пры ажыццяўленні моладзевай палітыкі ўрад будзе фармуляваць асноўныя кірункі, мэты і прыярытэты моладзевай палітыкі, але ў яе рэалізацыі галоўная роля належыць рэгіёнам і асабліва мясцоваму самакіраванню,а таксама грамадскім арганізацыям. Цэнтральны ўрад будзе вызначаць толькі агульную суму выдаткаў і яе размеркаванне паміж рэгіёнамі, а ўжо ў межах рэгіёнаў і муніцыпалітэтаў вызначаюцца прыярытэты з улікам лакальных асаблівасцяў. Таксама частка сродкаў будзе размяркоўвацца ў рэгіёнах сярод неўрадавых арганізацыяў, якія працуюць з моладзю і маладымі сем’ямі.

12.9. Актыўны ўдзел моладзі ў жыцці грамадства

 

12.9.1. Наша задача – стварыць для беларускай моладзі вобраз краіны 1000-гадовай высокай цывілізацыі, грунтаванай на хрысціянскіх падмурках, духоўнага і творчага сэрца Еўропы, дзяржавы з агромністым патэнцыялам магчымасцяў, інфармацыйнай і інавацыйнай сталіцы свету, крыніцы празрыстага і адкрытага ўсяму чалавецтву багацця веры, любові, справядлівасці, міласэрнасці, салідарнасці.

 

12.9.2. Заахвоціць моладзь працаваць на карысць сваей краіны можна толькі тады, калі маладыя людзі змогуць бачыць магчымасці самарэалізацыі ў Беларусі. Такая рэалізацыя можа быць у сферах эканомікі, палітыкі, грамадскай працы, навукі, адукацыі, культуры і іншых сферах. Неабходна развіваць і падтрымліваць эканамічную актыўнасць ў моладзевым асяроддзі, у прыватнасці, шляхам падтрымкі прадпрымальніцтва як стварэння працоўных месцаў (як мінімум для самога прадпрымальніка). БХД лічыць неабходным развіваць бізнэс інкубатары для моладзі з магчымасцю атрымання істотных падатковых ільгот дзеля запачаткоўвання ўласнай справы.

 

12.9.3. Моцным падмуркам для ўсебаковага развіцця моладзі ёсць разуменне хрысціянскіх каштоўнасцяў як светапогляднай сістэмы, як прынцыпаў, якімі людзі мусяць карыстацца ў паўсядзённым жыцці для новага пакалення, здольнага адбудаваць новую Беларусь, дзе узаемадапамога, салідарнасць, спагада, вера і любоў куды важней за моду, "круцізну” або выгаду.

 

12.9.4. Вобраз маладога чалавека, сучаснага і творчага , які валодае беларускай мова і актыўна карыстаецца ёй, ведае гісторыю ды культуру сваёй краіны, мусіць быць у цэнтры дзяржаўнай маладзёвай палітыкі і выхавання патрыятызму.

12.10. Праблемы сістэмы адукцыі

 

12.10.1. Перманентная рэформа сістэмы адукацыі, якая ажыццяўляецца ў Беларусі ўжо дзесяцігоддзе, не прывяла да станоўчых зрухаў. Наадварот, мы назіраем паглыбленне крызісных з’яў.

 

12.10.2. Адна з праблем у адукацыі – нізкія заробкі настаўнікаў сярэдніх навучальных устаноў і прафесарска-выкладчыцкага складу вышэйшых навучальных устаноў. Асабліва востра стаіць пытанне аплаты працы выкладчыкаў сярэдніх навучальных устаноў, сярод якіх пераважаюць жанчыны менавіта з-за нізкай зарплаты і непрэстыжнасці працы ў школе.

 

12.10.3. Сярэдняя адукацыя не арыентавана на развіццё асобы згодна з індывідуальнымі прыярытэтамі асобы – уніфікаваныя навучальныя планы і праграмы, адсутнасць прафесійнай дыферэнцыяцыі ў старэйшых класах ускладняюць вучням выбар будучай прафесіі адпаведна сваім схільнасцям. На сённяшні дзень у Беларусі сярэдняя адукацыя страціла выхаваўчую функцыю. Замест гэтага робіцца ўхіл на дасягненне нейкіх абстрактных фармальных паказчыкаў, хаця галоўнай функцыяй сярэдняй адукацыі мусіць быць выхаванне годнай асобы, перадача гэтай асобе пазітыўных мадэляў сацыяльных паводзін і арыентацыя на будучую прафесію. Сёння ў Беларусі поўнасцю ліквідавана патрыятычнае і нацыянальна арыентаванае выхаванне – у школьнай праграме скажоныя вельмі важныя акцэнты нацыянальнай гісторыі, колькасць беларускамоўных школ і класаў проста мізэрная. Праводзіцца мэтанакіраваная палітыка па вынішчэнні нацыянальнай самасвядомасці і замена яе на ідэалагічны сурагат фальшывых ідэяў.

 

12.10.4. Беларуская вышэйшая адукацыя на сённяшні дзень з’яўляецца адной з самых адсталых у Еўропе. Выключэнне складаюць толькі асобныя прыродазнаўчыя і тэхнічныя дысцыпліны, але і яны ў сваёй большасці працягваюць развівацца па інэрцыі, закладзенай яшчэ за савецкім часам. У большасці астатніх галін якасць адукацыі вельмі нізкая, што выражаецца ў:

-фармалізме навучальнага працэсу;

-закасцянеласці падыходаў да навучання;

-адсутнасці нацыянальнага грунта і хрысціянскага светапогляду ў гуманітарных дысцыплінах;

-слабай тэхналагічнай базе навучальнага працэсу;

-поўнай ізаляванасці беларускай адукацыі ад еўрапейскіх адукацыйных працэсаў;

-адсутнасці студэнцкай мабільнасці, аўтаноміі ўніверсітэтаў і поўнай залежнасці вышэйшых навучальных устаноў ад дзяржавы;

-палітычнымі рэпрэсіямі супраць іншадумства;

-табуяванні асобных тэм па гуманітарных і сацыяльных навуках і навязванні псеўданавуковай і антынацыянальнай "ідэалогіі дзяржавы”.

 

12.10.5. У Беларусі было ўведзена па сутнасці прыгоннае права для моладзі, якая навучалася на бюджэтнай аснове – размеркаванне маладых спецыялістаў, што ва ўмовах прымусовай працы і жабрацкай аплаты працы з’яўляецца відам рабства.

12.11. Рэформа сістэмы адукацыі

 

12.11.1. Сфера адукацыі беспрэцэдэнтна важная для Беларусі, бо Беларусь мае патрэбу ў выхаванні нацыянальна свядомых і духоўнамоцных пакаленняў моладзі, падрыхтаванай да жыцця ў незалежнай, еўрапейскай, дэмакратычнай краіне. Галоўнай мэтай рэформы сістэмы адукацыі БХД бачыць пераадоленне цяперашніх крызісных з’яў.

 

12.11.2. Прыярытэтам пачатковай і сярэдняй адукацыі стане выхаванне асобы, якая будзе годнай часткай грамадства. Настаўнікі не павінны займацца акрамя сваіх непасрэдных абавязкаў яшчэ іншымі відамі дзейнасці, якія навешваюцца сёння чыноўнікамі ад адукацыі. Высокі ўзровень заработнай платы настаўнікаў, які паступова павінен быць павялічаны да сярэднееўрапейскага ўзроўню, і высокі сацыяльны статус прафесіі гарантуюць павышэнне якасці адукацыі. Неабходна вярнуць павагу ў грамадстве да прафесіі настаўніка, як гэта было раней у Беларусі.

 

12.11.3. БХД прапаноўвае развіваць дыферэнцыяцыю сярэдняй адукацыі: профільныя сярэднія навучальныя ўстановы з паглыбленым вывучэннем пэўных прадметаў, куды мусяць ісці вучні з адпаведнымі схільнасцямі, а таксама профільныя кірункі ў старэйшых класах агульнаадукацыйных навучальных устаноў (напрыклад, спартыўны, прыродазнаўчы, гуманітарны, інфарматыкі і інш.). Падзел старэйшых класаў на профілі дазволіць больш эфектыўна выкарыстоўваць час навучання у плане развіцця індывідуальных схільнасцяў вучняў, пазбягаць іх хранічнага адставання і заахвочваць да засваення новых ведаў адпаведна іх цікавасцям. Гэты этап навучання з’яўляецца падрыхтоўкай да ўласна прафесійнай дзейнасці і паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы.

 

12.11.4. Асаблівы ўхіл у выхаваўчым і навучальным працэсах у сярэдняй школе трэба надаць патрыятычнаму выхаванню, вывучэнню нацыянальнай беларускай мовы, гісторыі і літаратуры. Колькасць гадзін па гэтых прадметах мусіць быць істотна павялічана, асабліва да пачатку падзелу навучання паводле профіляў.

 

12.11.5. БХД выступае за абавязковае вывучэнне ў сярэднеадукацыйных навучальных установах асноў хрысціянскай культуры і этыкі. Дзеля гэтага неабходна адкрыць у педагагічных установах адпаведную спецыяльнасць для падрыхтоўкі кваліфікаваных педагогаў. Таксама можна звяртацца да практыкі запрашэння на урокі прадстаўнікоў духавенства ўсіх традыцыйных канфесіяў Беларусі. Школьны курс па асновах хрысціянскай культуры і этыкі будзе накіраваны на вывучэнне базавых прынцыпаў хрысціянскіх канфесіяў у Беларусі, іх развіцця, гісторыі, а таксама на іх мірнае суіснаванне з нехрысціянскімі традыцыямі ў Беларусі – юдаізмам і ісламам. Гэты курс будзе накіраваны на выхаванне павагі да ўсіх рэлігійных канфесіяў, на павышэнне ўзаемнага даверу ў грамадстве паміж прадстаўнікамі розных канфесіяў.

 

12.11.6. БХД лічыць неабходным аптымізаваць навучальныя планы. Напрыклад, прадмет фізкультура будзе пераведзены ў шэраг абавязковых факультатываў без выстаўлення адзнак і здачы нарматываў. Замест гэтага падчас заняткаў па фізкультуры будуць праводзіцца камандныя і развіццёвыя гульні, заняткі па фізічнаму дасканаленню вучняў. Недапушчальна цяперашняя практыка, калі непасрэдна перад дыктоўкай па мове вучняў ганяюць на фізкультуры – усе заняткі па фізкультуры мусяць быць перанесеныя на канец раскладу і ва ўстановах адукацыі мусяць быць забяспечаныя ўмовы для заняткаў (душ, спартыўны інвентар, нармальныя распранальні і інш.). Падчас навучальнага працэсу трэба больш увагі надаваць эксперыментальным формам правядзення заняткаў, выкарыстанню высокіх тэхналогіяў у працэсе навучання (кампутараў падчас заняткаў у класе, інтэрнэту).

 

12.11.7. БХД будзе развіваць беларускамоўную адукацыю праз стварэнне беларускамоўных дзіцячых садкоў, школ і класаў. Такі працэс мы бачым як паступовы, без гвалтоўных захадаў, ён павінен ажыццяўляцца на аснове свабоднага выбару дзяцей і бацькоў. Пры гэтым намі будуць забяспечаны ўсе магчымасці для набыцця пачатковай і сярэдняй адукацыі на мове нацыянальных меншасцяў.

 

12.11.8. Улічваючы патрэбы беларускай эканомікі ў кадрах працоўных спецыяльнасцяў, БХД надае асаблівую увагу развіццю сярэдне-тэхнічных і сярэдне-спецыяльных навучальных устаноў. Неабходна пазбавіцца стэрэатыпу, што паступленне ва ўніверсітэт ёсць гарантыя працаўладкавання і неабходнасць для паспяховай кар’еры. Трэба вярнуць павагу і цікавасць маладых людзей да працоўных спецыяльнасцяў. Для гэтых устаноў будзе забяспечана неабходная тэхналагічная база, каб навучэнцы маглі на практыцы засвоіць перадавыя тэхналогіі і метады працы.

 

12.11.9. БХД створыць умовы для развіцця і паўсюднага ўкаранення прыватнай адукацыі, у тым ліку дамашніх настаўнікаў, прыватных школаў, каледжаў і ўніверсітэтаў. Мы перакананыя, што выхаванне і навучэнне дома або ў прыватнай установе, больш глыбокае і якаснае, можа стварыць альтэрнатыву сістэме агульнай пачатковай, сярэдней і вышэйшэй адукацыі і даць чалавеку выбар.

 

12.11.10. БХД будзе спрыяць пашырэнню хрысціянскай адукацыі – ад вывучэння Закона Божага ў школах і ідэалогіі ва універсітэтах, да спрыяння адкрыццю канфесійных ды міжканфесійных навучальных установаў.

 

12.11.11. Асноўнай задачай у галіне адукацыі стане павышэнне яе якасці і канкурэнтаздольнасці. Для нас важна пераадолець ізаляванасць беларускай адукацыі ад еўрапейскіх і сусветных працэсаў, неабходна далучыцца да Балонскага працэсу, ажыццявіць узаемнае прызнанне дыпломаў з развітымі краінамі свету. Трэба пазбавіць вышэйшую адукацыю ад застарэлых схем і падыходаў. Беларускія студэнты мусяць мець магчымасць праходзіць частку свайго навучання ў іншых установах Беларусі і за мяжой. Вышэйшыя навучальныя ўстановы павінны карыстацца аўтаноміяй, то бок самастойна выбіраць свае органы кіравання і займацца падборам кадраў, ажыццяўляць навучальную, навуковую і гаспадарча-фінансавую дзейнасць, мець статут і г.д. У вышэйшых навучальных установах набходна існаванне студэнцкага самакіравання.

 

12.11.12. Для вышэйшай адукацыі і навукі мусіць быць уласцівая акадэмічная свабода. Як унутры, так і за межамі навучальнай установы або навукова-даследчай арганізацыі дапускаецца поўная свабода ставіць любыя пытанні і імкнуцца да ісціны, у тым ліку з нагоды супярэчлівых і непапулярных поглядаў, незалежна ад таго, кранае ці не каго-небудзь той ці іншы пункт гледжання.

 

12.11.13. БХД выступае за пашырэнне ў сферы вышэйшай адукацыі беларускай мовы. У гэтым працэсе мэтазгодна прытрымлівацца эканамічных стымулаў, а менавіта вярнуць практыку надбавак да заробку тых выкладчыкаў, якія чытаюць свае лекцыі па-беларуску. Але ў якасці пілотнага праекту беларусізацыі вышэйшай адукацыі БХД лічыць неабходным стварэнне Беларускага Нацыянальнага ўніверсітэту на базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту. У новым Нацыянальным універсітэце мэтазгодна ўсё выкладанне паступова перавесці на беларускую мову. Пры гэтым БХД выступае за захаванне магчымасці атрымання вышэйшай адукацыі і на іншых мовах, напрыклад, на расейскай і ангельскай мовах.

 

12.11.14. Мы лічым, што ў Беларусі могуць існаваць навучальныя установы розных форм уласнасці, як дзяржаўныя, так і прыватныя. Дзяржаўная пачатковая і сярэдняя адукацыя мусяць заставацца бясплатнымі, таксама бясплатнай мусіць быць часткова і вышэйшая адукацыя. Паколькі адукацыя з’яўляецца важнай умовай паспяховай прафесійнай рэалізацыі, то яна мусіць быць у роўнай ступені дасяжная як заможным грамадзянам, так і тым грамадзянам, якія не могуць сабе дазволіць аплочваць навучанне. Акрамя таго, што БХД выступае за наяўнасць бясплатнай вышэйшай адукацыі. Мы лічым неабходным стварыць адпаведныя ўмовы для існавання развітай сістэмы грантаў на навучанне і спецыяльных стыпендыяў для адораных і паспяховых студэнтаў. У гэтым працэсе пажаданы самы актыўны ўдзел прыватнага бізнэсу ў кантэксце яго сацыяльнай адказнасці.

 

12.11.15. Будзе адменена антыканстытуцыйнае абавязковае размеркаванне, якое парушае правы чалавека і з’яўляецца эканамічна неэфектыўным інстументам замацавання спецыялістаў на месцах. Для вырашэння кадравага пытання будуць дзейнічаць матэрыяльныя стымулы і выключныя сацыяльныя гарантыі.

 

12.11.16. БХД разглядае сістэму адукацыі праз прызму патрэбаў сям’і і неабходнасць павышэння патэнцыялу сям’і. Гэта з’яўляецца ўмовай як квітнеючай і бяспечнай краіны ў цэлым, так і гарманічнага развіцця кожнага грамадзяніна, у прыватнасці моладзі. Неабходна даць магчымасць маладым сем’ям атрымліваць прафесійную падрыхтоўку і перападрыхтоўку, і сярэдне-спецыяльную і вышэйшую адукацыю. Гэта прадугледжвае перапрацоўку вучэбных планаў, вучэбнага асяроддзя і іншых кампанентаў адукацыі такім чынам, каб цяжарным жанчынам і людзям з малымі дзецьмі можна было ў поўнай меры ўдзельнічаць у навучальным працэсе.

12.12. У галіне адукацыі БХД выступае за:

 

12.12.1. – распрацоўку стратэгіі дэмаграфічнага патэнцыялу для Беларусі;

 

12.12.2. – сацыяльную падтрымку моладзі пераважна ў кантэксце сямейнай палітыкі, то бок спачатку як удзельнікаў сям’і сваіх бацькоў, а пасля як стваральнікаў сваёй уласнай сям’і;

 

12.12.3. – увядзенне ільгот на праезд у грамадскім гарадскім і міжгароднім транспарце: для школьнікаў бясплатны праезд, для навучэнцаў і студэнтаў – 50 % ад кошту праезду;

 

12.12.4. – арыентацыю сярэдняй адукацыі на выхаванне годных грамадзян з патрыятычным светапоглядам і стваральнымі памкненнямі;

12.12.5. – павелічэнне колькасці заняткаў па беларускай мове, літаратуры і гісторыі Беларусі;

 

12.12.6. – увядзенне ў сярэдніх школах прадмета "Асновы хрысціянскай культуры і этыкі”;

 

12.12.7. – існаванне хатняй адукацыі пры належным кантролі з боку дзяржавы;

 

12.12.8. – увядзенне профільнага навучання ў старэйшых класах сярэдніх школ, развіццё гімназіяў і ліцэяў;

 

12.12.9. – павелічэнне колькасці беларускамоўных школ і беларускамоўных класаў;

 

12.12.10. – далучэнне Беларусі да Балонскага працэсу;

 

12.12.11. – акадэмічную свабоду, аўтаномію вышэйшых навучальных устаноў і студэнцкае самакіраванне;

 

12.12.12. – арыентацыю беларускай адукацыі на сучасныя падыходы і методыкі навучання, выкарыстанне ў навучальным працэсе інтэрнэту і інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіяў, забеспячэнне навучальных устаноў неабходным тэхнічным абсталяваннем;

 

12.12.13. – існаванне розных форм уласнасці (дзяржаўных, прыватных) адукацыйных устаноў усіх узроўняў;

 

12.12.14. – захаванне магчымасці бясплатнай вышэйшай адукацыі;

 

12.12.15. – адмену абавязковага размеркавання маладых спецыялістаў;

 

12.12.16. – увядзенне сістэмы спецыяльных грантаў і стыпендыяў, якія могуць цалкам пакрыць патрэбы ў пражыванні і харчаванні для таленавітых і паспяховых студэнтаў;

 

12.12.17. – стварэнне на базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту цалкам беларускамоўнай навучальнай установы – Беларускага Нацыянальнага ўніверсітэту;

 

12.12.18. – вяртанне надбавак да заработнай платы выкладчыкаў у выпадку чытання курса на беларускай мове;

 

12.12.19. – паступовае павышэнне заробкаў выкладчыкаў школ, сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў да ўзроўню сярэднееўрапейскіх заробкаў;

 

12.12.20. –стварэнне міжканфесійнага Хрысціянскага універсітэту, здольнага стаць пляцоўкай сусветнага дыялогу паміж праваслаўнымі, каталікамі і пратэстантамі і цэнтрам кшталтавання маладой хрысціянскай эліты ў сэрцы Еўропы.


Навіны па тэме