РПЦ: спальванне смецця

17 ліпеня 2015 17:18  |  Блог Маргарыты Тарайкевіч

РПЦ: спальванне смецця

Недарэчная выхадка айца Д.Смірнова http://grani.ru/Society/Religion/m.242538.html прынесла мне нечаканае аблягчэнне. Чаму? – А таму, што ягонае грознае з’яўленне на рок-канцэрце падалося мне пародяй на іншую сітуацыю, калі гукі рок-канцэрта перашкаджалі царкоўнай службе…

Я пра трагедыю на Нямізе. Бо чула водгукі, што смерць маладых людзей у недарэчнай цісканіне здарылася таму, што гукі рок-канцэрта перашкаджалі царкоўнай службе на Тройцу. Такая версія здавалася мне паганскай (у самым дрэнным сэнсе) верай у жорсткае і помслівае боства. Хацелася верыць, што гэта не пра нашага Бога, які ў адрозненне ад праўдалюбца Іоны шкадуе грэшных ніневіцян (Іона 4:10-11), і яшчэ гатовы памілаваць цэлы горад калі там знойдзецца хаця б дзесяць праведнікаў (Быццё 18:20-33) – у адрозненне ад паганскіх багоў якія нібыта помсцяць усяму паселішчу за аднаго-некалькіх непакорлівых грэшнікаў… Карацей, дужа хацелася верыць, што да такіх багаслоўскіх версій Бог не мае дачынення.

А наезд айца Дзьмітрыя з ягоным імправізаваным хросным ходам для мяне – нібыта карыкатура на “карныя” багаслоўскія погляды. Святар ёсць іконай Хрыста; дый увогулле чалавек, – вобраз Божы, хрысціянін жа у гэтым кантэксце мае быць асабліва несапсаваным вобразам. Але мы бываем і карыкатурай – вобразам такога бога, у якога зусім не хочацца верыць, боства, створанага з аўтарытарных комплексаў і недаразуменняў.
Інцыдэнт на канцэрце напалохаў неўцаркоўленую грамадскаць, якая пачала параўноўваць праваслаўных актывістаў ледзьве не ISIS’ам, – супакойцеся, спадарства, тут усё лягчэй! Тут звычайная чалавечая памылка – прычым памылка, якую трэба было зрабіць, каб нешта зразумець.

Тое, што зараз адбываецца ў нашай РПЦ, рызыкну азначыць так: спальванне смецця. Вынас і спальванне тых памылак, якія мы накапілі. Наступанне на тыя граблі, на якія браты-католікі панаступалі крыху раней, а рускія праваслаўныя не паспелі ў пакутніцкім ХХ стагоддзі. І – прапрацоўка памылковых тэндэнцый.

Пачну з таго, як гэтая прапрацоўка адбіваецца на маёй хрысціянскай свядомасці.

Да прыкладу, раней я шчыра лічыла, што патрэбная “забарона прапаганды гомасэксуалізму”. Трэба было ў Расіі рэалізавацца гэтай задуме, каб і да маіх хрысціянізаваных мазгоў дайшло: не, гэта дурное! Калі б не ілюстрацыя ў выглядзе гамафобскай ідэалогіі, доўга б я яшчэ думала пра неабходнасць забараніць “прапаганду”.

Таксама раней мяне бянтэжыла пытанне: што рабіць, калі бачыш блюзнерства ў мастацтве? Ці апраўданая пасіўнасць у такіх выпадках? Наведваючы галерэі і папіваючы віно на вернісажах, у кожным выпадку вырашала для сабе, выказваць сваё абурэнне ці не. Часам думала: мо я вінаватая і саўдзельнічаю ў граху, калі не падаю ў суд? – Трэба было адбыцца цырку з “Пусі Райот” і “оскобленіем чувств веруюшчіх”, каб я зразумела: свабода, у тым ліку небяспечная, у мастацтве неабходная, а агрэсіўнасць у абароне свайго бачання прыстойнасці можа зрабіцца не служэннем, а карыкатурай на хрысцінсткую веру.

Асобная тэма – схема “рэлігія плюс дзяржава як узаемныя гаранты”, а таксама супрацоўніцтва з аўтарытарнай уладай ледзьве не да падтрымкі фашысцкіх рэжымаў. Гэта ж ўвогулле еўрапейскі трэнд першай паловы мінулага стагоддзя. Выдатны праваслаўны публіцыст Андрей Десницкий піша:

“После 1917 года русские христиане оказались, по сути, в осажденном лагере, главной их задачей стало сохранение того, что еще можно было сохранить. По сути, XX век европейского христианства прошел мимо них, а ведь тенденции были очень похожими.

Достаточно сказать, что Московский собор 1917–1918 годов по своим решениям во многом был похож Второй Ватиканский собор, который католики провели на полвека позднее.

И сейчас в каком-то смысле русское православие возвращается туда, где оно не смогло побывать из-за 70-летнего перерыва, — в Европу 30-х годов XX века.

В Европу националистических и авторитарных режимов, отстаивавших традиционные ценности в тесном союзе с церковью, от Польши Пилсудского до Португалии Салазара. “http://www.gazeta.ru/comments/column/desnitsky/6840921.shtml

Нарэшце, неабходна адзначыць тое, чаго грамадскасць часта не заўважае – пазітыўныя тэндэнцыі ў РПЦ, якія ўстойліва намеціліся менавіта ў апошні перыяд.

Па-першае, паступова знікае схема “рок=сатанізм”, дый увогулле погляд на культуры і субкультуры робіцца болей шырокім і адэкватным. Калісьці айцец А. Кураеў адгрэб па поўнай за пропаведзі на рок-канцэртах – а цяпер праваслаўныя байкеры і рокеры нікога не здзіўляюць (тое, што гэтыя самыя байкеры часам абвешваюцца “георгіеўскімі” стужкамі – іншая тэма). Акенца Овертона адчынілася і ўпусціла шчыльны струмень прыняцца чалавечай і культурнай разнастайнасці. Менавіта таму мяне радуюць эвэнты кшталту рок-канцэрта ў Храме Хрыста Збаўцы. Нядаўна яшчэ шыпелі на католікаў: як яны могуць рабіць канцэрты ў храмах? Відавочны прагрэс, а бай-эфекты – ужо тэма другасная.

Што па-другое, пра тое нават і казаць сорамна, але ж калі мы ўжо пра выношанне смецця, то – добра, што знікае непрыязь да жаночых штаноў. (У кантэксце штанінна-спаднічных спакусаў царкоўнай субкультуры, мяне асабліва павесяліла, што некаторыя мусульмане, надварот, грэбуюць спадніцай – але гэта іншая тэма…) Наталка Васілевіч радасна посціла ў фэйсбуку фота, дзе Мітрапаліт Павал пацісквае руку дзяўчыне ў бручным касцюме; трэба быць праваслаўнай, каб зразумець прычыну радасці.

Ну і па-трэцяе – пашыраецца тэма неабходнасці грамадска-палітычнай актыўнасці хрысціянаў. Так, на жаль, гэтая тэма выражаецца часта ў выглядзе недарэчнасцяў кшталту праваслаўна-казацкага дабра з кулакамі, “оскорбленія чувств веруюшчіх”, перформансаў Дзмітрыя Энтэо супраць спектакля паводле Оскара Ўайльда… Але акенца Овертона раскрываецца ў правільным кірунку: знікае ўстаноўка на сацыяльную пасіўнасць. Праваслаўныя ўсё болей разумеюць, што шлях хрысціяніна спалучаецца з грамадскай актыўнасцю, што часам трэба не толькі змірацца і маліцца, а дзейна змагацца. Перадольваецца неаплатанічнае грэбаванне гэтым светам з яго сацыяльнай рэальнасцю, пашыраецца ўстаноўка на актыўнасць. Дарэчы, вольналюбіва-ліберальныя погляды сярод царкоўных людзей таксама распаўсюджаныя, дастаткова зірнуць на шэраг рэсурсаў (“Правмір”, “Кіевская Русь”…).

Ой, я ж ледзьве не забылася – праз фэйсбук далятаюць радасныя навіны аб беларускамоўных багаслужбах!!..

Пазітыўныя трэнды відавочныя. Ну ды і смецце ў нашых галовах паступова выносіцца вонкі. Суседзі, канешне, смяюцца, дый ёсць з чаго. Але так ці інакш, добра б паспець прыбрацца да Другога Прышэсця Збаўцы.

Болей навін