Запозненае абурэнне Мітрапаліта Кандрусевіча
У пятніцу 27 траўня стала вядома, што Менгарвыканкам забараніў адзначаць каталіцкае свята Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста (Божага Цела) традыцыйным малітоўным шэсцем па праспекце Незалежнасці.
Замест праспекта ўлады накіроўваюць працэсію па тратуарах вуліц Казлова, Бядулі, Першамайскай, Ульянаўскай і Свярдлова. На гэтых вуліцах – вузкія тратуары, шматлікія светлафоры, трамвайныя шляхі і рынак.
“Незразумелае рашэнне гарадскіх уладаў — гэта непавага да вернікаў, якія з’яўляюцца грамадзянамі сваёй краіны і жыхарамі яе сталіцы, – заявіў арцыбіскуп Кандрусевіч. — Такое рашэнне не спрыяе кансалідацыі нашага грамадства, бо што можна казаць вернікам, якія не перастаюць тэлефанаваць і з трывогаю пытацца ў святароў: чаму?”
Разумею абурэнне Яго Эксцэленцыі і тысячаў мінскіх каталікоў, якія рыхтаваліся да традыцыйнага малітоўнага шэсця. Прыкра, нічога не скажаш. Закручванне гаек дайшло і да рэлігійных акцыяў.
Толькі вось “незразумелым” гэтае рашэнне называць не варта. Сямнаццаць год каталіцкія біскупы маўкліва назіралі за ўмацаваннем рэжыму Лукашэнкі, таптаннем законнасці, правоў і свабодаў чалавека. Пад лукашэнкаўскія рэпрэсіі траплялі не толькі апазіцыянеры, але і рэлігійныя супольнасці, святары, хрысціянскія вернікі, якія не жадалі прадаць сваё сумленне сістэме. Асудзіць такое становішча і заклікаць улады да спынення рэпрэсій, вяртання законнасці і міру – маральны абавязак Цэркваў, калі яны лічаць сябе хрысціянскімі.
Ды дзе там! Пасля таго, як дзясяткі каталікоў сустрэлі Раство за кратамі і калючым дротам, у момант, калі хрысціяне сядзелі на “Валадарцы” і “амерыканцы” за мірную акцыю пратэсту – каталіцкія біскупы дружна пляскалі ў ладкі ілжэсведчанню Лукашэнкі на інаўгурацыі.
Што цяпер выказаваць “неразуменне”? Кандрусевіч атрымаў аплявуху ад таго, каго паслядоўна падтрымліваў сваім маўчаннем. Усё лагічна. Інакш быць не магло – калі-небудзь махавік рэпрэсій мусіў балюча ўдарыць па Касцёлу. Але як крыўдна павінна быць іерархам – сцяліліся-сцяліліся перад Лукашэнкам – а ён вось што ў адказ.
Кепскі варыянт – калі Касцёл чарговы раз абмяжуецца асцярожнымі рэплікамі. На выклік, кінуты рэжымам, трэба адказваць – аспрэчваць забарону ў судзе, выступіць у прэсе. Урэшце, павесці, насуперак забароне, калону вернікаў на праспект. Ці, на крайні выпадак, адмяніць працэсію зусім, зачытаўшы ў касцёлах ліст з тлумачэннем такога рашэння. Калі ж Мітрапаліт маўкліва пакажа сваю слабасць і павядзе шэсце па прапанаваным гарвыканкамам маршруце – наступны раз працэсію на свята Божага Цела могуць зусім забараніць.
Пасля распаўсюжання інфармацыі пра забарону і заявы мітрапаліта Кандрусевіча, менгарвыканкам усё ж даў згоду на правядзенне эўхарыстычнай працэсіі па менавіта цэнтральных вуліцах Мінска. Аб гэтым стала вядома 28 траўня 2011 г. Працэсія пройдзе 29 траўня па традыцыйным маршруце з чатырма прыпынкамі: касцёл Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на Залатой горцы − плошча Перамогі − Кастрычніцкая плошча – Чырвоны касцёл. Завершыцца працэсія каля архікатэдральнага касцёла. (Заўвага рэдакцыі сайта).