Лукашэнкаўцы пачынаюць новую хвалю рэпрэсій супраць Касцёла
Перад Раством каталіцкі Касцёл сутыкнуўся з ціскам з боку рэжыму Лукашэнкі. Дваім святарам (аднаму з Мінска-Магілёўскай, другому – з Пінскай дыяцэзіі) не падоўжылі візы на 2012 год.
Большасць з іх атрымалі візу толькі на паўгады, а некаторыя на тры месяцы, хоць дагэтуль атрымлівалі на год. Кожны трэці ксёндз, які служыць у Беларусі – паляк, таму іх выганне можа стаць сур’ёзным ударам па Касцёле.
У 2007 годзе Аляксандр Косінец, які займаў тады пасаду віцэ-прэм’ера, заявіў, што да 2014 года ўсе польскія святары будуць выдаленыя з тэрыторыі Беларусі. Тады сямёх ксяндзоў прымусілі выехаць. Сітуацыя часова палепшылася ў 2008 годзе, калі Беларусь наведаў Дзяржаўны сакратар Ватыкана кардынал Тарчызіё Бертонэ. Пасля перамоваў улада часова перастала выганяць ксяндзоў ды дазволіла будаваць новыя касцёлы. Адначасова Касцёл дэманстраваў сваю лаяльнасць да рэжыму Лукашэнкі.
Такое становішча пратрывала два з паловай гады – і вось мы бачым пачатак новых рэпрэсій супраць Касцёла. Магчыма, да гэтага падштурхнула “нелаяльнасць” святароў і вернікаў, якім сумленне не дазволіла закрыць вочы на злачынствы рэжыму. Магчыма, гэта шантаж з боку Лукашэнкі, які, як заявіў на сустрэчы з кардыналам Кохам, жадае атрымаць ад Касцёла падтрымку сваёй персоны.
У нейкай ступені можна сказаць, што Касцёл дапамог рэжыму загнаць сябе ў пастку. Калі ў 2002 годзе прымаўся закон “Аб свабодзе сумлення”, паводле якога ўлада мае права без тлумачэння прычынаў выганяць святароў – Касцёл маўчаў. Калі ў 2006 годзе грамадскасць і пратэстанцкія вернікі пачалі збор подпісаў за адмену гэтага закона – Касцёл не падтрымаў. У 2008 годзе кардынал Бертонэ дзеля дыпламатыі нават выказаўся, што гэта “добры” закон. Закрываючы вочы на злачынствы, іерархі спадзяваліся, што маўчанне даможа “дамовіцца” з уладамі.
“Дамовіцца” не ўдалося. Новая хваля рэпрэсій супраць Касцёла пачалася.