Спецназ і Святло

10 лютага 2012 10:56  |  Блог Кастуся Шыталя

Навіна пра тое, як спецназ уварваўся ў дом пастара пратэстанцкай царквы “Ян Прадвеснік” Антонія Бокуна, ужо абляцела беларускія інтэрнэт-сайты.

 

Служкі Лукашэнкі ўварваліся, фактычна, у царкву. Нібы бандыты, выбілі вокны, не прадставіліся, загадалі ўзняць рукі ўгору ды завялі ўсіх прысутных у аўтобус. Завезлі ў РАУС, пратрымалі некалькі гадзінаў ды адпусцілі без тлумачэнняў і пратаколаў.

 

Навошта была гэтая варварская акцыя? Найбольш лагічная версія – каб запалохаць.

 

Спецназ уламаўся ў дом пастара ў той момант, калі там праходзіў Ліцьвінскі Клюб. Гэта сустрэчы, якія арганізоўваюць члены царквы “Ян Прадвеснік”. Удзельнікі Ліцьвінскага Клюбу абмяркоўваюць гістарычныя падзеі і асобаў, літаратурныя і мастацкія творы.

 

Адметнасць Ліцьвінскага Клюбу – тое, што ўсе тэмы абмяркоўваюцца ў хрысціянскім кантэксце. На сустрэчах Клюбу можна пачуць багата прыкладаў таго, як людзі, якія верылі ў Бога і любілі сваю краіну, уплывалі на хаду гісторыі. Гучалі таксама і прыклады таго, да якога заняпаду бязбожжа даводзіла краіны і народы.

 

У многіх пасля сустрэчаў Ліцьвінскага Клюбу змяніўся погляд на гісторыю, сучаснасць і будучыя перспектывы Беларусі. Клюб пашыраў меркаванне, што адраджэннне Беларусі можа прыйсці толькі праз адраджэнне веры. Сустрэчы прыносяць вялікі плён у справе евангелізацыі – вельмі многія ўдзельнікі Клюбу паверылі ў Хрыста і пачалі хадзіць у царкву.

 

Вось у гэтым і ёсць уся “небяспека” Ліцьвінскага Клюбу. Дыктатура баіцца, каб людзі не пачалі верыць у Бога. Калі дыктатура церпіць веру, то толькі веру без справаў, мёртвую веру (гл. Якуба, 3:20). Калі ж чалавек пад уплывам веры пачынае задумвацца над сваім пакліканнем, адмаўляецца хлусіць і перастае падрымліваць беззаконне – гэта небяспечна для дыктатуры.

 

Вядоўцы Ліцьвінскага Клюбу заўсёды падкрэслівалі, што беларусам варта быць хрысціянамі і што хрысціяне павінны быць соллю зямлі  і святлом свету (гл. Мацвея, 5, 13-16). І напамін пра гэта давёў лукашэнкаўскіх сілавікоў да шаленства.

 

“Бо кожны, хто робіць ліхое, ненавідзіць сьвятло і ня ідзе да сьвятла, каб не адкрыліся ўчынкі ягоныя, бо яны ліхія” (Яна, 3:20).

Болей навін