Дыпламатычны ход ксяндза Уладзіслава Завальнюка

05 студзеня 2012 07:03  |  Блог Кастуся Шыталя

Зварот за подпісам ксяндза пробашча Уладзіслава Завальнюка быў зачытаны 30 снежня ў касцёле святых Сымона і Алены ў Мінску.

 

“Я прашу вас не паддавацца заклікам людзей з па-за касцёла і не дапускаць пры нашым Храме ніякіх сходаў, якія не звязаныя са Святой Імшою ці з малітваю”, гаворыцца ў звароце. Гэтыя людзі, як піша ксёндз Уладзіслаў, “не маюць аніякага дачынення да веры, Бога і Касцёла, і хацелі б выкарыстаць нас у сваіх мэтах”.

 

Што ж гэта за “людзі з па-за касцёла”, пра якіх піша ксёндз Уладзіслаў?

 

Дакумент напісаны “з нагоды падзей, якія адбыліся каля касцёла 19 снежня 2011 года”. Тады, нагадаем, сілавыя структуры затрымалі побач з касцёлам каля трыццаці чалавек. Гэта былі людзі, якія сабраліся каб памаліцца і запаліць свечкі побач са скульптурай Міхала Арханёла, што пад сценамі касцёла.

 

Ксёндз Уладзіслаў Завальнюк звяртае ўвагу, што царкоўнае права не дапускае ў храме “ніякіх другіх дзеянняў, акрамя праслаўлення Госпада, выкання Святых Сакрамантаў і асвячэння сваёй душы” ды нагадвае словы Пісання “Дом Мой з’яўляецца Домам малітвы” (Евангелле паводле Лукі, 19, 46).

 

Дык ніякіх “другіх дзеянняў” пад сценамі касцёла святых Сымона і Алены і не адбываецца. Ксёндз Уладзіслаў гэта выдатна ведае. Людзі штовечар збіраюцца, каб памаліцца, заспяваць рэлігійныя спевы, падзяліцца навінамі пра пераследваных ды вырашыць, чым можна ім дапамагчы. Месца малітвы застаецца месцам малітвы.

 

Варта заўважыць, што ў звароце святара немагчыма знайсці ніводнага сказа, у якім асуджаліся б малітвы за палітычных вязняў, што адбываюцца каля Чырвонага касцёла. Магчыма, гэта адмысловы “дыпламатычны” манеўр. Вядома, што ў канцы снежня прадстаўнікі ўлады ціснулі на святара з нагоды малітоўнай акцыі. Напісаўшы зварот, ксёндз Уладзіслаў здолеў і выканаць патрабаванне ўлады – і пры гэтым і не забараніць маліцца за вязняў.

 

Тым не менш, зварот можа быць успрыняты неадназначна і выклікаць непаразуменні паміж вернікамі. Большасць тых, хто яго чытае, бачыць там тое, чаго там няма – а менавіта асуджэнне малітоўнай акцыі. І гэта можа мець негатыўныя наступствы ў адносінах паміж вернікамі.

 

…Між тым, удзельнікаў малітваў за палітвязняў апошнім часам стала болей. Не маючы надзеі на ўласныя сілы, людзі просяць Госпада за людзей, якія бязвінна пакутуюць у беларускіх турмах.

Болей навін