Узаконенае забойства
Сёння, 1 чэрвеня, ва ўсім свеце адзначаюць Дзень абароны дзяцей.
Толькі вось за святочнымі канцэртамі і лозунгамі, “дзеці – наша будучыня”, забываецца страшная рэч:дзяцей у нашай краіне забіваюць.
Прапаную ўвазе чытачоў свой артыкул, упершыню апублікаваны ў траўні 2008 года.
* * *
Днямі на сайце «Нашай нівы» адбывалася гарачая дыскусія чытачоў вакол тэмы абортаў на Беларусі, выкліканая публікацыяй матэрыяла аб супрацьабортным пікеце 9 траўня на рынку ў Докшыцах. Відавочна, што гэтае пытанне цікавіць чытачоў «Нашай нівы». З гэтай нагоды паспрабую выказаць уласныя меркаванні як верніка і грамадзяніна.
Хрысціяне адназначна называюць аборт забойствам. Паводле вучэння ўсіх хрысціянскіх канфесіяў, ужо ў момант зачацця чалавек атрымлівае ад Бога несмяротную душу, і таму ён з’яўляецца жывым стварэннем, якое мае такое ж права на жыццё, як і дарослы чалавек. Паводле хрысціянскага вучэння, толькі Бог можа забраць у чалавека жыццё, дадзенае Ім. Для хрысціянаў, у прынцыпе, больш доказаў на карысць забароны абортаў непатрэбна. Але паспрабуем паглядзець на гэтую праблему з пункту гледжання агульначалавечай маралі.
Пра тое, што пры злучэнні мужчынскага сперматазоіда з жаночнай яйцаклеткай адбываецца зараджэнне новага жывога арганізма, ведае кожны яшчэ са школьных падручнікаў па біялогіі. Гэты новы арганізм пераймае частку генетычнага коду ад бацькі, частку ад маці. Аднак ён з’яўляецца новай, самастойнай істотай, а не часткай мацярынскага арганізма, бо нясе ў сабе іншы генетычны код. Сучасныя навуковыя даследванні дазваляюць вельмі дакладна назіраць за развіццём дзіцяці да нараджэння. Паўтару тыя звесткі, якія можна знайсці практычна на кожным сайце, прысвечаным змаганню супраць абортаў (У Расеі ўжо ёсць з дзесятак такіх Інтэрнэт-рэсурсаў, Беларусь, на жаль, не мае пакуль ніводнага). Сэрца дзіцёнка пачынае біцца ўжо на 18 дзень пасля зачацця. У пяць з паловай тыдняў дзіцё ўжо рухае галавой, а яшчэ праз тыдзень можа рухаць усім целам. У 10 тыдняў ён ужо мае адбіткі пальцаў. Назваць эмбрыён часткай цела цяжарнай жанчыны нельга, бо ён мае іншы генетычны код, а ў палове выпадкаў – іншы пол. То бок чалавечы эмбрыён – гэта ўжо новы чалавек, які праходзіць фарміраванне, перад тым, як пачаць жыццё па-за ўлоннем маці. Калі хтосьці не лічыць чалавечы эмбрыён дзіцём, то гэта з’яўляецца непрызнаннем факту, аб’ектыўна ўстаноленага навукай. Можна яшчэ сказаць, што да нараджэння чалавек яшчэ не сфарміраваны поўнасцю. Але, калі кіравацца такой логікай, то і нованароджаных дзяцей не трэба лічыць за дзяцей, таму што яны без дапамогі не пражывуць і дня.
…У матку жанчыны ўводзіцца трубка, падключаная да вакуумнай помпы. За некалькі хвілінаў з-за розніцы ціску дзіцё, цалкам або разарванае на часткі, высмоктваецца з улоння жанчыны… Альбо цела дзіцяці разразаюць на часткі адмысловым нажом-кюрэткай, пасля чаго парэшткі дастаюць вонкі. Яшчэ больш жорстка выглядае аборт на другім трыместры цяжарнасці. Урач пры дапамозе шчыпцоў захоплівае частку цела дзіцяці, адрывае яе, пасля бярэцца за іншую. Галава ўжо досыць вялікая, таму, каб яе дастаць, даводзіцца расціснуць яе шчыпцамі, каб пацяклі мазгі. Жудасна? Але ж дзіцё пры гэтым адчувае нясцерпны боль, бо аніякага абязбольвання для яго няма. Яшчэ больш страшнай формай аборта з’яўляецца ўвядзенне канцэнтраванага раствору солі ў плацэнту, у выніку чаго на працягу некалькіх гадзінаў дзіцё памірае ў страшных муках. Калі пасля ў выніку спазмаў маткі альбо звычайнага аборту дастаюць мёртвае ўжо цела дзіцяці, то бачна, што скура і ўсе яго слізістыя абалонкі падвергліся хімічнаму апёку.
Такім чынам, ужо задоўга да нараджэння дзіцё пачынае жыць і развівацца. Яно – жывое, яно – дзіцё, яно – чалавек. Таму цалкам лагічна і справядліва лічыць аборт забойствам дзіцяці. З дапамогай ультрагукавых даследванняў можна ўбачыць, што дзіцё спрабуе адсунуцца ад абартыўных інструментаў, у адчаі матляе нагамі і рукамі, пульс падвышаецца да 200 удараў за хвіліну. Калі гэтыя інструменты захопліваюць частку яго цела, рот дзіцяці раскрываецца, нібы ў крыку. «Нямы крык» – так быў названы адзін з першых дакументальных фільмаў, прысвечаных праблеме абортаў. Зараз жа ў Інтэрнэце шмат такіх відэазапісаў, якія зробяць фору многім галівудскім жудзікам.
Ці можна чым-небудзь апраўдаць забойства дзіцяці? Пытанне, можа, крыху дзіўнае, але актуальнае, бо прыхільнікі абортаў прыводзяць вельмі шмат аргументаў на карысць сваіх поглядаў – «свабодны выбар жанчыны», небяспека павелічэння колькасці крымінальных абортаў, матэрыяльныя цяжкасці. Але хіба ўсе гэтыя прычыны могуць быць больш важнымі за жыццё чалавека? Калі жанчына мае, паводле дзяржаўнага закону, права забіць дзіця, то тады, паводле логікі, трэба было б легалізаваць забойствы ўвогуле. Жанчыне перашкодзіць «незапланаванае дзіцё», а мяне, напрыклад, раздражняе сусед-алкаголік. Дык што, мне можа ўзяць забіць таго суседа ды сказаць «гэта маё права», як выказваюцца пра аборты феміністкі.
«Ну забойства, дык забойства, часам бываюць такія жыццёвыя сітуацыі», – кажуць некаторыя. Да чаго ж мы тады дайшлі, калі выказваем такія погляды? Забіць чалавека – выйсце з нейкай сітуацыі? Калі ж мы, з усведамленнем, што ненароджанае дзіця з’яўляецца дзіцём, апраўдваем яго забойства, то чым мы лепшыя за фашыстаў, якія мэтанакіравана знішчалі габрэяў, або камуністаў, якія паўсюль вынішчалі «ворагаў народа»? Злачынствы камунізму і фашызму таксама рабіліся «у імя лепшай будучыні». Тым, хто падтрымлівае аборты, няма чаго рабіць у Курапатах – бо яны ствараюць у ХХІ стагоддзі новыя Курапаты, забіваючы тысячамі сваіх дзетак, то бок робяць тое ж, што і НКВДзісты. Але ў Курапатах людзей забівалі чужынцы-чэкісты па загаду з Масквы, дзеля правядзення крывавай палітыкі Сталіна. У Трасцянцы расстрэльвалі фашысты – таксама захопнікі, таксама па загаду свайго правадыра. Мы ж знішчаем не іншы, чужы нам народ, а сваіх уласных дзетак! Да чаго мы дайшлі, беларусы?! Некаторыя апраўдваюць аборт дабром самога дзіцяці – «яго ж не буде як пракарміць, не будзе ў што апрануць». Аднак агульнавядома, што людзі ў любой цяжкасці трымаюцца за жыццё і стараюцца выжыць. Пазбаўляць чалавека права на жыццё, матывуючы гэта дабром самаго чалавека – абсурдна.
Высновы з прачытанага кожны няхай зробіць сам.
Кастусь Шыталь. “Наша Ніва”, травень 2009 года.