Вінаватыя мы самі
Многія паўтара дзесяцігоддзя чакалі моманту, калі беларусаў перастане задавальняць эканамічнае становішча і ўзрастуць пратэстныя настроі.
Вось, дачакаліся. Некалькі месяцаў як узляцелі кошты, не стала валюты, народ перастаў масава верыць прапагандзе і стаў выказваць незадаволенасць уладай. І што ў выніку? Некалькі тысячаў адважных выйшлі на акцыі пратэсту, а астатнія назіралі праз Сеціва. Рэвалюцыі не адбылося.
На пытанне “хто вінаваты ў сённяшняй сітуацыі” абсалютная большасць беларусаў адкажа, што вінаватая ўлада, альбо персанальна Лукашэнка. Адным словам – ШОС – і ўсё будзе добра.
Ускласці ўсю адказнасць за сітуацыю на аднаго грамадзяніна, хай сабе і з неабмежаванымі паўнамоцтвамі, вельмі проста. Але адзін грамадзянін не нарабіў бы столькі бяды, калі б большасць беларусаў не падтрымлівала гэта актыўна альбо пасіўна.
Вінаваты не толькі Лукашэнка. Не толькі міністры, сілавікі і вертыкаль. Вінаватыя мы. Кожны з нас.
Гэтыя сямнаццаць год тысячы людзей працавалі на Лукашэнку ў кабінетах улады, сілавых структурах, дзяржаўнай прапагандзе і выбарчых камісіях. Мільёны людзей моўчкі згаджаліся – не выказваліся супраць, не абаранялі свае правы, не выходзілі на плошчы. І вынік – агульнымі намаганнямі мы давялі краіну да бядотнага стану.
Сёння пратэстныя настроі растуць, бо выраслі кошты і цяжэй стала пражыць. Яшчэ нядаўна, калі раслі заробкі, лукашэнкаўская “стабільнасць” нас задавальняла. Быў адносны матэрыяльны дабрабыт – і нас не турбавалі палітычныя вязні, закрыццё незалежных газет, фальсіфікацыя выбараў, прыніжэнне нацыянальных сімвалаў і заняпад беларускай культуры.
Гэта толькі марксісты разглядаюць культуру як “надбудову”, якая стаіць над эканамічным “базісам”. Але гісторыя паказвае, што лёс народаў залежыць ад таго, як людзі думаюць, як ставяцца да сябе, да сям’і, да працы, да краіны.
“Так кажа Гасподзь: спынецеся на шляхах вашых і разгледзьце, і распытайце пра шляхі старажытных, дзе шлях добры, і ідзеце па ім, і знойдзеце спакой душам вашым”, – заклікаў дзве з паловай тысячы год таму біблійны прарок Ерамія.
Сёння нам, беларусам, трэба гэтак жа спыніцца і разгледзецца. Прызнацца ў грахах і пакаяцца. Зразумець, што мы – народ і пачаць адбудоўваць Беларусь.