Сакратар з Гродзенскага аблвыканкаму: КДБ у курсе настрояў ІП

30 снежня 2015 13:09  |  Галоўныя навіны

Сакратар з Гродзенскага аблвыканкаму: КДБ у курсе настрояў ІП

Кампанія супраць прымусовага набыцця банкаўскіх тэрміналаў для ІП наблізілася да свайго фінішу. Ініцыятыўная група атрымала адказы на адпраўленыя калектыўныя звароты, паведаміў кіраўнік кампаніі, каардынатар Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі ў Гродне Сяргей Верамеенка.

Варта адзначыць, што Адміністрацыя прэзідэнта, атрымаўшы бандэроль з больш са 100 аркушамі падпісантаў, перадала іх у Савет Міністраў, якому таксама дасылалі зварот, а той перанакіраваў яе ў Нацбанк. І гэта пры тым, што Саўмін разам з Нацбанкам прымаў сумесныя пастановы №924/16 ад 6 ліпеня 2011 года і № 489/7 ад 21 траўня 2014 года, датычныя абавязковага усталявання прадпрымальнікамі банкаўскіх тэрміналаў у іх гандлёвых кропках. Першым адказ прыйшоў з Міністэрства па падатках і зборах за подпісам намесніка міністра Святланы Шаўчэнкі са спасылкай на тое, што тэрміналы ўводзяцца ў сувязі з наяўнай эканамічнай сітуацыяй, хоць у звароце падкрэслівалася, што абавязковае ўвядзенне тэрміналаў у сённяшняй эканамічнай сітуацыі моцна ўдарыць па прадпрымальніках. “А можа “жить стало лучше…”, а мы й не заўважылі?” – задаецца пытаннем Сяргей Верамеенка.

Між тым 10 снежня яму патэлефанавала кіраўнік аддзелу прадпрымальнікаў Гарадзенскага аблвыканкама Алена Валько, якая пачала пытацца, ці сапраўды кіраўнікі кампаніі падпісваўся пад зваротам, дзё ён працуе, у чым сутнасць звароту. Адначасова яна паведаміла, што некаторыя прадпрымальнікі па тэлефоне сказалі ёй, што не падпісваліся пад зваротам. Тым не менш, паступова яна прызнала, што праблема ўсё ж існуе і вартая, прынамсі, абмеркавання. Аднак на пытанні, чаму аналаг беларускага “таннага” чатырохмільённага тэрмінала ў Польшчы каштуе менш за 5 еўра (90 000 рублёў), а аналаг “дарагога” дзесяцімільённага – 37 еўра (740 000 рублёў) і чаму іх нельга ўвесці ў рэестр, яна адказаць не змагла. Павісла ў паветры і пытанне пра тое, адкуль будуць браць грошы на новаўводзіны дробныя прадпрымальнікі, грашовы абарот каторых і так мізэрны. І якая такая вострая неабходнасць безнаяўных разлікаў існуе ў 350-тысячнай Гародні, дзе налічваецца больш за 200 банкаматаў, у аблвыканкаме таксама не ведаюць. А што рабіць з разлікам па картцы ў зоне, дзе няма дасяжнасці або працуе з перабоямі інтэрнэт (датычна таксовак)?

Алена Валько таксама паведаміла, што плануе запрасіць прадпрымальнікаў у аблвыканкам для абмеркавання сутнасці звароту – прыкладна 15 снежня. Аднак больш звязацца з ёй не атрымалася. 14 снежня яна спачатку скінула тэлефонны выклік, а потым проста не адказвала на тэлефанаванне.

17 снежня Сяргей Верамеенка наведаў аблвыканкам, каб асабіста паспрабаваць запісацца на прыём. Там яму паведамілі, што сустрэча з намесніцай старшыні аблвыканкаму Аленай Агей мае адбыцца 18 студзеня а 8.30. Але прыйсці на яе адначасова можа не больш за тры чалавекі. Аднак праз гадзіну сустрэча была адмененая і перанесеная на 20 снежня. На заўвагу, што некаторыя ІП ад безвыходнасці прапануюць перакрываць масты праз Нёман, сакратар заявіла, што КДБ у курсе пра гэта.

Апошнім прыйшоў адказ з Нацбанку. Згодна з ім, пастанова адменена не будзе, бо тэрміны ўжо пераносіліся. Таксама ў рэгулятары спаслаліся на меркаванне трымальнікаў картак, абсалютна не пачуўшы довады ІП. Сярод падпісантаў чыноўнікі знайшлі тых, хто не з’яўляецца прадпрымальнікам, заявіўшы на гэтай падставе, што ім не варта было клапаціцца, бо іх інтарэсы аніяк не закранутыя. Да адказу была дадзеная табліца з “Інфармацыяй аб парадку, умовах і коштах…” на тэрміналы. Цана абсталявання – ад 10 млн да 13,8 млн рублёў. Або арэнда за 400-680 тыс. рублёў за месяц. Плюс банкаўскае абслугоўваньне ад 100 тыс. рублёў за месяц да 3,5% з выручкі. Ёсць, і таннейшыя прылады за 1-3 млн рублёў. Але гэта толькі ў “Прыёрбанку” пры умове, што з’яўляешся яго кліентам. Па інфармацыі прадпрымальнікаў, якія ўжо замовілі аднамільённае абсталяванне, тавару ў наяўнасці няма. Да таго ж “танныя” тэрміналы не выдаюць чэк аб спісанні сродкаў з рахунку кліента, як таго патрабуе заканадаўства.

“Такім чынам, чарговы раз беларуская ўлада прадэманстравала, што ўсе “ніжэйшыя за іх” існуюць выключна для таго, каб выконваць загады-дырэктывы, прынятыя недзе там вышэй без якога-небудзь грамадскага абмеркавання. Каб выдаткоўваць свае грошы на затыканне чарговых дзірак у “стабільнай эканоміцы”. Ну і, канешне, каб утрымліваць чынавенства, што не жадае ані бачыць, ані размаўляць з тымі, для каго яны нібыта (па заканадаўстве) працуюць. За выстаўлены ІП-эшнікам рахунак прыйдзецца заплаціць ці адмовіцца ад працы. Штосьці гэта надта нагадвае дзеянні “рамантыкаў з вялікай дарогі”” – адзначыў каардынатар БХД.

Болей навін