Таццяна Севярынец на БТ: Калі ўлада клапоціцца толькі пра сябе, то такую ўладу трэба мяняць

19 жніўня 2016 13:15  |  Палітыка

Таццяна Севярынец на БТ: Калі ўлада клапоціцца толькі пра сябе, то такую ўладу трэба мяняць

Актывістка аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Таццяна Севярынец, якая з’яўляецца кандыдатам у дэпутаты па Віцебскай-Чкалаўскай выбарчай акрузе № 18, заклікала выбаршчыкаў падтрымаць перамены і рэформы, каб «нарэшце спыніць здзек з людзей».

«Я люблю сваіх дзяцей і ўнукаў, люблю сваю краіну, – заявіла яна падчас свайго перадвыбарчага выступу, які трансляваўся 17 жніўня ў эфіры Віцебскага абласнога тэлебачання на канале «Беларусь 3». – Я не магу спакойна глядзець на тое, што адбываецца тут і цяпер: на абыякавасць ўлады да людзей, якая даўно забылася, што менавіта яны – чыноўнікі, дэпутаты, прэзідэнт – слугі народа».

Кандыдат у дэпутаты адзначыла, што Палата прадстаўнікоў дзеючага складу «прыняла тры дзікія рабаўніцкія законы: аб дармаедстве, паставіла на мяжу выжывання прадпрымальнікаў, падвысіла пенсійны ўзрост».

«Кожны з вас мае права запытаць у чыноўнікаў, куды і на што сыходзяць нашы грошы», – сказала яна.

На думку Севярынец, улада абараняе інтарэсы «толькі прэзідэнта і чыноўнікаў». «Простаму чалавеку немагчыма дабіцца праўды ў судзе, выканкаме. Так калі ўлада клапоціцца толькі пра сябе, то такую ўладу трэба мяняць!» – падкрэсліла яна.

Таксама Севярынец паведаміла, што па поглядах з’яўляецца хрысціянскім дэмакратам, галоўная мэта якіх – «абарона кожнага беларуса ад несправядлівасці, беспрацоўя і галечы», задачы – «вярнуць у грамадства каштоўнасці міласэрнасці, салідарнасці, справядлівасці, надзею на будучыню».

Севярынец паведаміла БелаПАН, што яе выступ быў паказана без скарачэнняў. «Далі так, як ёсць, пад бел-чырвона-белым сцяжком», – сказала яна.

Болей навін