Акруговая камісія: службовай машыны, сфатаграфаванай на пікеце праўладнага кандыдата, там не было

04 верасня 2016 16:40  |  Палітыка

Акруговая камісія: службовай машыны, сфатаграфаванай на пікеце праўладнага кандыдата, там не было

Віцебская-Чкалаўская акруговая №18 адмахнулася ад скаргі прамоўцы БХД Таццяны Севярынец на дзеянні апанента ад улады, загадчыка кафедры Віцебскага медуніверсітэту Сяргея Занько. У скарзе былі пералічаныя 2 выпадкі парушэння арт. 73 Выбарчага кодэкса – на пікет 25 жніўня стэнд прывезла “Газель”, кіроўца якой у свой працоўны час не меў ніякіх дакументаў на абслугоўванне пікета. Не было дакументаў і ў старшыні прафсаюзнай арганізацыі, які ўзначаліў пікет. У парушэнне арт. 77 сам Занько ў гэты час знаходзіўся на працы.

Паводле адказу з камісіі, машыны медуніверсітэту, якую на пікеце нават сфатаграфавала Таццяна Севярынец, там не было. “А прафлідар быў у адгулах – нам паказалі яго заяву на адгул, ці не заднім чыслом напісаную? Занько ў адпачынку, мала чаго на працу пайшоў! Ён доктар, магчыма, некаму дрэнна стала. Так што сядзіце, Таццяна Яўгенаўна, і маўчыце”, – пракаментавала адказ з камісіі прамоўца БХД.

Між тым 3 верасня Таццяна Севярынец падала новую скаргу ў абласную выбарчую камісію на апанента: адміністрацыя Першамайскага раёна вызначыла 5 месцаў у акрузе для сустрэч з выбаршчыкамі. Паводле графіка сустрэч Занько, надрукаванага на сайце гарвыканкаму, пачынаюцца яны 5 верасня. Але свае сустрэчы ён праводзіць калі заўгодна і дзе заўгодна. Так, яны ўжо праходзілі ў інтэрнатах па адрасе вуліца Броўкі 19 і 21, пра што ёсць аўдыёзапіс з паведамленнем каменданткі гэтых інтэрнатаў. 5 верасня скарга будзе пададзеная і ў пракуратуру Віцебска.

Болей навін