Сейсмічная зона - Віцебск

23.09.2016, 13:10  |  Блогі » Блог Таццяны Севярынец

Час ад часу жыхароў старажытнага Віцебска трасе: то ўлады абвесцяць аб зносе былой капліцы ў Батанічным садзе, то супраць пратэстаў жыхароў усталююць помнік Аляксандру Неўскаму на плошчы 1000-годзя, то даюць дазвол зруйнаваць частку найпрыгажэйшага парку Партызанскай славы пад будаўніцтва аналага Полацкай Сафіі…

Справа парк агінае вуліцу Чэхава, на якой захаваліся пара-тройка будынкаў 19-га стагоддзя - гістарычныя каштоўнасці, злева - на вуліцу Урыцкага выбягае вуліца Суворава, найбольш цікавая для турыстаў.

Паркавая зона сыходзіць па беразе Слізкага ручая і ручая Сутокі да Дзвіны, адкуль адкрываецца шыкоўная панарама на Задзвінне. Цэнтральная частка Віцебска ў абдымках Дзвіны з трох бакоў. Унікальнае відовішча! Гэты ансамбль - улюбёнае віцебчукамі месца для адпачынку. У самім парку Партызанскай славы - музей Бацькі Міная, легендарнага партызанскага камандзіра, героя Савецкага Саюзу. Музей размешчыны ў былым прытулку для адстаўных чыноўнікаў, будынак з’яўляецца таксама гістарычнай каштоўнасцю. У дворыку - цікавая панарама старонак партызанскага жыцця.

Абвестка пра будаўніцтва ў парку сабора Сафіі ўскалыхнула жыхароў Віцебска. Шкада ім парку, непаўторнага яго каларыту, дрэў, што шатром сыходзяцца над алеямі. У абарону падняўся нават камітэт аховы гістарычнай спадчыны, пад петыцыяй у адрас гарвыканкаму падпісаліся больш за 5000 чалавек, камітэт аховы прыроды двойчы адмаўляў праваслаўнай епархіі ў пабудове тут сабору.

І тут нешта здарылася. У парку пачалі ўсталёўваць агароджу пад будаўніцтва. Моўчкі, хутка. Інтэрнэт закіпеў заклікамі спыніць, праклёнамі ў адрас праваслаўнага духавенства. Людзі абураліся, што гарадскім уладам глыбока абыякавы іх меркаванні, подпісы, прапановы.

Пайсці ж па кабінетах ахвотных было мала - 4 чалавекі. Дый пажаданні былі розныя: хто не супраць сабору, а шкадуе толькі дрэвы, хто занепакоены знішчэннем увогуле ўсяго ансамблю парка, хто за тое, каб сабор пабудаваць у іншым месцы, якіх у Віцебску хапае.

З пытаннямі, каб удакладніць іх, выправіліся ў гарадскі аддзел архітэктуры. Нас ветліва сустрэў намеснік галоўнага архітэктара Віцебска Леанід Міхайлавіч Багданаў, паказаў мапу генеральнага плану забудовы абласнога цэнтру, распавёў, што ідэі пабудаваць сабор менавіта ў парку ўжо 5 гадоў. Распрацаваны праект, прызначаны прыход і яго святар. Сабор двух узроўняў, вельмі амбітны: пад зямлёй – канферэнц-заля, гатэльчык для духавенства, кухні, канцылярыя. Над зямлёй - алтар, хоры і г.д. 500 дрэў, што спатрэбіцца знішчыць, будуць пасаджаны ў іншых месцах…

Машына закруцілася… На пытанні, а як так, гэта ж гістарычная зона, дзе, па законе, нельга нічога будаваць, а толькі рэстаўраваць, сп. Багданаў развёў рукамі і патлумачыў, што рашэнне аб будаўніцтве такіх аб’ектаў прымаецца прэзідэнтам… А што яму Віцебск старажытны? Што яму тысячы подпісаў?

Вунь сённяшні кіраўнік яго адміністрацыі Аляксандр Косінец, былы губернатар Віцебскай вобласці, знішчыў унікальную плошчу Перамогі, закаваў яе ў цэглу, панатыркаў гукавых рэкламных шчытоў, высяліў утульны музей прыватных калекцый пад уласную сядзібу – і нічога, уцёрліся віцебляне!

Мапа генеральнага плану Віцебска пры далейшым яе разглядзе ўвяла ў ступар: аказваецца, парку Партызанскай славы пагражае яшчэ адна “геніяльная” задумка: ён будзе зрэзаны і ўздоўж, каб з’яднаць вуліцу Гагарына з Чэхава і вывесці да запланаванага Паўночнага мосту праз Дзвіну нібыта абводную дарогу. Музей бацькі Міная будзе перанесены разам з ансамблям, а помніка Уладзіміру Караткевічу, што зараз знаходзіцца на перакрыжаванні вуліц Суворава і Чэхава, месца збору і пакланення віцебскіх дэмакратаў, увогуле не будзе. На пытанне пра помнік сп. Багданаў таксама развёў рукамі: “Ну, недзе паставім”, - торкнуў рукой у мапу.

Няшчасны Віцебск са сваёй больш чым тысячагадовай гісторыяй! Што застаецца тут ад яе? Вуліцы, названыя ў гонар крыважэраў- бальшавікоў? (Была ў нас спроба аднавіць старую назву вуліц Камуністычнай і Урыцкага ў Малую і Вяліку Багаслоўскую, ды дзе там!..) Адна вулачка, ды й тая Суворава? Пара-тройка дамкоў з заржавелымі шыльдамі “гістарычная каштоўнасць”, што развальваюцца на вачах?

Па-над усім пануе абыякавасць, амбіцыі гаспадароў, праклятых людзьмі. Сейсмічная зона, небяспечная разбурэннем гістарычнай памяці, духоўнага багацця, твару Віцебска і гонару жыхароў.

Таццяна Севярынец


Сейсмічная зона - Віцебск
Сейсмічная зона - Віцебск
Сейсмічная зона - Віцебск
Сейсмічная зона - Віцебск
Сейсмічная зона - Віцебск
Сейсмічная зона - Віцебск
Сейсмічная зона - Віцебск
Сейсмічная зона - Віцебск
Сейсмічная зона - Віцебск
Сейсмічная зона - Віцебск
Сейсмічная зона - Віцебск

Навіны па тэме