Рэзалюцыя з’езду МХД: “Аб беларускамоўнай адукацыі на ўсіх узроўнях навучання”

03.12.2016, 16:18  |  Навіны » Палітыка

Рэзалюцыя з’езду МХД: “Аб беларускамоўнай адукацыі на ўсіх узроўнях навучання”
Маладыя Хрысціянскія Дэмакраты заяўляюць, што важнае месца ў сучасным беларускім грамадстве павінна займаць адукацыя на беларускай мове. Менавіта беларускамоўная адукацыя мусіць стаць тым сродкам, які будзе спрыяць нацыянальна-культурнаму адраджэнню і дазволіць пераадолець нацыянальны нігілізм, які культывуецца ў Беларусі на працягу ўжо больш, чым двух стагоддзяў.

У адпаведнасці з артыкулам 50 Канстытуцыі дзяржава гарантуе выбар мовы выхавання і навучання, а згодна з артыкулам 90 Кодэкса Рэспублікі Беларусь «Аб адукацыі» дзяржава павінна ствараць ўмовы для рэалізацыі гэтага права. Аднак на практыцы гэтае канстытуцыйнае права грамадзян Беларусі парушаецца. Гэта відавочна па вельмі малой колькасці беларускамоўных груп у дзіцячых садках, школ і класаў, груп у вышэйшых установах адукацыі.

Мы, Маладыя Хрысціянскія Дэмакраты, занепакоеныя станам беларускай мовы, яе адсутнасцю ў галіне адукацыі і патрабуем:

• забеспячэння рэальнага раўнапраўя моў у сістэме адукацыі, у тым ліку, ва ўсіх вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах, на ўсіх факультэтах і спецыялізацыях павінны быць створаны беларускамоўныя плыні (групы);

• пры пастаноўцы дзіцяці на ўлік у дзіцячы садок, а таксама пры напісанні бацькамі заявы на прыём дзіцяці ў школу, дзіцячы садок ці іншую установу адукацыі пісьмова прапаноўваць у форме заявы выбар мовы навучання;

• стварэння і наяўнасці ў кожным дзіцячым садку і школе беларускамоўных груп і класаў;

• арганізацыі на базе мясцовых устаноў адукацыі і культуры (у тым ліку сярэдніх школ) магчымасці бясплатнага вывучэння беларускай мовы для дарослых.

Мы захаваем беларускую мову толькі тады, калі нашы дзеці будуць яе вывучаць і размаўляць на ёй.

Навіны па тэме