Куды сплываюць грошы з Віцебскага абласнога бюджэту?

04.02.2017, 14:21  |  Блог Таццяны Севярынец, Грамадства

Куды сплываюць грошы з Віцебскага абласнога бюджэту?
Тэндары на закуп куханькі для Віцебскага аблвыканкама за 1200 даляраў, 15000 даляраў на рамонт двухгадовага аўтобуса, 5000 даляраў на абслугоўванне кандыцыянераў і вентыляцыі аблвыканкама, 50000 даляраў на навагоднюю ялінку – гэта тыя лічбы, што трапіліся на вочы за апошнія два месяцы жыцця абласнога цэнтру. Апошняя інфармацыя пра намеры пабудаваць у Віцебску Палац шлюбаў, на які спатрэбіцца ў разы большыя сумы за 71200 даляраў ужо названых. Ды каб стаяў ён побач з сумнеўным помнікам Аляксандру Неўскаму, які чамусьці ў Віцебску сімвалізуе сям’ю.

А між тым у Віцебску катастрафічна не хапае паліклінік. Паліклінічны комплекс у Білеве ўвогуле знік з гарадскіх планаў. Адкрытая месяц таму тут амбулаторыя пасля двухгадовага змагання за комплекс ініцыятывы БХД “За якасную медыцыну для ўсіх” не вырашае ўсіх праблем медыцынскага абслугоўвання 40-тысячнага насельніцтва мікрараёна; не будуецца паліклініка ў мікрараёне Поўдзень-7А, стаіць гінекалагічны корпус на Хмяльніцкага, у жахлівым стане 2-і корпус абласной інфекцыйнай бальніцы, не скончаны рамонт паліклінікі на Маркаўшчыне. А дзіцячы садок у Білева-2? Школа на 1020 вучняў там жа?

Апошнія аб’екты ўключаныя ў план на 3-і і 4-ы кварталы бягучага году, роўненька, як і год таму, але ў 2016-м там і конь не валяўся, а ўмоўная кансервацыя не ратуе 1,5 паверха пачатага дзіцячага садку з чырвонай цэглы, асаблівасць якой - рушыцца пасля першага ж дажджу, калі будынак не падведзены пад дах.

Не раз гучалі ў кабінетах нашыя пытанні, куды ж падзеліся грошы, запланаваныя на пералічаныя аб’екты. Інфляцыя, крызіс, падзенне рубля, дэфолты - прычыны, на якія спасылаюцца віцебскія чыноўнікі.

Не, сваволіце, спадарства, мякка кажучы! За грошы падаткаплацельшчыкаў, якія вы нахабна выграбаеце з кішэняў так званых дармаедаў, прадпрымальнікаў, якіх вы бязглузда спустошылі, за сваю беспакараную “працу” на сваю карысць прыйдзецца адказваць! І хутка!

Таццяна Севярынец

Навіны па тэме