Праграма БХД. Свабода слова

03.03.2017, 14:30  |  Навіны » Палітыка

Праграма БХД. Свабода слова
3.3. Свабода слова і інфармацыі. Сродкі масавай інфармацыі

3.3.1. БХД разглядае свабоду слова як адну з асноўных дэмакратычных свабод, без якой немагчыма існаванне дэмакратычнай дзяржавы. У грамадстве маюць права агучвацца самыя разнастайныя ідэі і погляды, калі яны не з’яўляюцца злачыннымі. БХД лічыць неабходным свабоднае асвячэнне дзейнасці дзяржаўных органаў, палітыкаў, чыноўнікаў, калі гэта не парушае дзяржаўныя сакрэты. Свабоднае асвятленне дзейнасці дзяржаўных органаў мусіць ажыццяўляцца на падставе прынцыпу свабоды інфармацыі, што патрабуе спецыяльнага закона. БХД будзе дамагацца прыняцця адпаведнага закона, згодна з якім усе палітычныя партыі, грамадскія аб’яднанні, СМІ і любы грамадзянін могуць атрымаць поўны доступ да інфармацыі пра дзейнасць дзяржаўных органаў.

3.3.2. Свабода інфармацыі будзе з’яўляцца інструментам рэалізацыі грамадскага кантролю над дзяржаўнымі органамі, барацьбой з карупцыяй і злоўжываннямі ўладай. У тых выпадках, калі закон "Аб свабодзе інфармацыі” не будзе распаўсюджвацца на дзяржаўныя сакрэты, але гэтая інфармацыя звязана з расследаваннем злачынстваў, то пры наяўнасці абгрунтаваных падстаў да яе можна будзе атрымаць доступ па рашэнні суда.

3.3.3. БХД таксама выступае за свабоднае асвятленне дзейнасці прыватных прадпрыемстваў і асоб, калі гэта дзейнасць мае грамадскае значэнне. Пры гэтым не павінна парушацца камерцыйная таямніца, патэнтнае заканадаўства або права на недатыкальнасць і таямніцу прыватнага жыцця. Выключэнні могуць складаць толькі сітуацыі, звязаныя з захаваннем жыцця, бяспекі і здароўя людзей. Любое парушэнне таямніцы прыватнага жыцця, калі гэта не звязана з расследаваннем злачынстваў, павінна карацца паводле закону. Грамадства і кожны персанальна чалавек мае права доступу да любой грамадска значнай інфармацыі. Дзеля гэтага мусяць свабодна існаваць і працаваць у роўных умовах самыя разнастайныя сродкі масавай інфармацыі. Свабодныя і незалежныя СМІ з’яўляюцца неабходнай умовай для добрага грамадскага абмеркавання.

З праграмы БХД "Народная партыя з хрысціянскім сэрцам", прынятай 13 чэрвеня 2015 года

Навіны па тэме